20+ беларускіх песень 2021 года. З кліпамі і плэйлістам


Сабралі галоўныя трэкі, якія беларускія выканаўцы выдалі ў 2021 годзе. Чулі такое?

Тое, пра што скажам ніжэй, у плэйлісце.

У 2020 годзе ў беларусаў галоўнымі песнямі былі «Перемен» Віктара Цоя, гімн польскай «Салідарнасці» на каталонскую мелодыю – «Муры» ў перакладзе Андрэя Хадановіча, «Мы не народец» рагачоўцаў «Tor Band» і «Правілы» магілёўцаў «Nizkiz».

Вясной 2021-га «Nizkiz» запісалі «Блізка» – новую песню пра чаканне пераменаў. «Быццам бы ўсё ўжо знікла, быццам усё адбылося», але «сыдзе зіма імкліва».

«Tor Band» жа летам выдалі цэлы альбом «Finita la Commedia» са старымі пратэставымі хітамі і новымі песнямі. А на Новы год падарылі слухачам яшчэ і песню па матывах мэму «Беларус беларусу беларус», які ў 2020 годзе змяніў значэнне на супрацьлеглае.

Ветэраны року таксама былі актыўнымі. Лявон Вольскі 25 сакавіка выдаў альбом «Трыбунал»: дзевяць «баевікоў» і адна лірычная песня. Кліп на яе – ніжэй:

Таксама Вольскі запісаў песню «Палон» са свайго леташняга альбому «Амерыка» дуэтам з Маргарытай Ляўчук, а песню «Зямля» свайго першага гурту «Мроя» – разам з «Вольным хорам»:

А Ляўчук разам з Іванам Кірчуком і Сяргеем Доўгушавым заснавала этна-праект «Тры ніці». Збіраліся прадставіць кліп на песню «Царкоўка» яшчэ ў 2020-м, але вырашылі адкласці праз сумныя падзеі. У 2021-м кліп усё ж паказалі:

«Крама» ж выдала ў траўні альбом «Зацменны Блюз». Там усё той жа стары добры блюз-рок, цяпер –і пра Facebook, і пра Фаніпаль, і пра змаганне, і пра маці.

«Naviband» за год выдалі некалькі асобных песень: «Снег», «Плейлисты», «Однажды», «Сумнае свята», пераклад на англійскую ранейшага пратэставага хіта – «Girl in White». Разам з дуэтам VAL спелі «Вольныя сны». А яшчэ згадалі песню паўстанцаў з фільму «Галодныя гульні», пераклалі на беларускую, а потым запісалі разам з «Вольным хорам».

Вядомы гарадзенскі панк Алесь Дзянісаў (гэта ён спявае ў гурце «Dzieciuki», раней – у гуртах «Кальян» і «Людзі на балоце») у 2021-м выдаў акустычны альбом «Леаніды вяртаюцца…» на вершы Уладзіміра Караткевіча. Гэта ўжо другі ягоны акустычны альбом – у 2017-м ён выдаваў «Кароткую гісторыю Беларусі» на вершы Алеся Чобата. На песню «Турма» з таго альбому ў пачатку 2021-га ён выдаў кліп:

Пост-панкі «Петля пристрастия» восенню выдалі альбом «Не тот человек» – дзве старыя песні, астатнія новыя. Адна са старых, «Норма», перагукаецца адначасова з атмасферай страху і апатыі Беларусі-2021 і раманам Уладзіміра Сарокіна «Норма» з савецкага самвыдату 1980-х. А восенню лідар «Петли» разам з музыкамі «Port Mone» распачаў новы праект – «Polyn».

А тэхна-блюзавы гурт «Intelligency» перад гадавінай выбараў-2020 апублікавалі змрочны тэатральны кліп на «Малітву беларускую»:

«Naka» пераплюнулі іх у змрочнасці. Асцярожна, кліп «Изнутри» цяжка глядзець і слухаць тым, хто быў у Беларусі ў 2021 годзе або хацеў бы ў Беларусь вярнуцца, а не можа.

«Гильотину» праекту Сяргея Міхалка «Drezden» таксама цяжка глядзець, але гучыць гэта не настолькі брутальна (і нават лягчэй за «Brutto»).

Аляксандр Памідораў, які ў 2020-м спантанна адрэагаваў песняй «Я выхажу» на забойства Рамана Бандарэнкі, у 2021-м запісаў «Развітанне з Радзімай» – зусім не паланэз, а хардкор пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Бонусам да гэтага дадаў пераклад польскай песні «Гэтак людзі гавораць».

Зміцер Вайцюшкевіч пачаў год з кліпа на песню «Неверагоднасць», потым выдаў цэлы альбом дзіцячых песень «Вясёлка над плёсам», а завершыў год песняй «Пад ялінкай».

Рэпер Vinsent раптоўна вярнуўся з песняй «Космас» – расказаў, як ехаў на футбол, а прыйшоў да разумення, хто ён такі.

Рэпер «Imperator» (памятаеце «Чырвоным па белым», «Уздымайце запальніцы»?) запісаў у праекце «Belaroots» песню пра оруэлаўскі 1984 год:

А рэпер «B-Gosh» пасля Дня Волі расказаў, як беларусы стали весной:

У конкурсе маладых выканаўцаў «Заспявай-7» перамог гурт «Puaro» з песняй «Вымарай мора». Але нават большую папулярнасць атрымала іншая песня з конкурсу. Паўфіналісты «Заспявай-7» запісвалі дуэты з вядомымі выканаўцамі, і адзін з гэтых дуэтаў – спявачак Palina і Ketevan – пахваліў расейскі журналіст Юрый Дудзь. Як вынік, у кліпа на Youtube 700 тысяч праглядаў і яшчэ 2,2 млн праглядаў урыўку песні ў Instagram Дудзя. Астатнія дуэты з зоркамі паўфіналістаў конкурсу «Заспявай-7» ёсць тут.

Оперны спявак Ілля Сільчукоў, які ў 2020 годзе трапіў у «пратэставы мэйнстрым» з песнямі «Магутны Божа» і «Мова», у 2021-м выдаў эпічны кліп на песню «Волки»:

Металіст Лэслі Найф з гурту «Gods Tower» уцёк за мяжу ад «хіміі» за каментар, а перад тым запісаў з гуртом «Dymna Lotva» песню «Да волі» – у ёй абяцаў вярнуцца.

«J:Морс», якія ў 2020-м спявалі «Дыхаем зноў» разам з Вольскім, вясной 2021-га спелі пра Чарнобыльскую катастрофу, у канцы 2021-га спявалі «Бывай» – «пакуль няма на вуліцах танкаў», а «самалёты імкнуцца ў вырай», яны спадзяюцца, што ўсё «было варта».

Але ўсё не так сумна, усё горш беларусы ўмеюць весяліцца: парадыйныя кліпы праекту Маргарыты Ляўчук і блогера Андрэя Павука глядзяць сотнямі тысяч.

А летам 2021 года «стрэліў» трасянкамоўны гумарыстычны праект «Пан Усялян»:

І даўно вядомыя трасяншчыкі «Разбітае сэрца пацана» выдалі цэлы альбом «Ашчушчэнія».

Што яшчэ паслухаць з новага беларускага? Варыянтаў даволі шмат, нягледзячы на адсутнасць звычайнай для іншых краінаў музычнай індустрыі.

Напрыклад, альбом «Dazed» нью-вэйв-гурту «Dlina Volny», альбом «16+» гурту «Atesta», сольны альбом «Пуля» лідара «Без билета» Віталя Артыста, альбом «Жакі» ад жартаўніка «Leibonik» і ягоную сур’ёзную песню «Сымон», альбом «Talk to Me» гурту «Mission Jupiter», альбом «XXV» наноў запісаных найлепшых песень гурту «Znich», эксперыментальны альбом «Падтэксты» з вершамі паэтаў Сярэдняй Азіі ад гурту «Vuraj» з Уладзем Лянкевічам, «бардаўскі» зборнік «Айчына і каханне» лідара «Старога Ольсы» Змітра Сасноўскага, альбом «Б’ецца сэрца» гурту «ХараЧакра», міні-альбом «Усю восень» гурту «Dee Tree», песні «Голад» гурту «Мутнаевока», «Межы» гурту «Laudans», «Не дазволь!» гурту «Паветра», «Караблі» гурту «Sumarok», «Leta» гурту «Intelligency», «Пауза» гурту VAL, «Flower Maiden» праекту «Dzivia», «Арэлі» і «Колькі каштуюць стасункі» спявачкі Lear, «Шукала» і «Чакры» спявачкі Iva Sativa, злобную «Мусор» гурту «Три процента», упэўненую «Гэта наш горад» гурту «Партызанскі праспект» і вясёлую «Пикет» гурту «Требуем разойтись!»…

Можна яшчэ паслухаць альбом Макса Каржа «Психи попадают в топ», але, мяркуючы па статыстыцы стрымінгавых сервісаў, яго ўсе ахвочыя (якіх нямала) ужо паслухалі, а неахвочыя наўрад ці знойдуць там нешта пра сябе і Беларусь.

Каго не атрымаецца паслухаць ужывую, дык гэта затрыманых у справе гурту «Irdorath»: за музыку на пратэстах некаторым прысудзілі рэальныя тэрміны. Але можна паслухаць старыя песні «Irdorath», а лепей паглядзець іхнае музычнае шоў у лесе:

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

АА belsat.eu

Стужка навінаў