Пратэсты ў Казахстане і самагубства палітзняволенага. Галоўнае за дзень

«Белсат» падводзіць вынікі 5 студзеня і ўзгадвае галоўныя падзеі серады.

У Казахстане чацвёрты дзень ідуць пратэсты

Пратэсты пачаліся 2 студзеня з-за рэзкага павышэння коштаў на звадкаваны газ. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў прыняў адстаўку ўрада, ён змяніў Нурсултана Назарбаева на пасадзе старшыні Савета бяспекі рэспублікі. Назарбаеў сыйшоў у адстаўку. Рэжым надзвычайнага становішча ўведзены на ўсёй тэрыторыі краіны. Сёння былі захоплены адміністратыўныя будынкі, тэлестудыі і міжнародны аэрапорт у Алматы.

Прэзідэнт Казахстана заявіў, што звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў АДКБ з просьбай аказаць садзейнічанне Казахстану ў пераадоленні «тэрарыстычнай пагрозы». Паведамляецца, што з Расеі і Беларусі ў хуткім часе прыбудуць сілавікі для падаўлення пратэстаў.

На фоне пратэстаў авіякампанія «Белавія» адмяніла ўсе рэйсы ў Казахстан.

Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым

У Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць

Ён быў асуджаны на два гады «хіміі» за негатыўны каментар у «Аднакласніках» пад пастом Вольгі Карач у адрас начальніка РАУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 43-гадовы Дзмітрый саскочыў з масту і разбіўся. Ён правёў на «хіміі» адзін тыдзень.

Беларусь высылае супрацоўніка Генконсульства Польшчы ў Берасці

Міністэрства замежных справаў упэўненае, што супрацоўнікі Генконсульства Польшчы ў Берасці арганізавалі спробу ўцёкаў з Беларусі грамадзяніна Польшчы, які падазраецца ў ДТЗ з смяротным зыходам.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду»: Грошай няма, таму праблемы перакладаюцца на плечы прадпрымальнікаў

Лукашэнка падпісаў закон аб генацыдзе беларускага народу

Цяпер за публічнае адмаўленне генацыду можна будзе патрапіць за краты на пяць гадоў, калі ж гэта здзейснена паўторна або з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў − тэрмін вырасце да 10 гадоў.

Беларуса выманілі з Расеі і затрымалі за рэабілітацыю нацызму

Грамадзянін Беларусі быў у Расеі, але сілавікі выманілі яго «у выніку аператыўнай камбінацыі». Што гэта за камбінацыя, не паведамляецца. У відэа МУС паказалі партрэт Гітлера, свастыку і БЧБ-сімволіку. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за наўмысныя дзеянні для рэабілітацыі нацызму.

Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны