Мастаку Аляксандру Нурдзінаву прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за пратэсты 9–10 жніўня


Суд Ленінскага раёну Менску 5 лютага агучыў вырак 29-гадоваму мастаку Аляксандру Нурдзінаву. Менчука пакаралі чатырма гадамі зняволення ў калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Аляксандра Нурдзінава вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 293 («Масавыя закалоты») Крымінальнага кодэксу. Паводле версіі абвінавачання, падчас пратэставых акцыяў 9–10 жніўня ён блакаваў дарогі, узводзіў барыкады і «кідаў расліннасць з кветнікаў у працаўнікоў органаў унутраных справаў».

Аляксандр Нурдзінаў у судзе.
Фота: TUT.BY

Мастак патлумачыў, што 9 жніўня выйшаў па фарбы і ўбачыў гвалтоўныя дзеянні сілавікоў, што і справакавала яго на далейшы ўдзел. Нурдзінаў сцвярджаў, што дарога была перакрытая з чатырох бакоў, машынаў не было цягам 10–15 хвілінаў.

«Я ў той момант думаў, што мне далей рабіць. Схавацца ў кусты і рабіць выгляд, што я тыпу нічога не бачыў, і ісці з гэтым далей па жыцці? А вы ведаеце, як гэта – прачынацца паўгода і чуць гэты гук, верагодна, выбух? Вы ведаеце?! Вы не ведаеце! А я ведаю! Асабліва ў першы час проста не спіш. Мяне вяла душа. Хочаце верце, а хочаце не. Чатыры гады я адсяджу – выйду з паднятымі рукамі, з паднятаю галавой і з чыстаю душой».

10 жніўня Нурдзінаў назіраў за пратэстамі каля ўніверсаму «Рыга». Ён хацеў на ўласныя вочы ўбачыць карціну падзеяў.

«Я пайшоў сам для сябе вывучыць. Навошта мне слухаць іншага, калі я сам магу ўбачыць. І да поўначы ні адзін чалавек не кінуў каменя, проста ішло будаўніцтва барыкадаў. І я пад дрэвам там побач назіраў з 11-й да 12-й уначы. Потым я проста перайшоў дарогу на другі бок, пакуль пераходзіў – зрабіў гэтую халерную фатаграфію, якую вы мне выстаўляеце цяпер. Гэта адна секунда, адна секунда… Давайце палічым: дзве хвіліны на дарозе і адна секунда – фатаграфія. Вы мне цяпер вешаеце пазоў на 36 тысячаў?! Гэта хіба не крадзеж? Гэта супраць мяне цяпер закон парушаецца. І ўсе доказы ёсць», – сказаў Нурдзінаў у сваім апошнім слове.

Віну паводле артыкулу 293 Аляксандр не прызнаў. З віною паводле 342-га пагадзіўся часткова: кідаў расліны, але не блакаваў руху транспарту і не здзяйсняў іншых дзеянняў, што яму інкрымінуюцца.

Пракурор Святаслаў Вялікі запатрабаваў для Аляксандра Нурдзінава 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Таццяна Шоцік яго падтрымала. Акрамя таго, «Менсктранс» выставіў пазоў за блакаванне руху грамадскага транспарту – 28 тысячаў рублёў. Яго будуць разглядаць у грамадзянскім судзе.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў