«Усе думалі, што гэта апошняя ноч». Каця. Гісторыя № 2 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мужа Каці (імя змененае) закінулі ў аўтазак і там жа пачалі збіваць. Пад крыкі каханага чалавека Кацю акружылі некалькі амапаўцаў і пачалі яе проста абражаць, робячы выгляд, што вось-вось наскочаць на дзяўчыну. Адзін з сілавікоў сарваў з ейнай рукі белы бранзалет – сімвал прыхільнікаў кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай – і загадаў яго з’есці. Каця ўспамінае, што проста не разумела, што адбываецца. За адмову есці бранзалет амапавец ударыў яе па руках. На шчасце для дзяўчыны, у гэты момант яны пераключылі ўвагу на новую ахвяру. Затрыманых павезлі на Акрэсціна.

Дваццаць тры, а затым і трыццаць шэсць чалавек у камеры на чатыры ложкі. Адзіная палёгка – гэтак званая «кармушка», акенца ў дзвярах камеры, праз якое падаюць ежу. Ежы, як і вады, на працягу трох дзён затрыманым не давалі. Затое кармушка дазваляла не задыхнуцца. Калі яе не зачынялі.

Акенца зачынялі найчасцей уначы, калі ў калідор выцягвалі мужчынаў з суседніх камераў і пачыналі збіваць. Шмат каго затрымалі разам з блізкімі, і жанчыны з жахам услухоўваліся ў крыкі за закрытай кармушкай. У камеры была параненая гумавай куляй жанчына. Задыхаючыся, сукамерніцы прасілі доктара хаця б адкрыць акно.

«Немагчыма было гаварыць, бо не было кіслароду. Немагчыма было плакаць, бо не было кіслароду. Я падумала, што гэта самая дурная смерць, што можа адбыцца», – згадвае Каця.

У адказ на просьбы дзверы камеры адкрываліся двойчы. Толькі дзеля таго, каб выліць на жанчын вядро вады. І без таго мокрыя ад дыхання дзясяткаў людзей сцены маленькага памяшкання пачыналі «плакаць».

«Усе згадвалі пра вайну, калі людзей заводзілі ў газавыя камеры, – гэта было вельмі падобна», – кажа Каця. Апошнюю ноч усе рыхтаваліся да смерці.

Малюнак Каці. Фота: Белсат

На трэці дзень іх чакаў фармальны суд і перавод у Жодзіна. Каця атрымала 10 содняў арышту. Суддзя нават не сказала, у чым яе абвінавачваюць. Чакаючы пагрузкі ў аўтазак, які вывезе іх са двара на Акрэсціна, дзяўчына ўпершыню расплакалася. Побач на каленях стаялі дзясяткі збітых мужчынаў. Некаторыя не маглі самі падняцца. Каця не ведала, што ейнага мужа вызвалілі раней, і са страхам глядзела ў збітыя твары. У аўтазаку дзяўчат суправаджалі трое сілавікоў. Двое сядзелі ў тэлефонах, гарталі Тындэр. Трэці, старэйшы, цалкам сурʼёзна распавядаў вывезеным з Акрэсціна пра тое, што людзей ніхто не збіваў.

Пасля вызвалення большасць сукамерніц змаглі скантактавацца ў Тэлеграме. У агульным чаце дзяўчаты падтрымліваюць адна адну. Яны прыйшлі да высновы, што паліваў іх вадою сам начальнік ЦІП на Акрэсціна Яўген Шапецька.

Малюнак Каці. Фота: Белсат

Адміністрацыя Жодзінскага СІЗА не ведала, што рабіць са зняволенымі без дакументаў, распавядае Каця. На руках яна мела толькі даведку аб знаходжанні ў Акрэсціна. Адна з супрацоўніц узяла пад апеку нашую гераіню і яшчэ адну дзяўчыну ў той жа сітуацыі. Праз некалькі гадзінаў хаджэння па кабінетах іх вызвалілі. Каці пашанцавала – пад сценамі следчага ізалятару яе чакаў муж. Ён знайшоў жонку ў базе праваабарончага цэнтру «Вясна». Там яго папярэдзілі, што людзей пачалі вызваляць.

Да змены ўлады сямʼя не збіраецца вяртацца на радзіму.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Hавiны