У Беларусі адмовіліся прадаваць аўтамабіль «Geely» расейцу і прапанавалі аформіць яго на беларуса


Дылеры кітайскага брэнда «Geely» у Беларусі адмовіліся прадаваць расейскім грамадзянам свае аўтамабілі і прапанавалі спачатку аформіць аўтамабілі на мясцовых жыхароў. Пра гэта паведамляе партал «Autonews».

Фота: geely.by

Паведамляецца, што менеджар аднаго з буйных дылерскіх цэнтраў «Geely» адмовіўся афармляць дамову куплі-продажу на расейскі пашпарт. Ён прапанаваў адзінае, паводле яго слоў, выйсце: знайсці чалавека з беларускім дакументам і для пачатку аформіць машыну на яго. Аб прычынах такіх абмежаванняў прадавец расказаць не змог. У іншым дылерскім цэнтры, куды карэспандэнт парталу звярнуўся па тэлефоне, паведамілі, што расейцу машыну прададуць, але для гэтага трэба прыехаць асабіста, каб «вырашыць пытанне з афармленнем на месцы».

Афіцыйны прадстаўнік кітайскай кампаніі ў Расеі, да якога звярнуўся карэспандэнт, пракаментаваць гэтую сітуацыю таксама не змог.

Таксама паведамляецца, што ў Менску некаторыя мадэлі «Geely», якія цікавілі пакупніка, каштуюць на некалькі тысяч долараў танней, чым у Маскве.

Эксперт па набыцці і перагоне аўтамабіляў з Беларусі і іншых краін Руслан Крыванос патлумачыў гэта тым, што з пункту гледжання палітыкі імпарцёра дылеры імкнуцца захоўваць рэгіён рэалізацыі тавараў. Гэта значыць не перабіваць попыт у Расеі, прадаючы машыны з Беларусі расейцам.

Юрысты з Беларусі, якія спецыялізуюцца на абароне правоў спажыўцоў, патлумачылі, што згодна з мясцовым законам «Аб абароне правоў спажыўцоў» не прадугледжана ніякіх абмежаванняў па коле асоб пры продажы якіх-небудзь тавараў, уключаючы аўтамабілі. Так, напрыклад, не ўзнікла ніякіх праблем у пытанні набыцця ў Беларусі аўтамабіляў «Lada», «Renault» і «Kia».

Агляд
Беларускі аўтарынак патрыманых машынаў: аўты старэюць, а кошты на іх растуць
2022.11.18 14:11

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў