Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане


Belsat.eu распавядае гісторыю самых масавых і рэзанансных пратэстаў у Казахстане.

Снежаньскае паўстанне 1986 года

У снежні 1986 года ў Казахстане адбыліся масавыя пратэсты, якія ўвайшлі ў гісторыю як снежаньскія падзеі ў Алматы або «снежаньскае паўстанне» («Желтоксан»).

Пратэсты былі справакаваныя рашэннем Міхаіла Гарбачова прызначыць на пасаду першага сакратара Камуністычнай партыі Казахстану Генадзя Колбіна – ён мусіў замяніць Дінмухамеда Кунаева, які сыходзіў на пенсію. Расеец Генадзь Колбін ніяк не быў звязаны з Казахстанам і не ведаў казахскай мовы, што выклікала незадаволенасць у грамадстве. Пратэстоўцы хацелі, каб кіраўніком быў прызначаны прадстаўнік карэннага народу.

Галоўным рухавіком пратэстаў стала студэнцкай моладзь, першая дэманстрацыя адбылася 16 снежня 1986 года. Пратэсты праходзілі пад лозунгамі нацыянальнага самавызначэння і барацьбы з дыктатам Масквы.

Пратэсты ў Казахстане.
Фота: ORDA

Улады СССР адразу далі загад надзвычай жорстка здушыць пратэст у межах аперацыі «Завіруха-1986». Дэманстрантаў збівалі дубінкамі і сапёрнымі лапаткамі, цкавалі сабакамі, аблівалі вадой на марозе. Пратэстоўцы ў сваю чаргу спрабавалі аказаць супраціў, уступалі ў сутычкі з сілавікамі, кідалі ў іх камяні.

Паводле афіцыйных звестак, падчас падзеяў 16-18 снежня загінулі 6 чалавек. Але па неафіцыйнай версіі гаворка можа ісці пра дзясяткі і нават сотні забітых.

Падчас разгону вулічных дэманстрацыяў былі затрыманыя каля 8,5 тысяч чалавек, больш за 1700 атрымалі цяжкія траўмы. Каля 900 чалавек трапілі пад адміністратыўны пераслед, 99 студэнтаў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Двух пратэстоўцаў прысудзілі да расстрэлу, які быў потым заменены на вялікія тэрміны зняволення. Адзін з двух прысуджаных да смерці студэнтаў выйшаў на волю праз 7 гадоў, а другі загінуў у турме – імаверна, быў забіты па загаду спецслужбаў.

12 снежня 1991 года прэзідэнт Казахскай ССР Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб рэабілітацыі рэпрэсаваных за снежаньскія падзеі, а потым неаднаразова прызнаваў, што «Желтоксан» паклаў пачатак здабыццю Казахстанам незалежнасці і суверэнітэту. У 2006 годзе ў гонар паўстання быў створаны манумент «Зара незалежнасці».

Але дагэтуль прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці маюць шмат пытанняў да ўладаў у сувязі з «Желтоксанам»: яны лічаць, што кіраўніцтва краіны хавае праўду, у тым ліку наконт колькасці загінулых і ролі самога Назарбаева ў тых падзеях (у снежні 1986 года ён быў старшынёй савету міністраў).

Расстрэл пратэстоўцаў у Жангаўэзене

Пратэсты рабочых даччынай кампаніі найбуйнейшай дзяржаўнай нафтавай карпарацыі «КазМунайГаз» у Жангаўэзене цягнуліся 7 месяцаў, з траўня 2011 года. Пратэстоўцы амаль увесь гэты час высоўвалі выключна эканамічныя патрабаванні – павышэнне заробкаў і паляпшэнне ўмоваў працы. Улады не ішлі на саступкі нафтавікам, а на актывістаў рабочага руху і іх сваякоў аказваўся ціск. Прафсаюзны актывіст Жаксылак Турбаеў быў забіты, дачку аднаго з забастоўшчыкаў згвалцілі і таксама забілі.

16 снежня 2011 года сілавікі адкрылі агонь па бяззбройных людзях. Улады зрабілі ўсё, каб спыніць распаўсюд інфармацыі аб гэтай трагедыі: інтэрнэт і сотавая сувязь у Жангаўэзене была адключана, дарогі перакрытыя. У горадзе ўвялі надзвычайнае становішча.

У Казахстане не сціхаюць пратэсты, выкліканыя рэзкім павышэннем цэн на звадкаваны газ у два разы. Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Жанаазене, іх падтрымалі найбліжэйшыя населеныя пункты. Алматы, Казахстан. 4 студзеня 2022 года.
Фота: newsnurkz / Telegram

Улады заявілі, што сілавікі дзейнічалі ў межах закону і выкарыстоўвалі зброю толькі ў мэтах самаабароны. Але ў сеціва амаль адразу трапілі кадры, якія сведчаць пра тое, што сілавікі проста ішлі па вуліцы і расстрэльвалі мірных пратэстоўцаў, якія нават не набліжаліся да праваахоўнікаў.

Паводле афіцыйных звестак, былі забітыя мінімум 15 чалавек, каля сотні атрымалі раненні. Але медыі і праваабаронцы паведамлялі пра прыкладна 70 забітых і 500 параненых.

У падтрымку нафтавікоў Жангаўэзену пратэстоўцы перакрылі рух на чыгуначнай станцыі Шэтпе. Паліцыя там зноў страляла: адзін чалавек быў забіты і 11 паранены.

Трагедыя ў Мангістаўскай вобласці мела вялікі рэзананс як у Казахстане, так і за мяжой. Улады былі вымушаны прызнаць пэўныя «перагібы»: пяць паліцыянтаў былі пакараныя невялікім тэрмінамі зняволення за перавышэнне паўнамоцтваў падчас страляніны ў Жангаўэзене. Таксама трапіў пад пераслед начальнік ІЧУ, дзе затрыманых пратэстоўцаў катавалі. Аднак праваабаронцы лічаць, што ўлады проста знайшлі «казлоў адпушчэння», каб не праводзіць рэальнага расследавання тых падзеяў.

Зямельныя пратэсты

У красавіку 2016 года ў Атыраў, Актобэ, Семей і іншых гарадах Казахстану распачаліся пратэсты супраць паправак у Зямельны кодэкс.

Папраўкі прадугледжвалі, што землі сельскагаспадарчага прызначэння, якія знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасці і здаваліся ў арэнду, цяпер могуць быць прададзеныя на аўкцыёнах. Новы закон выклікаў абурэнне ў грамадстве: людзі баяліся, што Казахстан у выніку страціць кантроль над сваімі землямі і ўсё скупяць замежнікі, у першую чаргу кітайцы. «Зямля – маці, а маці не прадаюць!» – стаў самым папулярным лозунгам пратэстаў.

Hавiны
Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым
2022.01.05 14:22

Спачатку ўлады не разганялі мітынгі, да пратэстоўцаў нават выходзілі прадстаўнікі мясцовых адміністрацыяў. Але пратэсты не сціхалі. Таму ўлады перайшлі да больш рашучых дзеянняў. Нурсултан Назарбаеў з аднаго боку быў вымушаны пайсці на саступкі – ён увёў мараторый на папраўкі і абвінаваціў чыноўнікаў у тым, што яны не дапрацавалі зямельную рэформу. З іншага боку ён загадаў задушыць вулічныя пратэсты. Сілавікі не далі правесці дэманстрацыі 21 траўня, праца інтэрнэту была абмежаваная, у горадах адбываліся масавыя затрыманні. Толькі ў Алматы і толькі за 21 траўня былі кінуты за краты 500 чалавек. Некаторыя актывісты трапілі пад крымінальны пераслед.

Цікава, што фактычна тую ж тактыку (пэўныя саступкі ў звязку з рэпрэсіямі) ў 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка зрэалізаваў супраць пратэстаў недармаедаў.

Пратэсты ў год транзіту ўлады

У 2019 годзе Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду прэзідэнта, у краіне былі абвешчаны датэрміновыя выбары. Назарбаеў пры гэтым не сыходзіў з палітыкі, ён захаваў за сабой ключавыя дзяржаўныя і партыйныя пасады. Ягоным пераемнікам на пасадзе прэзідэнта стаў Касым-Жамарт Такаеў – прадстаўнік назабраеўскай эліты.

Першы прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў і новы кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў. Крыніца фота: Афіцыйны сайт Прэзідэнта РК

Падзеі, звязаныя з кантраляваным транзітам улады, справакавалі масавыя пратэсты. Людзі былі незадаволены, што лёс краіны вырашылі за іх і патрабавалі свабодных выбараў. Шэраг акцыяў быў праведзены яшчэ ў траўні, але свайго піку пратэсты дасягнулі ў дзень галасавання 9 чэрвеня і наступныя дні. Паводле МУС Казахстану, у Алматы і Нур-Султане было затрымана каля чатырох тысяч чалавек, звыш за тысячу прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці.

Сотні чалавек былі затрыманыя пры спробе арганізаваць мітынг у дзень народзінаў Назарбаева 6 ліпеня. А раней, калі ён толькі абвесціў пра сыход з пасады прэзідэнта, сілавікі разагналі пратэсты супраць перайменавання Астаны ў Нур-Султан.

2019 год быў наогул багаты на пратэсты ў Казахстане. Акрамя мітынгаў за свабодныя выбары, у краіне цягам года пракацілася хваля лакальных выступаў і акцыяў.

У студзені ў Карагандзе людзі патрабавалі справядлівага расследавання забойства маладзёна падчас бойкі ў рэстарацыі. У Жангаўэзене ў лютым-сакавіку мясцовыя жыхары былі незадаволеныя сітуацыяй з працаўладкаваннем. У Астане пасля трагедыі з гібеллю пяці дзяўчынак у часовым збудаванні людзі патрабавалі вырашыць жыллёвае пытанне і ўзмацніць сацыяльную падтрымку (дарэчы, улады тады пайшлі на некаторыя саступкі).

А ў верасні 2019 года ў некалькіх гарадах Казахстану адбыліся акцыі супраць «кітайскай экспансіі» – пратэстоўцы выступалі супраць рэалізацыі кітайскіх эканамічных праектаў у сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў