Суд над журналісткаю TUT.by Кацярынаю Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага


Судзіць журналістку Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна пачнуць 19 лютага а 10:00 у Доме правасуддзя.

Разгледзіць справу суд Маскоўскага раёну Менску, паведамляе TUT.by. Журналістку і доктара вінавацяць у раскрыцці медычнай таямніцы.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 года. Ёй і доктару БХМД Арцёму Сарокіну выставілі абвінавачанне ў раскрыцці медычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 178 КК РБ).

Нагодаю стаў апублікаваны артыкул пра тое, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не выявілі алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй СК і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін цяпер у СІЗА № 1 Менску. Пры гэтым сваякі Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзіяў не маюць.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення, беларускія праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязнямі.

– Мы настойваем, што журналіст не можа несці крымінальнай адказнасці за прафесійнае выкананне свайго абавязку. Усю адказнасць у частцы недаверу грамадзянаў да кампетэнтных службаў павінны несці тыя асобы, якія дазволілі сабе апублікаваць непацверджаную інфармацыю (і ў далейшым яе не зняпраўдзілі), а не тыя, хто, кіруючыся журналісцкім абавязкам, яе зняпраўдзіў, – кажа адвакат журналісткі Андрэй Мачалаў. – Таксама бок абароны абураны пазіцыяй Генеральнай пракуратуры, а менавіта адмоваю распачаць крымінальную справу па факце гвалтоўнай смерці Рамана Бандарэнкі пры наяўнасці відавочных доказаў.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў