Блогер Павел Спірын атрымаў 4,5 года калоніі


Павел Спірын у судзе.
Фота: «Белсат»

Сёння Менскі гарадскі суд агучыў вырак у справе Паўла Спірына. Блогера пакаралі зняволеннем на 4 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Паўла Спірына затрымалі летась 4 верасня. Яго вінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Нагодаю сталіся два ролікі на ягоным YouTube-канале: «Грань», прысвечаны антынаркатычнаму заканадаўству ў Беларусі (размешчаны 14 чэрвеня 2019 года) і «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм» (22 жніўня 2020 года), прысвечаны жнівеньскім падзеям. Тут убачылі распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні работнікаў пракуратуры, суддзяў, дэпутатаў, вышэйшых службовых асобаў і міліцыянтаў, у тым ліку амапаўцаў.

«У нас у камеры ёсць тэлевізар, і кожны вечар там гаворыцца пра неабходнасць дыялогу. Народ Беларусі хоча дыялогу. […] Я прашу высокі суд сваім выракам прадэманстраваць, што дзяржава ўкладвае ў паняцце дыялогу і які лёс чакае такіх людзей, якія вырашылі выкарыстаць шанец на мір для краіны. Пакажыце прысудам, што будзе з нашымі малалетнімі дзецьмі і бацькамі-пенсіянерамі. У мяне ўсё», – сказаў Спірын у сваім апошнім слове.

Пракурор Антон Цюменцаў запатрабаваў 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Дзіна Кучук яго падтрымала.

У тэрмін зняволення Спірына залічаць утрыманне пад вартаю з 4 верасня (адзін дзень роўны аднаму дню ў калоніі). Таксама суддзя пастанавіла спагнаць з блогера Br 1010,52 на карысць дзяржавы за працэсуальныя выдаткі.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў