«Вы разумееце, што гэта вайна?» Як на гарадзенскіх прадпрыемствах праваліўся збор подпісаў супраць санкцыяў

Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі збірае подпісы пад скаргай у Міжнародную арганізацыю працы. У дакуменце выказваецца нязгода з увядзеннем ЕЗ эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі.

Мэта – сабраць 1 мільён подпісаў, і для гэтага задзеяны ўвесь адміністрацыйны рэсурс: з розных прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў прыходзіць інфармацыя пра тое, што рабочых, лекараў і настаўнікаў прымушаюць падпісваць скаргу. Іначай – звальненне ці пазбаўленне прэміі.

«Белсат» даведаўся, якая сітуацыя гарадзенскіх прадпрыемствах.

Рабочыя ААТ «Гродна Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г. Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Падумайце пра сябе і сваіх блізкіх»

3 лютага на прадпрыемстве «Горадня Азот» пачалі змушаць работнікаў падпісаць ліст праўладнага прафсаюзу супраць санкцыяў ЕЗ. Крыніцы «Белсату» распавядаюць, што працаўнікам пагражаюць праблемамі, пазбаўленнем прэміі ды пуцёвак. Пакуль толькі на словах. Але многія ўсё роўна адмаўляюцца ставіць свой подпіс.

«У цэхах усё залежыць ад начальніка. Некаторыя проста кажуць: мне далі загад, але прымушаць я нікога не буду. А ў адным цэху начальнік прыйшоў і сказаў: калі хочаце працаваць – падпісвайце», – распавядае рабочы з «Азоту».

У адным з цэхаў, напрыклад, з 89 чалавек падпісаліся 15, у большым, электрацэху, дзе працуюць звыш 500 чалавек, ліст падпісалі таксама толькі 15 чалавек, і тое – адное начальства.

Пакуль праўладны прафзвяз збірае подпісы супраць санкцыяў, першасныя арганізацыі незалежных прафзвязаў на дзяржаўных прадпрыемствах выступілі з заявамі пра нелегітымнасць Усебеларускага народнага сходу. Сярод іх – «Горадня Азот», «Нафтан», МАЗ, БелАЗ, МТЗ, МЗКЦ, МЭТЗ, ММЗ.

Незалежныя прафзвязы заяўляюць, што дэлегаты, якіх абралі дэпутаты, а не народ, не прэзентуюць інтарэсаў працоўных. Таму ўсе пастановы, вынесеныя на УНС ад іхнага імя, не будуць легітымнымі.

Пад лістом аб непрызнанні УНС за сціслы час падпісалася больш за 1350 азотаўцаў. Пад лістом жа праўладнага прафсаюзу ўсяго толькі 165 подпісаў.

«Паглядзеў штатны расклад і ведаю, колькі ў нас лішніх людзей»

Новы дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка вырашыў у гэтай сітуацыі ўзмацніць ціск.

Працаўнікі гарадзенскага «Азоту» даслалі нам аўдыязапіс з сустрэчы дырэктара са сваймі падначаленымі. Ён спрабуе пераканаць работнікаў падпісаць ліст праўладнага прафсаюзу, цытуючы Біблію і пагражаючы звальненнямі.

Адна з работніц прадпрыемства запытала, ці сапраўды тых, хто не падпіша гэты ліст, звольняць.

«Гэта мая асабістая пазіцыя. У нас наперадзе сур’ёзная барацьба. Адкрываю вам сакрэт. Я паглядзеў штатны расклад і ведаю, колькі ў нас лішніх людзей. Я вам нагадаю словамі з Бібліі, калі Ісус хлеб ламаў, ён кашы маннай не раздаваў чужым войскам, а дзяліўся толькі з тымі, хто быў з ім. Я зраблю дакладна гэтак жа. Маё сумленне чыстае», – адказаў дырэктар.

Ён адзначыў, што прадпрыемства не зарабляе, ледзь хапае сродкаў абслужыць тыя крэдыты, што ёсць сёння. Ужо нават не засталося маёмасці, усё закладзенае пад крэдыты.

«Я хлеб дам толькі вернікам, з чыстай душой, людзям разважным. У блакадным Ленінградзе хавалі сваю армію і крыху жыхароў. Што, хтосьці немцам штосьці перадаваў? Гэта маё чалавечае хрысціянскае права. Я буду ім карыстацца. Я прапаноўваю тым, хто не хоча, каб быў мір і парадак у нашай дзяржаве, пакінуць гэтае прадпрыемства», – сказаў Ляшэнка.

Рабочыя здзіўлена адзначылі, што ніхто і так не ваюе, супраць міра і спакою ніхто не выступае.

«Вы разумееце, што санкцыі – гэта вайна? Вас адурылі дурманам пад назвай санкцыі, нібыта яны дапамогуць. Калі вы хочаце лішняга чальца сям’і выгнаць з дому, то для гэтага нібыта трэба падвальваць дом. А вы практычна хочаце падпаліць дом. Ужо падпалілі. Бо я бачу ўхмылкі тых, хто з намі размаўляе, заходнія банкіры паўнавартасна з намі працаваць больш не будуць», – адказаў на гэта дырэктар.

Са словаў Ляшэнкі, калі заўтра ўвядуць санкцыі, сыравіну прыйдзецца набываць і пасля прадаваць праз пасярэднікаў. І так яны паскораць «працэс пагружэння прадпрыемства ў бездань».

«Я матэматык-эканаміст. Гатовы не эмоцыямі разважаць, я чакаю, калі нехта з апазіцыі сядзе са мной і раскладзе матэматычную мадэль, з чаго нам ад гэтых дэструктыўных метадаў стане лепш», – сказаў Ляшэнка.

Ён параіў усім добра падумаць над сваім рашэннем і даў зразумець, што гатовы звальняць.

«Можаце са мной нават не вітацца, гэта ваша асабістая справа. Проста падумайце пра сябе і сваіх блізкіх», – падсумаваў дырэктар.

Хто такі Ігар Ляшэнка?

Ігар Ляшэнка прыступіў да выканання абавязкаў генеральнага дырэктара ААТ «Горадня Азот» 30 студзеня. Такое прызначэнне Лукашэнка зрабіў у першую чаргу для барацьбы са страйкоўцамі прадпрыемства, дзе адзначаецца адна з самых высокіх пратэставых актыўнасцяў.

«Мы шмат казалі пра тое, што ніякіх хістанняў на гэтым прадпрыемстве быць не можа, таму што не дай бог што здарыцца – зараза накрые ўсю Горадню. Таму там павінна быць строгая дысцыпліна. Не толькі тэхналагічная, але і ў арганізацыйным плане. Вазьміцеся за гэта», – сказаў Лукашэнка новаму гендырэктару.

Акрамя гэтага, ён даў Ляшэнку ўсе паўнамоцтвы, каб навесці на прадпрыемстве парадак.

«Шчыра скажу: літаваць і шкадаваць кагосьці за парушэнне дысцыпліны там не дазволена. Не дай бог нешта здарыцца – страцім тысячы людзей, ні ў чым не вінаватых. Таму навядзіце парадак там», – дадаў Лукашэнка.

Ігар Ляшэнка нарадзіўся 5 лістапада 1974 года ў горадзе Ачамчыра Абхазскай АССР. У 1996 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт.

3 сакавіка 2020 года Лукашэнка сваім указам вызваліў Ігара Ляшэнку ад пасады віцэ-прэм’ера «ў сувязі з пераходам на іншую працу». У траўні Ляшэнка ўзначаліў прадстаўніцтва «Гомельтранснафты Дружба» ў Менску.

Ляшэнка стаў віцэ-прэмʼерам 18 жніўня 2018 года і курыраваў нафтахімічны комплекс і прамысловасць. Да гэтага ён 4 гады ўзначальваў канцэрн «Белнафтахім». З 2006 да 2013 года быў дырэктарам Гомельскага хімічнага заводу. Потым стаў першым намеснікам старшыні «Белнафтахіму».

З раніцы 14 жніўня работнікі розных прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі выйшлі на акцыі салідарнасці. Людзі патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Аб страйку заявілі працаўнікі БелАЗа, МАЗа, МТЗ, супрацоўнікі прадпрыемстваў «Белмедпрэпараты» і «Белкард», гарадзенскіх заводаў «Терразит» і «Гродна-Азот» і іншых. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Якая сітуацыя на «Горадняэнерга»?

Запалохваюць не толькі рабочых, але кіраўнікоў прадпрыемстваў. На мінулым тыдні ў сеціва трапіў запіс маналогу генеральнага дырэктара «Горадняэнерга» Віктара Жука, які звяртаецца да сваіх намеснікаў і дырэктараў філіялаў Гарадзенскай вобласці пасля таго, як праваліўся збор подпісаў пад лістом афіцыйных прафсаюзаў.

На «Горадняэнерга» працуюць 6000 чалавек. Па словах чыноўніка, як мінімум 50 % працаўнікоў мусяць падпісаць ліст. А пакуль што гэта зрабілі толькі 17,6 %.

Напрыклад, на АУП «Горадняэнерга» з 206 работнікаў падпісаліся толькі 50 чалавек, у «Энергабудрамонце» ліст падпісалі 19 чалавек з 292, у ПСДТУ – 5 чалавек з 254, а на ЦЭЦ-2 – 6 чалавек з 567, а на Лідскіх і Ваўкавыскіх электрасетках наогул ніякай інфармацыі пра падпісантаў.

«Гэта што за такі падыход, дзяржаўнікі вы мае? Як вы працуеце з першаснымі прафсаюзамі? Яны застаюцца ў штаце філіялаў, вы для іх – наймальнікі. Папрасіў, звярнуў увагу, і вось якое выкананне, вось такая дысцыпліна ў нас на «Горадняэнерга», – абураецца дырэктар.

Ён усклаў усю адказнасць за выпраўленне сітуацыі на дырэктараў філіяў.

«На двух крэслах мы не ўсядзім, калі нехта яшчэ не зразумеў. І апошнімі ў гэтым пытанні мы не будзем. А сёння энергетыкі апошнія… Усё ў палітыку гуляем нейкую: таго не хачу, гэтага не хачу. Прыйшлі на прадпрыемства – павінны працаваць і быць адзінай камандай. Што здарылася цяпер? Амбіцыі лішнія? Прыбірайце», – падкрэсліў дырэктар.

Ён выказаў здзіўленне паводзінамі персаналу, які не хоча падпісваць ліст.

«Калі так далей пойдзе, у хуткай будучыні перастанеце наогул персаналам кіраваць. Да анархіі хочам прыйсці? Прыйдзем. А то ўсё выказваеце дэмакратычнае пачатак», – сварыцца дырэктар і заклікае ідэолагаў і ўсіх падначаленых задумацца над тым, чаму так атрымалася.

Нашыя крыніцы на «Горадняэнерга» распавялі, што працаўнікі адмаўляюцца падпісваць ліст супраць санкцыяў, бо гэта – палітычная справа, і прафсаюз прадпрыемства не павінен ёй займацца, тым больш угаворваць работнікаў падпісваць. Работнікі адчуваюць сваю рацыю і трымаюцца яе.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Hавiны