Як выехаць з Беларусі, калі ты кот палітвязня


Кот Персік жыве ў Варшаве. Ён прыехаў з Беларусі з трэцяй спробы. Ягоныя гаспадары з’ехалі на некалькі месяцаў раней: баяліся, што іх затрымаюць паводле крымінальнай справы. Перавознік Персіка таксама ўцёк з краіны.

Зміцер Паліенка і Анастасія Паліенка (Гусева) з катом Персікам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Наста і Дзіма пазнаёміліся ў 2017 годзе, у 2019-м – ажаніліся. Цяпер яны жывуць у цэнтры Варшавы. Вакол хмарачосы бізнес-цэнтраў. У доме, дзе жывуць Наста і Дзіма, на першых паверхах – гостэл. Уваходныя дзверы Наста не замыкае на ключ. Кажа, што ў Беларусі трэсліся ад кожнага шоргату, а цяпер нават забываюцца на ноч замыкаць. Мінулы Новы год яны сустракалі ў кватэры, якую здымалі падзённа, навагодняй елкі ў іх не было. Сёння яны купілі высокую штучную елку, ліхтарыкі і навагоднія цацкі.

Яны з’ехалі з Беларусі ўвосень 2020 года, калі іхнага прыяцеля затрымалі. Яго паказалі па БТ – Наста і Дзіма зразумелі, што ён даваў паказанні. У Беларусі застаўся іхні кот Персік.

«Мы спачатку самі з’ехалі. Ехалі хутка. А Персік быў яшчэ кацянём, у яго не было прышчэпак, чыпа і пашпарта», – кажа сужэнства.

Нарадзіўся ў адзін дзень з Лукашэнкам. І характар такі – не прызнае над сабой улады

Яшчэ да апошніх выбараў, у 2017 годзе, Дзіма быў прызнаны палітзняволеным.

У жніўні 2020-га ў Дзімы была «хатняя хімія», і муж з жонкаю на гэты час з’ехалі ў вёску, да мамы Насты.

Анастасія і Зміцер Паліенкі з катом Персікам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У вёсцы ў мамы была цяжарная котка. І яна пачала нараджаць у дзень нараджэння Лукашэнкі, калі быў марш. Я прымала роды і сачыла за маршам. Мама хацела ўтапіць Персіка – гэта стандартная працэдура ў вёсцы. Я злавіла яго першая, ён абсох і стаў прыгожым. Дзеці пачалі яго браць на рукі. І мама пашкадавала кацяня. Праз два тыдні ў скрынцы з-пад шкарпэтак ён паехаў з намі ў Менск».

У Варшаву кот дабраўся толькі з трэцяй спробы

Увосень пара пакінула Персіка ў знаёмай і з’ехала ў Варшаву. Яны не спадзяваліся, што змогуць забраць калісьці ката. Але праз пару месяцаў знаёмая сама прапанавала зрабіць прышчэпкі і пашпарт і знайшла чалавека, які пагадзіўся прывезці ката. Два месяцы рабілі прышчэпкі і чыпавалі, кот сядзеў на каранціне.

«Чалавек, які павінен быў везці Персіка, сам уцякаў з Беларусі. Ён быў на мяжы арышту. Аплацілі хлопцу квіткі, каб ён прывёз ката. Вырашылі, што паедзе проста аўтобусам у Польшчу. На мяжы яму пачалі задаваць пытанні, ці ёсць у яго брат. Ягоны брат сядзеў у турме. Потым яму сказалі, што жывёлінаў наагул забаронена перавозіць праз мяжу. І а 4-ай раніцы высадзілі з аўтобуса разам з катом. Тады ён паехаў таксоўкаю ў Берасце, зняў нумар у гатэлі з гэтым Персікам. І тут у яго пачалася алергія на ката. Ён кашляў, чхаў, не змог заснуць і пайшоў гуляць па Берасці, пакуль Персік адпачываў у нумары. Тады вырашылі, што ён паедзе праз Украіну, купілі квіткі. Гэта было раніцай. А днём прачыталі ў СМІ, што мужчын ва Украіну не пускаюць. Дзіма казаў, што Персік да нас не прыедзе, сказаў супакоіцца і не думаць пра гэта», – кажа Наста.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Хлопец з катом вярнуўся ў Менск і купіў квіткі на самалёт. А Наста хвалявалася, што там яго затрымаюць: што тады будзе з Персікам?

«А кот тым часам зламаў пераноску, яго перасадзілі ў кошык, які перацягнулі будаўнічымі сцяжкамі. Я папрасіла знаёмага, каб ён пабыў у аэрапорце, каб, калі затрымаюць перавозчыка, ён забраў ката. Але хлопец трапіў у самалёт. Я паехала сустракаць у Варшаўскі аэрапорт, спытала: «Як нам сустрэцца»? Ён сказаў: «Зойдзеш – зразумееш».

Кот Персік у кошыку, у якім прыехаў у Варшаву.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Я зайшла – і на ўсю залу крычаў мой Персік. Аказалася, бедны кот усю дарогу крычаў у салоне. Я спытала, як адчувалі сябе пасажыры. Хлопец сказаў, што не ведае, паколькі сядзеў увесь пералёт ў берушах. Персік панюхаў маю руку і замоўк», – распавядае Наста.

У Беларусі каля кампʼютараў стаяла чыгунная патэльня

Наста і Дзіма ўпрыгожваюць ялінку. Шары і пацеркі чырвонага і белага колеру. І ўспамінаюць сваё жыццё ў Беларусі:

«У нас у Беларусі былі зашыфраваныя кампʼютары. Але яны зашыфраваныя настолькі, наколькі ты ўмееш трываць боль, таму мы адкапалі на здымнай кватэры чыгунную патэльню і паклалі каля ноўтбукаў. Каб у выпадку пагрозы, проста разбіць кампʼютары. Тут, у Варшаве, першыя некалькі месяцаў баяліся суседзяў і званкоў. Цяпер ужо нічога не баімся. А ў Дзімы прайшлі прыступы астмы».

Анастасія і Зміцер.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Кот Персік на руках у Анастасіі Паліенкі.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дзіма Паліенка кажа, што не вельмі хоча вяртацца ў Беларусь. А Наста хоча вярнуцца, калі будзе бяспечна.

АГ/ДБ belsat.eu

Стужка навінаў