«Такія дзеянні не павінны карацца ні ў адной краіне свету». «Белсат» патрабуе вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову


Напярэдадні пачатку судовага паседжання ў справе затрыманых журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай Беларуская асацыяцыя журналістаў зладзіла прэс-канферэнцыю. Заяву «Белсату» на ёй агучыў намеснік дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі.

«Лічым зняволенне нашых журналістак незаконным. Нашыя рэпарцёркі выконвалі сваю працу – рыхтавалі матэрыялы для тэлеканалу «Белсат». Падчас працы яны добрасумленна і старанна выконвалі ўсе журналісцкія абавязкі. Абвінавачанні на адрас абедзвюх журналістак абсурдныя.

Яны не кіравалі «групавымі дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак», не арганізоўвалі і не рыхтавалі «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Іх затрымалі 15 лістапада, калі яны асвятлялі жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі на месцы затрымання актывіста Рамана Бандарэнкі – чалавека, які зрабіў заўвагу невядомым у цывільным, каб яны не зрывалі беларускай сімволікі. У выніку збіцця ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр у шпіталі.

Журналісткі вялі рэпартаж пра тое, чаму жыхары Беларусі абураныя смерцю Рамана Бандарэнкі. У гэтым заключаецца журналісцкая праца, і такія дзеянні не павінны карацца ні ў адной краіне свету. Таму мы патрабуем неадкладнага вызвалення журналістак і зняцця ілжывых абвінавачанняў».

 

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Hавiны
Адкрыты ліст Ігара Ільяша да следчых
2021.01.20 09:08

Суд над дзяўчатамі прызначылі на 9 лютага. Справу будзе разглядаць суд Фрунзенскага раёну Менску. Суддзя – Наталля Бугук.

Hавiны
Кацярына Андрэева: «Мая справа з пачатку і да канца сфабрыкаваная, прычым вельмі няўмела»
2021.02.05 14:15

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў