«Спі пад курганам герояў»: Мікола Пачкаеў на смерць Адама Мальдзіса


Так сталася, што асабіста з Адамам Мальдзісам я меў больш нагодаў гутарыць пасля майго перасялення ў Англію, чым падчас жыцця ў Беларусі. Ён наведваў Брытанію, Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане, у 2000-х, а ў Менску на З’ездах беларусаў свету і падобных сходах мы коратка сустракаліся ізноў – хоць, можа, не як вельмі блізкія, але ўжо старыя знаёмыя. Найдаўжэйшую асабістую размову з ім я меў толькі ў 2019 годзе, наведваючы яго ў Менску дзеля ўручэння медаля да 100-годдзя БНР ад імя Рады БНР.

Моцнае ўражанне на мяне рабіла шырыня ягонага культурнага і інтэлектуальнага гарызонту, якая не страчвалася і ў вельмі паважным веку, а таксама добразычлівае стаўленне да кожнага суразмоўцы, якое можна акрэсліць як «шчодрае» і «шляхетнае».

Мікола Пачкаеў уручае Адаму Мальдзісу медаль да 100-годдзя БНР.
Фота: radabnr.org

Адам Мальдзіс быў у шмат якіх аспектах унікальнай фігурай на беларускім культурным краявідзе на працягу доўгага часу. Хоць ён сваю адукацыю атрымаў у Савецкім Саюзе, – што праўда, са значным дадаткам шматлікіх замежных паездак па навуковым абмене і кантактаў з беларускай дыяспарай, яшчэ ў цёмныя часы халоднай вайны, – аднак у сваёй асобе і навукова-культурнай дзейнасці ён лучыў сучасную Беларусь з даўжэйшай гістарычнай і культурнай традыцыяй краіны. Гэта не было проста вынікам тэмаў, якімі ён прафесійна займаўся.

Ён быў свядомы свайго балцкага-літоўскага паходжання і прысутнасці польскамоўнае тутэйшае культуры на традыцыйным краявідзе краіны. Бо перадусім ён сам паходзіў з беларуска-літоўска-польскага памежжа, з асяроддзя, дзе беларусы былі яшчэ не адныя «сам-насам з сабой» – а часткаю вялікай гістарычнай краіны разам з літоўскамоўным і польскамоўным элементам.

Адам Мальдзіс распавядаў, што ў юнацтве разглядаў магчымасць падачы дакументаў ва ўніверсітэт сталіцы Літоўскай ССР. Літоўцы цанілі яго, рана распазналі патэнцыял яго постаці, і, як ён распавядаў, у савецкі час у Вільні пераконвалі маладога навукоўца Мальдзіса прысвяціць сябе літоўскай нацыянальна-культурнай працы. Выбар на карысць беларускасці ў Мальдзіса быў найбольш натуральны, бо ён паходзіў з арганічнага беларускамоўнага асяроддзя – тым не менш, элемент свядомага выбару ў прысвячэнні свайго жыцця Беларусі ў Мальдзіса быў.

Hавiны
Легенда і тытан беларушчыны. Беларусь развітваецца з Адамам Мальдзісам
2022.01.04 18:10

На маё асабістае ўражанне – найважнейшым быў уплыў на Мальдзіса з боку Караткевіча. Калі я апошні раз сустракаўся з ім у 2019-м, размова ў нас зноў і зноў сыходзіла да тэмаў, успамінаў пра Караткевіча.

Адам Мальдзіс ад маладосці меў выдатныя сувязі з навукоўцамі розных краінаў. А ў Брытаніі, важна зазначыць, моцныя сувязі Мальдзіс меў таксама з беларускай дыяспарай, якія пачаліся ад ягонага візіту праз навуковы абмен «British Council» у 1982 годзе – і працягваліся пасля амаль сорак гадоў. У 1990-х і на пачатку 2000-х Мальдзіс быў тым, хто выбіраў у Беларусі кнігі для папаўнення фондаў Беларускай скарынаўскай лонданскай бібліятэкі – і сам іх для яе асабіста набываў.

Выдатны беларускі «нутраны» дыпламат

Пра той першы візіт 1982 года ёсць кароткі ўспамін айца Аляксандра Надсана. Але я пра гэта ўпершыню чуў гісторыю ад Гая Пікарда. Паводле Пікарда, ён узяў на сябе пачэсную ролю гіда па брытанскай сталіцы, а Мальдзіс меў адно незвычайнае, але важнае пажаданне: абавязкова хацеў паехаць сфатаграфавацца на магіле Карла Маркса. Каб не было пытанняў у падсавецкім Менску, чаму ён прысвячаў у Лондане вольны час. А той час ён прысвячаў кантактам з беларускай дыяспарай Брытаніі і нават ЗША. Гэта было ўзаемнае адкрыццё – для Мальдзіса адкрыццё жывой сучаснай несавецкай Беларусі, якая захоўвалася ў дыяспары, а для культурных лідараў дыяспары – таго, што ў БССР застаецца жывы несавецкі элемент яшчэ нават у афіцыйнай навуцы і культуры.

Нельга сказаць, што Мальдзіс у СССР быў «дысідэнтам». Аднак было істотнае адрозненне ягонага падыходу ад вялікай масы канфармістаў у БССРаўскай культурна-навуковай эліце: Адам Мальдзіс захоўваў палітычную асцярожнасць, каб мець магчымасці развіваць у афіцыйнай культуры БССР тое, што патрэбнае і карыснае, карыстаючы з магчымасцяў і не шукаючы сам звышпатрэбных кампрамісаў.

Можна сказаць, што Мальдзіс быў выдатны беларускі «нутраны» дыпламат, і што свой такі натуральны талент ён ужываў абʼектыўна на карысць беларускай Беларусі. Без дэманстрацыяў і супрацьпастаўленняў, ды з не болей, чым найменшымі неабходнымі кампрамісамі, – ён мог развіваць рызыкоўныя тэмы ў афіцыйнай навуцы, публікаваць выданні, заахвочваць іншых навукоўцаў і шырэй інтэлігенцыю ў познім БССР – на тэмы несавецкай спадчыны ў Беларусі: у час, калі несавецкая культурная спадчына любога гатунку ў БССР не віталася. А той даробак быў тым, што паўплывала на далейшае развіццё беларускасці ў Беларусі, сталася фактарам фармавальнага ўплыву на беларускае адраджэнне канца 1980-х – пачатку 1990-х. Цікавасць да ВКЛ, успрыняцце гісторыі ВКЛ і мясцовай гісторыі Рэчы Паспалітай як «сваёй»: у беларускім нацыянальным руху міжваеннага і ваеннага часу, рэха якога я бачыў яшчэ ў паваеннай дыяспары, гэта зусім не мела настолькі моцнага выразу.

Адам Мальдзіс на сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.
Фота: Алег Хаменка / Facebook

На здымку 1990 года на сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ бачым Адама Мальдзіса з бел-чырвона-белым значкам – вельмі задоўга да, як цяпер кажуць, таго, як гэта сталася мэйнстрымам. Ягоныя культурная пазіцыя і ідэнтычнасць ніколі не былі сакрэтам для ніякіх партыйных органаў ці КДБ. Але Мальдзіс ніколі не выглядаў аж занадта «сваім» для БССРаўскай камуністычнай наменклатуры.

Парадаксальна: можа, пэўнае спакойнае адасабленне, без супрацьпастаўлення сябе сістэме, спрыяла пэўнай мацнейшай талерантнасці ўладаў да ягоных тэмаў працы і публіцыстыкі, відавочна агулам «немэтазгодных» у БССР. Колькі нерваў мусіла каштаваць і якой трываласці мусіла патрабаваць ад яго тое, каб ісці супраць плыні ў такой БССР, па самай мяжы дапушчальнага, – мы ніколі не даведаемся. Палітычныя даносы на Мальдзіса дасылалі нават з ГДР.

Няма каму замяніць

Канечне, Савецкі Саюз сканаў ужо 30 гадоў таму. Нельга без прыкрасці думаць аб тым, што вось – пасля кароткага перыяду пачатку 1990-х, Адам Мальдзіс яшчэ чвэрць стагоддзя мусіў мець справу з усцяж горшай неспрыяльнасцю новай улады да ўсяго, чаму ён прысвяціў жыццё. У мяне, як у прадстаўніка моладзі 1990-х, ёсць пэўнае пачуццё віны перад беларускімі дзеячамі ягонага пакалення: яны прывялі да нацыянальнага адраджэння, але не пабачылі сапраўды плёну сваёй працы нават і праз 30 гадоў. Не знайшлося нікога ў нядаўняй БССР, каб у 1990-я звярнуць галаву новай дыктатуры антыбеларускага рэваншу.

І цяпер, на працягу гэтых 25 гадоў натуральны сыход з жыцця волатаў беларускай культуры наводзіць на сумную думку, што калі чакаць, што проста «перажывем» антыбеларускую ўладу, бо яна неяк калісьці, маўляў, мусіць «скончыцца» самастойна, – можам дачакацца, што перш не застанецца нікога, хто сабой аўтарытэт беларускасці ў Беларусі яшчэ ўвасабляе. Вядома, заўжды будзе нешта новае, хтосьці іншы, але можа аказацца, што антыбеларускую тыранію перажылі – аднак няма больш такіх постацяў грамадскага аўтарытэту, якія могуць быць светачамі беларускасці ў грамадстве, якім быў Адам Мальдзіс.

Hавiны
Памёр літаратуразнаўца Адам Мальдзіс
2022.01.03 20:45

Адам Мальдзіс быў адным з тых, хто праз усё жыццё чынна рыхтаваў адраджэнне беларускае Беларусі з сярэдзіны БССР і ў маладой незалежнай Рэспубліцы Беларусь – адраджэнне такой Беларусі, якая адпавядала ідэалам БНР. Калі Рада БНР складала спіс заслужаных асобаў на ўзнагароджанне медалём да 100-годдзя БНР, Адам Мальдзіс быў адным з найпершых і бясспрэчных кандыдатаў у Беларусі.

89 гадоў – даволі даўгое і надзвычай плённае жыццё. З розных прычынаў – культурна-сацыяльнага паходжання ў сваім часе, адукацыі, навуковага становішча, грамадска-навуковага аўтарытэту – Адам Мальдзіс быў унікальнай постаццю на беларускім краявідзе, якую ў наш час няма каму замяніць.

Вялікі даробак жыцця Адама Мальдзіса, волата беларускай культуры, можна аднесці да катэгорыі па-свойму гераічных. Як было прынята ў паваеннай эміграцыі – на развітанне сказаць «Спі пад курганам герояў».

Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, намеснік старшыні Рады БНР

Стужка навінаў