Онлайн. Чацвёрты дзень пратэстаў у Казахстане

Пратэст у Казахстане трываў і ноччу. За гэты час людзей закідалі святлошумавымі гранатамі, а ў адказ яны нападалі на паліцэйскія машыны. У краіне блакавалі інтэрнэт і ўвялі надзвычайнае становішча з каменданцкай гадзінай да 19 студзеня.

23:30 Паведамляецца аб планаванай з раніцы 6 студзеня маштабнай зачыстцы Алматы ад марадзёраў і зачыншчыкаў беспарадкаў.

23:20 У Алматы адкрылі страляніну баявымі патронамі. Паведамляецца, што ёсць загінулыя.

22:30 Пратэстоўцы захапілі зброю і склад боепрыпасаў нацыянальнай гвардыі Казахстана.

22:06 У Алматы пачалася антытэрарыстычная спецаперацыя, заявіў віцэ-мэр.

21:50 «Эхо Москвы» паведамляе, што з Расеі і Беларусі ў хуткім часе прыбудуць сілавікі для падаўлення пратэстаў у Казахстане

21:35 Прэзідэнт Казахстана заявіў, што звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў АДКБ з просьбай аказаць садзейнічанне Казахстану ў пераадоленні «тэрарыстычнай пагрозы». Раней такую ідэю прапанаваў казахскі касманаўт і генерал-маёр ВПС Казахстана Тактар Аўбакіраў.

21:05 Падчас пратэстаў у Казахстане восем паліцэйскіх і салдат нацгвардыі загінулі, яшчэ не менш як 317 атрымалі раненні.

20:40 Запрацавала сувязь у часткі мабільных аператараў, але сувязь не стабільная.

19:50 Аэрапорт у казахстанскім Актобе быў зачынены.

19:43 Рэжым надзвычайнага становішча ўведзены на ўсёй тэрыторыі Казахстана.

19:30 У Алматы пратэстоўцы захапілі будынак мясцовага Камітэту нацыянальнай бяспекі.

19:10 Пратэстоўцы усё-такі павалілі помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане.

Павалены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане. Фота: kaztag_tg / Telegram
Павалены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане. Фота: kaztag_tg / Telegram

18:50 Еўразвяз выступіў з заявай адносна сітуацыі ў Казахстане.

ЕЗ заклікае паважаць права на мірны пратэст у Казахстане, але дэманстранты не павінны звяртацца да гвалту. ЕЗ чакае, што ўлады Казахстана будуць выконваць свабоду СМІ і доступ да інфармацыі.

18:40 Пратэстоўцы ўварваліся ў алматынскі філіял тэлеканалу «Казахстан» і разграмілі яго

У гэты момант у офісе знаходзіліся некалькі супрацоўнікаў, некаторых з іх збілі. Таксама быў учынены пагром, узламаныя сейфы. Студыю людзі падпалілі, а апаратуру вынеслі.

18:00 Шэраг працоўных «Мангістаўмунайгаза» (казахстанска-кітайская нафтагазавая кампанія, адна з найбуйнейшых у Казахстане) у Мангістаўскай вобласці зладзілі забастоўку.

17:37 Пратэстоўцы захапілі аэрапорт Алматы, адтуль ідзе эвакуацыя супрацоўнікаў.

«Яны дайшлі да аэрапорту. Па папярэдніх дадзеных у аэрапорце зараз знаходзяцца каля 45 захопнікаў. Як яны зайшлі, нашыя супрацоўнікі пакінулі аэрапорт. У момант захопу пасажыраў у тэрмінале не было. Мы загадзя хутка эвакуіравалі пасажыраў. Вывелі іх праз 11 варот. Якраз у той момант прыляцеў самалёт. Ваенныя пакінулі аэрапорт, але мы не ведаем, калі яны сышлі. Іх зараз там няма. Супрацоўнікі аэрапорту саматугам эвакуіравалі пасажыраў», – паведамілі ў прэс-службе аэрапорту.

16:40 Пратэстоўцы спрабуюць знесці помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане, яго ўстанавілі ў 2016 годзе.

16:15 Такаеў заявіў, што «змоўшчыкі матываваны фінансава» і ў іх першапачаткова быў «дбайны план дзеянняў».

16:10 Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў змяніў Нурсултана Назарбаева на пасадзе старшыні Савета бяспекі рэспублікі. Назарбаеў сыйшоў у адстаўку.

Такаеў заявіў, што падчас супрацьстаянняў у Казахстане ёсць ахвяры сярод сілавікоў і што ён мае намер у сітуацыі з пратэстамі «дзейнічаць жорстка».

15:50 Металургічны завод у Балхашы спыніў вытворчасць. Рабочыя далучыліся да пратэстаў.

15:30 Не працуе дадатак галоўнага банку Казахстана. Таксама перастала працаваць безнаяўная сістэма аплаты.

15:10 Так выглядае будынак гарадской адміністрацыі ў Алматы. Там пратэстоўцы пачалі будаваць барыкады.

15:00 Казахскі тэлеканал КТК, які належыць фонду Нурсултана Назарбаева, прыпыніў сваё вяшчанне. У Алматы пратэстоўцы захапілі будынак карпункта тэлеканалу «Мир24» і запатрабавалі выхаду ў прамы эфір.

14:40 Аператар «Казахтэлекам» заблакаваў інтэрнэт па ўсім Казахстане. Улады пачалі блакаваць ўэб-версію Telegram і спрабаваць блакаваць сам мэсэнджар ва ўсёй краіне. Раней блакаванне закранала толькі Алматы. Пачалася барацьба з VPN.

14:35 На зброевую краму Корган адбываецца напад. Аб гэтым яны заявілі ў сваім Instagram. Таксама яны паведамілі, што супрацоўнікі службы аховы Кузэт адразу ж з’ехалі, а да паліцыі датэлефанавацца немагчыма.

14:30 У Алма-Аты адключалі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь. Мабільны не працуе. Сайты казахстанскіх СМІ часова недаступныя з-за мяжы.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў: «Убеждены, что наши казахстанские друзья могут самостоятельно решить свои внутренние проблемы»

Пратэсты ў Казахстане. Фота: tengrinews.kz

Таксама ён заявіў, што ўлады Казахстану не звярталіся па дапамогу да расейскіх уладаў у сувязі з сітуацыяй.

Паліцыя Алма-Аты апублічыла статыстычную карціну ўчорашніх пратэстаў у горадзе:

🔹спаленыя 120 аўтамабіляў (больш за 30 з іх – паліцэйскія)

🔹пашкоджаныя каля 300 крамаў і ўстановаў грамадскага харчавання, каля 100 офісаў

🔹больш за 500 грамадзянскіх асобаў былі збітыя

Белсат пачаў онлайнавую трансляцыю, каб паведамляць самыя свежыя навіны пра падзеі ў Казахстане.

14:00 Старая рэзідэнцыя прэзідэнта ў Алматы захопленая пратэстоўцамі. Пратэсты працягваюцца ў розных гарадах краіны.

Пратэсты ў Казахстане. Фота: ORDA

12:50 У Атырау пачаўся сілавы разгон удзельнікаў пратэсту.

12:30 У будынку акімату пачаўся пажар. Таксама загарэўся будынак пракуратуры ў Алматы.

12:00 Шэраг крыніцаў паведамляе, што пратэстоўцы ўварваліся ў акімат. Адзначаецца, што ў будынку разнеслі частку вокнаў і дзвярэй. Іншая частка натоўпу спрабуе прарвацца ў старую рэзідэнцыю прэзідэнта.

11:40 У Алматы пачаўся штурм акімату. Каля 10 тысяч пратэстоўцаў прыйшлі на плошчу Рэспублікі, яны ўзброіліся гумовымі дубінкамі. Сілавікі абараняюцца святлошумавымі гранатамі.

11:00 Шахцёры «АрселорМіттал Тэміртаў» і працаўнікі «Казахмысу» масава адмаўляюцца выходзіць на працу. Яны патрабуюць павышэння заробкаў і паляпшэння ўмоў працы.

Пратэстоўцы адціснулі паліцыю ў цэнтры Алматы; мітынгоўцы ў журналістаў забіраюць абсталяванне і забараняюць здыманне, паведамляецца аб пацярпелых журналістах і ад дзеянняў сілавікоў.

10:40 Паводле дадзеных Упраўлення грамадскага здароўя Алматы, у лячэбныя ўстановы звярнуліся 190 чалавек, з іх праз хуткую дапамогу 150, і 40 самастойна.

Удзельнікі сутыкненняў з сілавікамі ў Алматы напалі на журналістаў КазТАГ.

10:30 Казахстанскі пратэст пашыраецца: людзі выходзяць на вуліцы ў розных гарадах краіны.

Мітынгоўцы заўважаныя і ў Кастанаі.

У сацсетках публікуюць кадры захопу акімату ў Алматы. Акрамя таго, каля ўрадавых будынкаў з’явіліся блокпасты сілаў Нацыянальнай гвардыі Казахстану. Мітынгоўцы зноў сцягваюцца ў цэнтр Алматы.

У шэрагу гарадоў сілавікі маршыруюць па горадзе з пратэстоўцамі ў адной калоне.

На раніцу 5 студзеня кошты на газ знізілі, а ўрад падаў у адстаўку. Праўда, удзельнікі ўраду працягнуць працу да зацверджання новага складу.

Мітынгоўцы ў Актаў не вераць у адстаўку ўраду. Яны патрабуюць, каб у склад кабінету міністраў не ўваходзілі чальцы кіроўнай партыі. Для іх таксама важны сыход Нурлана Нагаева з пасады акіма Мангыстаўскай вобласці. Пратэстоўцы заяўляюць, што гэты пост павінен заняць чалавек з мясцовых, які выдатна валодае казахскай мовай.

У Алматы людзі пасля ночы таксама не разыходзяцца. У горадзе шмат сілавікоў і ваеннай тэхнікі. Акімат (мясцовая мэрыя) ачэплены.

Адміністрацыю Алма-Аты ачапілі вайскоўцы

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны