Юрый Дзівакоў у Польшчы ставіць спектакль, які б упрыгожыў беларускую сцэну

«Новаспечаную» шаснаццацігодку Насцю запякаюць і падаюць на стол. Эпатажны тэатральны рэжысёр Юрый Дзівакоў ставіць спектакль «Насця», праўда, пакуль не ў Беларусі, а ў варшаўскім Teatry Powszechnym. Учора і сёння там паказваецца так званы эскіз да спектаклю, які каманда зрабіла за некалькі тыдняў. Усё ў стылі аўтара «Крыжовага паходу дзяцей» і «Песні песняў» – наўмысна задзірліва.

Гледачы апладзіруюць акторам спектакля «Наста», якія выйшлі на паклон пасля заканчэння свайго выступу. Варшава, Польшча. 3 снежня 2021 года. Фота: ВО / Белсат

Пастаноўка заснаваная на навеле Уладзіміра Сарокіна. У пісьменніка дзеянне адбываецца ў коле расейскай інтэлігенцыі ў 1900 годзе. Пакуль сям’я Сабліных з гасцямі ядуць сваю дачку, за сталом разважаюць пра філасофію, рэлігію і гісторыю.

У Дзівакова, вядома, гісторыя пэўным чынам актуалізаваная: у рэквізіце бачыцца чырвоная зорка, на сцяну праецыруецца тыповы савецкі дыван, акторы сядзяць на кукішках ці запраўлюць спартовыя штаны ў белыя шкарпэткі.

Прэм’ера спектакля Юрыя Дзівакова «Наста». Фота: Marianna Kulesza / Teatr Powszechny im. Zygmunta Hübnera

«За наўпроставымі падзеямі на сцэне нам прапануецца разгледзець тое, што адбываецца з людзьмі, якія засмажылі Насцю, – кажа Юрый Дзівакоў. – Яна толькі нагода – нагода разабрацца ў тых, хто яе з’ядае. Гісторыя амаль што не пра Насцю, яна толькі падстава ўбачыць сацыяльнае кола, палітычнае кола, міжнароднае кола, якія стаяць за ёй. Безумоўна, яна можа выглядаць ахвярай, але гэта штосьці большае і цікавейшае за ахвяру».

Галоўную гераіню іграе Дар’я Новік – былая спявачка хора Вялікага тэатру оперы і балета і былая ж актрыса тэатру «Тэрыторыя мюзікла». Музыку да спектаклю напісала Вольга Падгайская, што ўваходзіць у лік самых значных сучасных беларускіх кампазітараў.

Антон Сайфулаеў, Аляксандр Малчанаў, Наталля Русецкая і Дзмітрый Ермаловіч-Дашынскі прымаюць удзел у дыскусіі на тэму «Беларускі тэатр і грамадскія рухі ва ўмовах крызісу», якая прайшла пасля прэм’еры спектакля Юры Дзівакова «Наста». Варшава, Польшча. 3 снежня 2021 года. Фота: ВО / Белсат

Каманда пераважна беларуская, і гэта тыя людзі, што ў сённяшніх умовах не могуць заставацца ў тэатральнай сферы, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі. Сам рэжысёр, які апошнім часам, пакуль быў у краіне, працаваў у Свабодным тэатры, прыкладна паўгода таму з’ехаў за мяжу. Таксама «Насця» задзейнічае, у тым ліку ў ролях, калегаў з Польшчы і Украіны.

Акторы спектакля «Наста» і рэжысёр Юры Дзівакоў выйшлі на паклон пасля заканчэння спектаклю. Варшава, Польшча. 3 снежня 2021 года. Фота: ВО / Белсат

Першы паказ пастаноўкі адбыўся пры поўнай залі, на другі раскуплены ўсе квіткі. Пасля двух першых паказаў эскіза ў тэатры будзе вырашана, ці стане «Насця» сталым спектаклем у рэпертуары.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны