Назарбаеў сышоў. Чаму пратэсты ў Казахстане не спыняюцца і чаму іх не здушылі, як у Беларусі?

Натоўпы сілавікоў, святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі. Візуальна казахскія пратэсты вельмі падобныя да беларускіх у жніўні 2020 года. Але казахі дамагліся, каб Назарбаеў пайшоў у адстаўку, практычна захапілі найбуйнейшы горад. І не падобна, каб збіраліся спыняцца.

У Казахстане не сціхаюць пратэсты, выкліканыя рэзкім павышэннем цэнаў на звадкаваны газ удвая. Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Жангаўэзене, іх падтрымалі найбліжэйшыя мясцовасці. Алматы, Казахстан. 4 студзеня 2022 года. Фота: newsnurkz / Telegram

Чаму патрабаванне казахскіх пратэстаў «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!») было выкананае і што можа быць далей, «Белсату» растлумачыў спецыяльны карэспандэнт расейскай «Новой газеты» Вячаслаў Палавінка, які 30 гадоў пражыў у Казахстане, сочыць за цяперашнімі казахскімі пратэстамі і сачыў за беларускімі ў 2020 годзе.

Онлайн. Пратэсты ў Казахстане

Пратэсты ў Казахстане былі і раней, але былі «вузкатэматычнымі». Ранейшыя пратэсты былі «лакалізаваныя вакол адной тэматыкі», кажа Палавінка. Напрыклад, у 2016 годзе пратэставалі супраць перадачы ў арэнду земляў замежнікам (перадусім кітайцам), а ў 2019-м быў пратэст шматдзетных маці. Эфект ад тых пратэстаў быў «вельмі канцэнтраваны ў адной сферы». Цяпер жа пратэст супраць падаражэння паліва хутка перарос у палітычны.

Раней і ўлады Казахстану рэагавалі на пратэсты іначай. На пратэст шматдзетных маці, напрыклад, улады адрэагавалі ў той жа дзень. Цяперашні пратэст пачаўся 2 студзеня. На думку Палавінкі, улады не паспелі належна адрэагаваць, праз (як бы гэта ні гучала) навагоднія святкаванні. Адзін дзень не рэагавалі, другі дзень – пратэст пайшоў, як снежны ком.

Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане

Рыторыка Такаева магла толькі больш абурыць пратэстоўцаў. Палавінка звяртае ўвагу на словы прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева ў Twitter: тон шмат каму мог здацца зняважлівым, асабліва людзям на захадзе Казахстану, дзе і пачаліся пратэсты. Людзі, маўляў, зразумелі: нашто такая ўлада, якая так рэагуе на такія простыя просьбы?

Магчыма, пратэстоўцы вырашылі не спыняцца. Палавінка мае дзве гіпотэзы, чаму цяпер, нават пасля адстаўкі Нурсултана Назарбаева, пратэстоўцы ў Алматы забарыкадавалі цэнтр, штурмуюць урадавыя будынкі ў Алматы і захапілі аэрапорт. Або гэта нейкі па-асабліваму спланаваны бунт і добра падрыхтаваныя пагромшчыкі, або людзі вырашылі не спыняцца. Падобна, калі ўлады пайшлі на эканамічныя саступкі і нават часткова на палітычныя, у прынамсі часткі пратэстоўцаў з’явілася адчуванне, што «зараз мы даціснем, знясем рэжым».

Што з Назарбаевым, няясна. Сыход Назарбаева з пасады старшыні Савету бяспекі і прыход Такаева на гэтую пасаду – саступка пратэстоўцам, нягледзячы на рыторыку Такаева пра «дзеяць жорстка». Але ці ён сам сышоў, ці Такаеў яго зрынуў, ці прыняў на сябе ўсе рызыкі на выпадак расстрэлаў дэманстрантаў, невядома.

Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым

Чаму Алматы, але не Нур-Султан? Алматы – найбуйнейшы горад Казахстану, але ўжо 24 гады не ёсць сталіцаю. А ў сталіцы, Нур-Султане (так горад Астана завецца з 2019 года), былі хіба невялікія пратэсты ўчора, а сёння там няшмат шанцаў на арганізацыю пратэстаў праз надзвычайнае становішча. Палавінка тлумачыць, што ўся поўнач Казахстану «калі і рэагуе, то пазней за астатніх». Самыя актыўныя ў сэнсе пратэстаў людзі жывуць на захадзе, менш актыўныя – на поўдні (там Алматы), а найменш – на поўначы (дзе Нур-Султан). На поўначы пераважае расейскамоўнае насельніцтва, якое больш лаяльна ставіцца да ўладаў. Дый Нур-Султан – не толькі палітычная, але і бізнесовая сталіца: людзі там шмат разоў пралічаць рызыкі перад тым, як выходзіць на пратэст, бо «прыехалі туды, каб зарабляць грошы і добра жыць», а рэжым ім гэта дазваляе.

Рэжымы ў Беларусі ды Казахстане не такія і падобныя. Усходнія рэжымы, кажа Палавінка, дзеюць больш хітра і «па-змяінаму». Казахскія ўлады не даюць чалавеку дасягнуць поўнага расчаравання: нешта ў краіне паляпшаецца, пражыць неяк можна, хоць ясна, што ў краіне не зусім добра. Апазіцыю пераследавалі, але саджалі на не такія і вялікія тэрміны – «на цяперашні аўтарытарны час нават траваедныя тэрміны». А калі Назарбаеў фармальна сышоў з вярхоўнай пасады, рэжым зусім перастаў быць падобным да лукашэнкаўскага, стаўся больш падобным да расейскай «тандэмакратыі» за часоў прэзідэнцтва Дзмітрыя Мядзведзева. І нават, у адрозненне ад Уладзіміра Пуціна ў той час, Назарбаеў (магчыма, праз узрост) стаў слабнуць і даваць Такаеву збіраць уладу.

Казахскі пратэст адрозніваецца ад беларускага сацыяльнаю структураю. У Казахстане ядро пратэсту ўва ўсіх гарадах – выключна рабочыя з сацыяльных нізоў. Нафтавікі і газавікі, якія далучыліся да пратэсту пазней, атрымліваюць больш грошай за звычайных працаўнікоў, але і яны не багацеі – сярэдні рабочы клас. Такія людзі «не стануць пераводзіць пратэсту ў мірнае інтэлігентнае рэчышча», мяркуе Палавінка. Да нейкай мяжы чалавечай годнасці яны будуць мірнымі і гатовымі да перамоваў, але як толькі сустрэнуцца з гвалтам, не стануць падстаўляць другую шчаку, а адкажуць ударам.

Чаму «партызанскі» народ пратэстуе мірна?

У беларускага пратэсту былі лідары, хай нават «завочныя», а ў казахскага – няма. Нават калі Святлана Ціханоўская ці Марыя Калеснікава не выходзілі на маршы, усе разумелі, хто на чале пратэсту. У Казахстане праблема ў тым, кажа Палавінка, што, «мякка запрэсаваўшы пратэст, вычысцілі ўсіх, з кім можна было б дамаўляцца або на каго можна было б ціснуць». Пратэст вырас цалкам знізу, а тыя казахскія апазіцыйныя лідары, якія выказваюцца цяпер, далучыліся да пратэсту пазней і спрабуюць «перацягнуць пратэст сабе ў скарбонку». Але пратэст, які вырас знізу і без лідара, значна больш небяспечны. Як спыняць тое, ува што перарос пратэст у Алматы, незразумела.

Варыянтаў у Такаева няшмат. У Алматы можна паспрабаваць увесці танкі: пратэстоўцы там ужо захапілі бэтээры – застаецца хіба ўжываць танкі ды авіяцыю. А гэта «занадта нават для Такаева», мяркуе Палавінка. У пратэстоўцаў псіхалагічная перавага. Дамовіцца з тымі, хто цяпер захоплівае ўрадавыя будынкі ў Алматы, наўрад ці ўдасца. Выходзіць тупік, і перадумоваў для мірнага выйсця з яго няшмат.

Што будзе з Беларуссю ў 2022 годзе? Спыталі палітолага, эканаміста і псіхолага

МКБ, Нік, Майк, Цынік, Сямібаяршчына і Парадак. Прагнозы на 2022 год ад ананімных Telegram-каналаў

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны