«Уражанні сумныя». Макей расказаў, як з’ездзіў на саміт АБСЕ ў Стакгольм


У сталіцы Швецыі 2–3 снежня праходзіла паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Беларусь там рэпрэзентаваў Уладзімір Макей. Ён расказаў пра вынікі на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1».

Уладзімір Макей і міністр замежных справаў Фінляндыі Пэка Хавіста на сустрэчы ў межах саміту АБСЕ. 3 снежня 2021 года.
Фота: mfa.gov.by

«Белсат» прыводзіць кароткі пераказ словаў Уладзіміра Макея. Поўная стэнаграма апублікаваная на сайце Міністэрства замежных справаў Беларусі.

  • Перш за ўсё Макея спыталі, якія ў яго ўражанні ад саміту. Ён адказаў, што ўражанні «сумныя», бо «АБСЕ фактычна ператварылася ў канфрантацыйную пляцоўку, калі ніхто не хоча пачуць здаровыя разважанні, здаровыя галасы».
  • Макею здалося, што заявы на адрас Беларусі і Расеі зачытваліся «як пад капірку», выказваліся «вядомыя прэтэнзіі».
  • З ім баяліся сустракацца адкрыта, пра большасць сустрэчаў «прасілі, каб яны засталіся канфідэнцыйнымі», бо за такія сустрэчы ў медыях і грамадскай думцы «падвергнуць астракізму» (у антычных Афінах – народнае галасаванне, па выніках якога небяспечнага злачынцу выганялі на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
  • У кулуарах, сцвярджае Макей, яму казалі, што «трэба ўсім спыніцца і ўжо думаць над тым, як спыніць далейшае нагнятанне напружанасці і далейшае раскручванне спіралі, злучанай з эскалацыяй сітуацыі».
  • Хтосьці «быў здзіўлены», калі Макей ім расказваў аб планаваным увядзенні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Хто менавіта, Макей не сказаў, але пра дату ўвядзення санкцыяў неафіцыйна казалі яшчэ 26 лістапада, а пра сам факт – яшчэ раней.
  • З тым, што «праз санкцыйнае процістаянне ніхто ніколі не дасягне сваіх мэтаў», заявіў Макей, згодныя «не ўсе, але вельмі многія». Імёнаў ці краінаў паходжання нязгодных не назваў.
  • Макей зноў згадаў Зянона Пазняка, які выказваўся супраць увядзення санкцыяў: сказаў, што «абсалютна згодны» з меркаваннем Пазняка, але не згадаў, што той заклікаў да прыпынення эканамічных санкцыяў дзеля дыялогу аб спыненні рэпрэсіяў, катаванняў і пераследу грамадзянскай супольнасці.
  • Зняважліва выказаўся аб сустрэчах Святланы Ціханоўскай, якія праходзілі паралельна з самітам. Макей казаў пра «вядомую мадам», ад сустрэчаў з якой хтосьці нібыта адмовіўся. Паводле колькасці сустрэчаў, аб якіх паведамлялі адкрыта, Ціханоўская абганяе Макея, але пра гэта ён не казаў.
  • АБСЕ не ўцягнутая ў міграцыйны крызіс, аб чым Макей шкадуе.
  • Еўразвяз нібыта шмат чаго наабяцаў у сувязі з міграцыйным крызісам. Тэхнічная місія Еўразвязу нібыта адмовілася сустрэцца з мігрантамі ў Беларусі.
  • Прыгразіў «адэкватнымі адказамі» на дзеяннях на заходніх межах «па лініі Міністэрства абароны, па лініі адпаведных сілавых ведамстваў». Маўляў, «гэта могуць быць самыя жорсткія неардынарныя рэчы», аб якіх казаў Лукашэнка.
Hавiны
«Еўропа – кепская, а Беларусь хоча міру». Пра што казаў Макей на саміце АБСЕ ў Стакгольме
2021.12.02 22:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў