Білі, пакуль не страціў прытомнасць. Нікога за гэта не пакаралі. Адкуль у сілавікоў карт-бланш на гвалт?


Менск, Беларусь. 26 верасня 2020 году. Фато: Аліса Ганчар / Белсат

Гомельца Дзмітрыя Лукомскага затрымалі і збілі сілавікі падчас жнівеньскіх падзей. У РАУС яму калолі іголкамі ў ягадзіцы, білі ў пах, збівалі, пакуль не траціў прытомнасць. Ён ляжаў каля вялікай лужыны крыві, дзе былі выбітыя зубы. Дзмітрый Лукомскі напісаў заяву ў Следчы камітэт, у якой прасіў аб правяранні і распачынанні крымінальнай справы па факце збіцця сілавікамі. Але атрымаў адмову, як і дзясяткі іншых беларусаў, якія сталіся ахвярамі гвалту і спрабавалі шукаць справядлівасці. Ці парушаюць сілавікі закон і адкуль у іх карт-бланш на беспакаранасць, разбіраўся «Белсат».

Дзмітрый Лукомскі – блогер і актывіст «Краіны для жыцця» ў Гомлі. Разам з камандаю падчас выбарчай кампаніі ездзіў па рэгіёне і арганізоўваў пікеты на падтрыманне Святланы Ціханоўскай. Сілавікі пачалі паляваць на яго ды іншых актывістаў яшчэ з 2 жніўня: сачылі каля дому, аднойчы АМАП цэлы дзень правяраў пашпарты тых, хто заходзіў у дом і выходзіў з яго. Дзмітрый хаваўся, але ўсё ж быў затрыманы 11 жніўня на плошчы Леніна.

Дзмітрый Лукомскі.
Фота: асабісты архіў героя

«Калі міліцыянт круціў іголку, я закрычаў ад болю, ён задаволена засмяяўся»

Дзмітрый ехаў на ровары ды збіраўся ўжо дадому, як у гэты час да яго падышлі два міліцыянты, аднаго з якіх ён пазнаў. Актывіст паспрабаваў з’ехаць ад іх, аднак паслізнуўся на ровары і ўпаў. Да яго падскочылі міліцыянты і пачалі збіваць. Хутка да іх далучыліся амапаўцы. Закінулі ва «УАЗік» і павезлі ў РАУС.

«На ровары ў мяне былі налепкі «ВелаГомель97», «ЯМЫ Ціханоўскі» і падобныя. Гэта іх моцна раззлавала.

Пагражалі, што завязуць у лес і застрэляць. У машыне мяне адразу паставілі ілбом у падлогу, так і ехалі. У РАУСе, калі даведаліся маё прозвішча, абрадаваліся: маўляў, гэта той самы Лукомскі. І працягвалі збіваць. Заламалі мне рукі ззаду і завязалі маім жа рэменем», – апавядае актывіст.

Менск, Беларусь.12 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Паводле Дзмітрыя, у той дзень розныя паверхі РАУСу былі адведзеныя для пэўных затрыманых. На першым паверсе размяркоўвалі тых, каго прывезлі. На трэцім паверсе была вялікая актавая зала, дзе на падлозе ляжала шмат людзей. У асноўным – няпоўнагадовыя і жанчыны. Дзмітрыя ж адправілі на чацвёрты паверх, дзе «разбіраліся» з мужчынамі.

«Мяне ўдарылі па нагах, каб я ўпаў, і пацягнулі за каўнер праз калідор з АМАПам, які біў мяне, аж пакуль я не страціў прытомнасць. Каб я апрытомнеў, аблілі вадой. Я ляжаў на падлозе, жыватом уніз, ногі былі рассунутыя, сілавікі падыходзілі і перыядычна білі мяне ў пах. Пэўна, ім гэта прыносіла нейкае задавальненне», – згадвае Дзмітрый Лукомскі.

У РАУСе падчас збіцця на яго начапілі значкі з нацыянальнаю сімволікаю.

«Я ляжаў на падлозе амаль без прытомнасці. Адзін з міліцыянтаў перыядычна хадзіў каля мяне, штурхаў нагой.

Узяў значак ды іголкаю пачаў калоць мяне ў ягадзіцы. У мяне было ўсё апухлае, я асабліва не адчуваў болю. Тады ён пачаў круціць іголку, пакуль я не закрычаў. Ён з задавальненнем засмяяўся», – кажа актывіст.

Дзмітрый згадвае, што ляжаў каля вялікай лужыны крыві, дзе былі выбітыя зубы.

Цела гомельца Дзмітрыя Лукомскага, калі загаілася.
Фота: асабісты архіў

«Гэта мне яшчэ пашанцавала. Калі ляжаў, чуў, як збіваюць іншых, прымушаючы іх падпісваць пратаколы. Пэўна, звязаныя з крымінальнымі справамі. Ёсць тры станы ў чалавека, якога збіваюць: чалавек крычыць ад болю, чалавек войкае і стогне, чалавек проста хрыпіць.

Адзін мужчына папрасіў піць – яго дэманстратыўна збілі і запыталі ў прысутных: «Ну што, хто яшчэ хоча папіць?» Жанчын збівалі жанчыны: я чуў, як адзін з сілавікоў казаў іншаму, што здзіўлены, наколькі жанчына можа быць жорсткаю», – распавядае Лукомскі.

Яму запомнілася таксама гісторыя мужчыны, які эміграваў з Украіны: «Падчас збіцця адзін з сілавікоў крычаў: гэта ты мяне на Майдане паліў? Атрымай!»

«Яны проста цягнулі час, каб паглядзець, у які бок пойдзе сітуацыя»

15 жніўня Дзмітрыя Лукомскага вызвалілі, у яго засталіся недаседжаныя содні. Паехаў у шпіталь, дзе прайшоў медычны агляд і зафіксаваў збіццё.

Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Я наўпрост сказаў дактарам, што мяне збілі ў РАУСе сілавікі. Яны зусім не здзівіліся, мяркуючы па ўсім, я быў не першы з такою гісторыяй. Затым з заключэннем доктара паехаў у Следчы камітэт, каб напісаць заяву пра збіццё сілавікамі», – кажа актывіст.

У Следчым камітэце вельмі ўважліва ўсё выслухалі, нават стварылася ўражанне, што яны сапраўды будуць правяраць і расследаваць. Следчы праз некаторы час знайшоў ровар актывіста і прапанаваў разам схадзіць у РАУС, каб яго забраць.

Але хутка справу перадалі іншаму следчаму. На гэтым супраца скончылася: не было ніякіх званкоў больш за месяц, пасля прыйшла папера, што правяранне ў справе падоўжанае на месяц, пасля – яшчэ на месяц і на тры месяцы.

«Яны проста цягнулі час, каб паглядзець, у які бок пойдзе сітуацыя. Калі б перамагаў народ, яны б нешта расследавалі, а так яны вырашылі ўсё замяць», – адзначыў Дзмітрый.

Цяпер актывісту прыйшла адмова ў распачынанні крымінальнай справы па факце збіцця сілавікамі.

«Згодна з фармулёўкамі, атрымліваецца, мяне збівалі цалкам паводле закону. А траўмы, маўляў, нязначныя, бо я не страціў працаздольнасць.

А я быў цалкам сіні, у мяне было страсенне мозгу. І некаторых міліцыянтаў, якія гэта рабілі, я пазнаў, у дакументах жа гаворыцца, што асобы не ўстаноўленыя», – кажа Дзмітрый Лукомскі.

Праваабаронца: Важна фіксаваць усе выпадкі гвалту і парушэння закону сілавікамі

Праваабаронцы з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года сочаць за крымінальнымі справамі, якія маюць палітычны характар, дакументуюць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання з удзельнікамі пратэставых выступаў.

Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Пасля трагічных падзеяў 9–13 жніўня шмат людзей былі збітыя сілавікамі. Некаторыя звярнулася ў Следчы камітэт з просьбаюзладзіць правяранне па факце збіцця і катаванняў. Цяпер людзі атрымліваюць адпіскі, што справаў не распачнуць, бо няма складу злачынства ці немагчыма высветліць асобаў, якія гэты гвалт здзяйснялі. Ніводнай крымінальнай справы аб збіванні сілавікамі і перавышэнні імі паўнамоцтваў няма.

Наадварот: распачынаюцца крымінальныя справы супраць тых, каго збілі, за нібыта ўдзел у масавых закалотах ці гвалт над працаўнікамі ўнутраных органаў.

«Аднак вельмі важна, нават атрымаўшы такую адмову, не спыняцца і спрабаваць абскарджваць гэтае рашэнне. Пайсці азнаёміцца з матэрыяламі справы, напісаць скаргу начальніку Следчага камітэту. Гэта ўсё мае сэнс для далейшага дакументавання парушэнняў усіх працэсуальных і заканадаўчых нормаў СК ды пракуратуры, якія носяць сістэмны характар па ўсёй краіне, і інфармавання беларускай ды міжнароднай супольнасці пра сапраўдны стан з правамі чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя гісторыі і задакументаваныя сведчанні стануць у будучыні доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў», – адзначыў у каментары «Белсату» праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту па Горадні і Гарадзеншчыне Раман Юргель.

Калі і ў якой ступені міліцыянт мае права ўжываць сілу?

Мікалай Казлоў, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў запасе і былы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах кажа, што гэтае пытанне трэба разглядаць з гледзішча некалькіх аспектаў: «людажэрскіх законаў, Канстытуцыі і практыкі, якая склалася ў сілавых ведамствах». Напрыклад, свабода мірных сходаў гарантаваная беларусам Канстытуцыяй, аднак гэтае права цалкам нівелюецца Законам аб масавых мерапрыемствах.

Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 году.
Фота: АВ /Vot Tak / Белсат

Але ўжыванне фізічнага гвалту рэгламентуецца Законам аб міліцыі, дзе вельмі дакладна распісана, у якіх выпадках і ў якой ступені працаўнік мае права ўжываць сілу ці зброю.

«Калі чалавек стаіць на каленях, не супраціўляецца, а яго працягваюць біць міліцыянты, то гэта злачынства. Калі чалавека пускаюць па калідоры, дзе яго збіваюць сілавікі, – гэта злачынства ў чыстым выглядзе. Працаўнікі мусяць усведамляць гэта. У такіх выпадках паводле закону іх трэба адхіліць ад службы і арыштаваць», – адзначае Мікалай Казлоў.

Уявім сітуацыю, якая за апошнія паўгода вельмі актуальная для вуліцаў Беларусі: ляжачага чалавека б’е міліцыянт, ці нават некалькі. Што мусіць рабіць той, каго бʼюць? Спрабаваць абараніць сябе, адбівацца? Што рабіць людзям, якія побач: спрабаваць бараніць, рызыкуючы адправіцца на лаву падсудных?

«Усе павінны дакладна разумець, што ў такім выпадку міліцыянты здзяйсняюць злачынства. Аднак у нас цяпер усё перакулілася з ног на галаву. У нас працуюць не законы, а дыктатарская мэтазгоднасць», – кажа Мікалай Казлоў.

Ён адзначае, што ёсць пэўныя заўвагі да вызначэння тэрміну «законныя патрабаванні».

Калі чалавек у міліцэйскай форме, з дакументамі, то гэта зусім не азначае, што ўсе ягоныя патрабаванні робяцца законнымі. Не, нават пры выкананні службовых абавязкаў ён можа парушаць закон. Аднак беларускія міліцыянты перакананыя ў іншым.

Жаночы пратэст
Менск, Беларусь. 27 жніўня 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

«Органы мусяць уздымаць і вырашаць пытанне, што і ў якой ступені могуць рабіць людзі, каб абараніць сябе і сваё жыццё ад нематываванай жорсткасці сілавікоў», – падкрэслівае былы міліцыянт.

Ігнараванне злачынстваў сілавікоў, паводле Мікалая Казлова, параджае ланцужок новых службовых злачынстваў: Генпракуратуры, калі яна не прымае да ўвагі відэа з доказамі гвалту і мусіла б паводле закону ініцыяваць разбор, і судоў, якія выносяць рэальныя тэрміны збітым сілавікамі людзям, прызнаючы іх вінаватымі ў гвалце над міліцыяй.

Даведка
1800 заяваў аб катаваннях і збіваннях дэманстрантаў праваахоўнымі органамі паступілі ў Следчы камітэт цягам паўгода з пачатку масавых пратэстаў у Беларусі, паводле праваабаронцаў. Афіцыйныя органы сваю лічбу не агучвалі. Ніводнай крымінальнай справы дасюль не распачалі. Заяўнікі працягваюць атрымліваць адпіскі, што сілавікі дзеялі ў межах сваіх паўнамоцтваў.

Карт-бланш на гвалт ад Лукашэнкі

Адкуль у сілавікоў такая жорсткасць да беларусаў і чаму гэтая жорсткасць беспакараная?

«У такой жорсткасці ёсць некалькі прычынаў. Гэта беспакаранасць, устаноўка на гвалт, якая ідзе з самага верху: Лукашэнка не раз прызнаваўся ў тым, што сам кіруе дзеяннямі сілавікоў, ён персанальна іх апраўдвае і падтрымлівае», – кажа ў каментары «Белсату» палітычны аналітык Валер Карбалевіч.

На думку эксперта, менавіта Лукашэнка даў устаноўку ўсім іншым дзяржаўным органам не чапаць сілавікоў, што б яны ні рабілі, нават калі гаворка пра забойства: згадаем забойства Рамана Бандарэнкі, па якім так і не распачалі крымінальнай справы. Як і па іншых выпадках забойстваў пратэстоўцаў. Адсюль у сілавікоў з’явілася адчуванне поўнай беспакаранасці.

Тое, што гэта загад і ўстаноўка з самага верху, кажа і злітая прамова намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, які распавядаў, як трэба абыходзіцца з пратэстоўцамі.

«Калі б факты гвалту былі адзінкавымі выпадкамі, можна было б сказаць, што гэта эксцэс выканаўцы. Аднак усё кажа пра тое, што гэта сістэма, якая ініцыюецца ды падтрымліваецца дзяржавай і асабіста Лукашэнкам», – адзначае аналітык.

Адыгрывае ролю таксама псіхалагічны фактар, асобы сілавікоў: іх адмыслова вучаць жорсткасці, гвалту, замбуюць і прамываюць ім мазгі – яны не гатовыя ўспрымаць іншую інфармацыю, альтэрнатыўны пункт гледзішча. Адбываецца пэўная селекцыя: у сілавыя структуры адбіраюць людзей, гатовых ужываць гвалт.

Менск, Беларусь. 23 жніўня 2020 году.
Фота: ІА / Белсат

Аднак, калі сілавікі адчуваюць сваю беспакаранасць і вераць у тое, што яны робяць усё правільна, чаму яны хаваюць свае твары пад балаклавамі? Даходзіць да абсурду: напрыклад, на некаторых судах «пацярпелых» падчас жнівеньскіх падзеяў сілавікоў дапытвалі за шторкамі ці наагул з іншага пакою. Праз тэлебачанне сілавікі каментуюць падзеі ў балаклавах і са змененым голасам. Свае твары яны хаваюць і падчас рэйдаў у дварах. Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў ці ў цывільным адзенні затрымалі і кінулі ў аўтазакі больш за 30 тысяч беларусаў са жніўня 2020 года.

«Паводле законаў паліталогіі ды сацыялогіі, дзяржава мае манаполію на гвалт.

Але ў нашай сітуацыі мае месца падсвядомы парадокс: сілавікі адчуваюць сябе антыгероямі і хаваюць свае асобы, бо ўсведамляюць хісткасць рэжыму і сумнеўную легітымнасць Лукашэнкі, якога яны абараняюць.

То бок яны выконваюць ролю не дзяржаўных службоўцаў, а выканальнікаў персанальных загадаў Лукашэнкі, яны – частка ягонай групоўкі», – кажа Валер Карбалевіч.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў