Лукашэнка ўмее бегчы паміж кроплямі дажджу, а Крэмль хоча перамогі


Беларусь і праблемы Лукашэнкі патрэбныя расейскім уладам, каб адцягнуць расейскае грамадства ад таго, што адбываецца ў Расеі. Так лічыць прафесарка і экспертка Польскага інстытуту міжнародных справаў Агнешка Легуцка, з якой Аліна Коўшык запісала інтэрв’ю ў праграме «ПраСвет».

З’явілася інфармацыя, што, магчыма, рыхтуюць новую дарожную мапу аб увядзенні адзінай валюты Расеі і Беларусі. Гэта негатыўна ўспрыняло беларускае грамадства. Усё праводзіцца ў строгай таямніцы. То бок мы зноў вяртаемся да старой катрынкі – інтэграцыі. Ці адпаведны цяпер момант, каб Крэмль ціснуў на Лукашэнку? Навошта ён цісне? Якія інтарэсы Крамля ў Беларусі?

Калі казаць з перспектывы Варшавы, мне здаецца, што Крэмль хоча палітычнай перамогі. На фоне таго, што адбываецца ў Расеі вакол Навальнага, пратэстаў і рэпрэсіўнага стаўлення ўлады да грамадства, цяпер там драматычная сітуацыя. Яны імкнуцца навязаць паспяховую гісторыю. Значыць, Беларусь будзе элементам, які мае адцягнуць расейскае грамадства ад таго, што адбываецца ў Расеі. Мы ведаем з расейскай палітыкі: яны выдатна разумеюць, што адбываецца, але нічога людзям аб праблемах не кажуць. Менавіта праблемы Беларусі ды Лукашэнкі мы будзем бачыць, і прэсінг з боку Пуціна. Яны ўвесь час імкнуцца прымусіць Лукашэнку, каб ён пачаў працаваць над новаю Канстытуцыяй.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

Лукашэнка ў пытанні новай Канстытуцыі не моцна паддаецца. Ён там увесь час круціць. На наступным тыдні будзе Усебеларускі народны сход. Вакол яго разраслася ўжо куча здагадак, што насамрэч на ім будзе. Пакуль мы дакладна не ведаем. Тым не менш сам Лукашэнка быў супраць агульнай валюты, раней ён выказаўся пра гэта. Ці азначае гэта, што Лукашэнка паціху здае свае пазіцыі адносна Масквы? Наколькі ён залежны цяпер ад Крамля?

Калі мы гаворым пра энергетычныя сувязі, эканамічныя і палітычныя, то ён у большай ступені залежыць. Назіраючы за Лукашэнкам і Пуціным, я бачу, што яны капіююць ад сябе гэтыя рэпрэсіі. У іх ужо няма легітымнасці ў грамадстве. Лукашэнка не такі ўжо слабы для Пуціна. І менавіта пытанне Канстытуцыі паказвае, што Лукашэнка ўмее бегчы паміж кроплямі дажджу. Менавіта ў прэсінгу з боку Крамля, там, дзе ў яго ўжо няма свабоднага кантакту з Еўрапейскім Звязам або з ЗША. Ён будзе выконваць нейкія элементы гэтай інтэграцыі і гэта галоўнае для Расеі. Думаю, што ўнутры ён будзе адцягваць элементы гэтай канстытуцыйнай рэформы.

ВІДЭА
Як Лукашэнка адрэагуе на заяву Мядзведзева пра адзіную валюту Расеі ды Беларусі?
2021.02.05 11:07

Гэта значыць, для Крамля галоўнае – атрымаць гісторыю поспеху. Беларусь можа стацца чарговым Данбасам, Крымам ці Сірыяй? Калі можна гэта параўнаць.

Я спадзяюся, што не будзе канфлікту з Расеяй і нейкага вайсковага ўварвання. Тое, пра што Крэмль пераважна кажа, – гэта дачыненні з Беларуссю і ўнутраная рэформа Беларусі, бо ніякай пазітыўнай павесткі для расейцаў Крэмль не мае. Беларусь будзе гэтаю кропкаю, каб адцягнуць увагу ад таго, чым яны займаюцца.

Наколькі пратэсты ў Расеі цяпер уплываюць расейска-беларускія дачыненні?

Думаю, што ўплываюць у доўгатэрміновай перспектыве. Мы назіраем, што ўтвараецца вялікая дыстанцыя паміж Крамлём, уладамі і грамадствам. Цяпер я бачу адзіную павестку дня паміж беларусамі і расейцамі. У Польшчы мы гэтага не заўважалі раней: не ўсе беларусы і не ўсе расейцы прымаюць Лукашэнку і Пуціна пазітыўна. Цяпер гэта вельмі бачна. Думаю, што ў будучыні гэта будзе платформа добрай узаемасувязі.

Фота Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Інтэрв’ю паказалі 4 лютага 2021 года ў праграме «ПраСвет»

Стужка навінаў