Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым


У Казахстане – незвычайна масавыя пратэсты, сутыкненні з паліцыяй, нават спробы штурму адміністрацыйных будынкаў, у трох рэгіёнах абвесцілі надзвычайнае становішча. Кадры нагадваюць жнівень 2020 года ў Беларусі. Урад сышоў у адстаўку, але пратэст не спыніўся.

Пратэсты ў Казахстане з-за павышэння цаны на газ. Студзень 2022 года.
Фота: tengrinews.kz

Што адбываецца і чаму? Гэта «Белсату» патлумачыў палітолаг з Казахстану Дымаш Альжанаў.

Абноўлена
Онлайн. Чацвёрты дзень пратэстаў у Казахстане
2022.01.05 10:44

Нурсултан Назарбаев ва ўладзе больш за 30 гадоў. Ён стаў першым прэзідэнтам незалежнага Казахстану пры канцы 1991 года, але прэзідэнтам Казахскай ССР стаў яшчэ ў сярэдзіне 1990-га, а кіроўныя пасады займаў з 1984 года. Увесну 2019 года Нурсултан Назарбаеў перадаў пасаду прэзідэнта Касым-Жамарту Такаеву, а сам застаўся старшынём Савету бяспекі. Але Такаеў не мае палітычнай вагі: Альжанаў кажа, што Назарбаеў абраў такога пераемніка, які не стварае непасрэднай пагрозы для ягонай улады.

З 1990-х Назарбаеў умацоўваў асабістую ўладу. Казахстан лічыцца аўтарытарнай краінай. Напрыклад, у «Democracy Index», які публікуе брытанская газета «The Economist», Казахстан ва ўзроўні дэмакратыі на 128-м месцы ў свеце, Расея на 124-м, Беларусь на 148-м. Альжанаў кажа, што рэсурсы Казахстану выкарыстоўваюцца дзеля ўзбагачэння сям’і і асяроддзя Назарбаева, яны валодаюць буйнымі прадпрыемствамі і значнай уласнасцю за мяжой, а 7075 % насельніцтва лічацца людзьмі з нізкімі даходамі.

Першы прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў і новы кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў.
Фота: прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан

Хвалю пратэстаў справакаваў двухразовы рост цаны на паліва. Звадкаваны газ, на якім ездзіць значная частка машынаў у Казахстане, падаражэў удвая. У абсалютных лічбах гэта няшмат: рост з 50 да 120 тэнге за літр – гэта рост з $ 0,12 да $ 0,28 (а расход газу на 100 км толькі крыху большы за расход бензіну). Але рост коштаў значна паўплываў на пакупніцкую здольнасць насельніцтва, вялікая частка якога зусім не багатая і моцна закрэдытаваная.

Такі пратэст быў пытаннем часу. Праблемы назапашваліся 30 гадоў, у насельніцтва не толькі нізкія даходы, але і праблемы з доступам да добрай адукацыі і добрай медыцыны, квітнела карупцыя. Дзяржава за 30 гадоў так і не стварыла рынкавую эканоміку. Эксперты папярэджвалі, што патрэбныя палітычныя рэформы, каб пачаліся эфектыўныя эканамічныя рэформы. Масавыя пратэсты (хай не такія маштабныя) здараліся і ў 2010-я. Замест газу цяпер мог бы быць рост коштаў на камунальныя паслугі ці нейкія тавары.

Пратэсты пачаліся на захадзе краіны, але перакінуліся на іншыя рэгіёны. Патрабаванні хутка змяніліся з эканамічных на палітычныя, паліцыя пайшла на сутыкненні, людзі адказалі гвалтам на гвалт, яны штурмуюць мясцовыя адміністрацыі.

Назарбаеў наўрад ці можа змяніць сітуацыю ў лепшы бок. За 30 гадоў грамадства стамілася, на вуліцах крычаць не пра кошты на газ, а крычаць «Шал, кет!» – «Стары, сыходзь!». Раскол элітаў быў бы пажаданым варыянтам для пратэстоўцаў, яны хацелі б збалансаваную ўладу, парламент з паўнамоцтвамі (як, напрыклад, ва Украіне). Але палітычнае поле зачышчанае, надзеі на раскол элітаў мала.

Сілавікоў не хапае. Паліцыя і ўнутраныя войскі не спраўляюцца з колькасцю пратэстоўцаў, улады мабілізуюць шараговых «офісных» паліцэйскіх. Пратэсты душаць тымі ж сродкамі, што ў Беларусі ў 2020 годзе, але ў Казахстане больш складана лакалізаваць пратэст і раўнамерна размеркаваць рэсурсы – краіна большая і больш складана ўладкаваная з геаграфічнага і дэмаграфічнага гледзішча. Разумеючы складанасць сітуацыі, сілавікі могуць пачаць масава пераходзіць на бок пратэстоўцаў, але можна чакаць і эскалацыю гвалту. З-за глушэння інтэрнэту і шматгадовага абмежавання свабоды слова інфармацыя абрывістая.

Пуцін увядзе войскі? Казахстан – саюзнік Крамля, але не настолькі залежны ад яго, як Беларусь. Умяшанне Расеі магчымае ў выглядзе дапамогі дзейнай уладзе ў падаўленні пратэсту або пасля змены ўлады ў выглядзе ўплыву на выбар новага кіраўніцтва і палітычнай сістэмы. Патрабаванне пратэстоўцаў аб парламенцкай рэспубліцы ў Казахстане відавочна непрымальнае для аўтарытарнай Расеі. Прамы ўвод расейскіх войскаў «выходзіў бы за ўсе рамкі і стварыў бы толькі больш праблемаў», кажа Альжанаў. Сярод іншага таму, што пратэсты ў Казахстане маюць афарбоўку нацыянальнага ўздыму.

АА belsat.eu

Стужка навінаў