Байдэн паабяцаў быць рашучым у дачыненні Расеі і заклікаў вызваліць Навальнага


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з першаю прамоваю ў справе замежнай палітыкі. Тэкст выступу новага кіраўніка дзяржавы апублікавала ТАСС.

«Я хачу, каб сёння свет пачуў наступны сігнал: Амерыка вярнулася. Дыпламатыя вярнулася ў цэнтр нашай замежнай палітыкі», – сказаў Джо Байдэн.

Прэзідэнт лічыць, што Вашынгтон сутыкнуўся з насоўваннем аўтарытарызму. Гэта выяўляецца ў росце амбіцыяў Кітаю, яго імкненнем супернічаць з ЗША, а таксама з рашучасцю Расеі ў «нанясенні шкоды амерыканскай дэмакратыі». Новаму ўраду трэба пачынаць з «дыпламатыі, што сыходзіць каранямі ў найбольш запаветныя дэмакратычныя каштоўнасці Амерыкі».

У справе стасункаў з Расеяй Байдэн паабяцаў: Злучаныя Штаты не будуць вагацца ў імкненні дасягнуць наступстваў для тых крокаў Масквы, якія не будуць адпавядаць інтарэсам Вашынгтону. Амерыканцы будуць падштурхоўваць сваіх партнёраў да супрацьстаяння з Расеяй.

«Мы будзем больш эфектыўныя ў тым, што датычыць Расеі, калі станем працаваць у кааліцыі ды каардынацыі з іншымі партнёрамі, якія прытрымліваюцца падобных меркаванняў».

Байдэн заклікаў расейскія ўлады неадкладна вызваліць апазіцыянера Аляксея Навальнага без усялякіх умоваў. Тым не менш лідар ЗША вызнае: без дыялогу з Масквою не абысціся:

«Лідарства з дапамогаю дыпламатыі мае таксама азначаць узаемадзеянне з нашымі праціўнікамі і супернікамі дыпламатычным шляхам, калі гэта ў нашых інтарэсах і спрыяе бяспецы амерыканскага народу».

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў