Замежныя СМІ са спасылкай на разведку ЗША: Расея рыхтуецца ўварвацца ва Украіну


Разведслужбы ЗША вызначылі, што Расея плануе магчымы ваенны наступ на тэрыторыю Украіны, які можа пачацца ў пачатку 2022 года. Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на сваю крыніцу ў адміністрацыі ЗША.

Расейскія войскі каля ўкраінскай мяжы 1 лістапада 2021 года.
Фота: Maxar Technologies

Паводле ацэнак разведкі, Расея плануе размясціць на мяжы каля 175 тысяч вайскоўцаў. Амаль палова з іх ужо размешчана ў розных кропках каля мяжы з Украінай, па словах прадстаўніка адміністрацыі Байдэна. Паведамляецца, што расейскія планы «прадугледжваюць перакідку 100 батальённых тактычных груп разам з бронетэхнікай, артылерыяй і абсталяваннем».

Супрацоўнікі спецслужбаў таксама заўважылі рост расейскай прапаганды за кошт выкарыстання давераных асоб і сродкаў масавай інфармацыі для «ачарнення» Украіны і НАТА напярэдадні патэнцыйнага ўварвання.

ВІДЭА
Чым NATO адкажа Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну?
2021.12.04 14:35

Афіцыйныя асобы ЗША і былыя амерыканскія дыпламаты кажуць, што, хоць Пуцін відавочна закладвае аснову для магчымага ўварвання, украінскія вайскоўцы сёння лепш узброеныя і падрыхтаваныя, чым у мінулыя гады, і санкцыі, якімі пагражае Захад, нанясуць сур’ёзную шкоду эканоміцы Расеі. Па іх словах, застаецца незразумелым, ці мае намер Пуцін пайсці на рызыкоўнае наступленне.

Раней у пятніцу, 3 снежня, Байдэн паабяцаў зрабіць «вельмі і вельмі цяжкім» для Пуціна ваенныя дзеянні на Украіне і заявіў, што новыя ініцыятывы яго адміністрацыі накіраваны на стрымліванне расейскай агрэсіі.

«Мы ведалі аб дзеяннях Расеі на працягу доўгага часу, і я чакаю, што ў нас будзе доўгая дыскусія з Пуціным», – сказаў Байдэн.

Нагадаем, тэлефонная размова Пуціна і Байдэна запланавана на вечар аўторка, 7 снежня.

Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама папярэдне дамовіліся аб сустрэчы на наступным тыдні.

Hавiны
Спецслужбы сцвярджаюць, што Крэмль рыхтуе ўварванне ва Украіну, у тым ліку праз Беларусь
2021.11.21 15:50

АД, belsat.eu

Стужка навінаў