Штам о-мікрон мог «падглядзець» мутацыю ў сезоннага вірусу, які выклікае прастуду


Навукоўцы пачынаюць даследаваць новы штам вірусу SARS-CoV-2. Пра заразнасць, летальнасць і ўстойлівасць да вакцынаў пакуль вядома мала (папярэдняя карціна дапускае аптымістычны сцэнар), але з’явілася тэорыя аб тым, адкуль такі дзіўны штам мог узяцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

У нядаўнім даследаванні (апублікаваны толькі прэпрынт – «чарнавік») навукоўцаў кампаніі «Nference» з ЗША, Канады і Індыі ў вірусе SARS-CoV-2 штаму о-мікрон заўважылі, што адна са шматлікіх мутацыяў магла з’явіцца з удзелам геномаў іншых вірусаў, якія заразілі тую ж клетку.

Сярод «падазраваных» – даўно вядомы каронавірус чалавека HCoV-229E, які выклікае звычайную прастуду. Новы каронавірус, пішуць навукоўцы, мог абмяняцца генамі з ім або падобным «старым» вірусам. Выпадкі так званай каінфекцыі двума і больш вірусамі адначасова ўжо вядомыя.

Адзін з даследчыкаў патлумачыў «Reuters», што такім чынам новы каронавірус (які, як мяркуюць, паходзіць ад пангалінаў) мог атрымаць «больш чалавечы» выгляд, каб пазбягаць атакаў чалавечай імуннай сістэмы, хутчэй распаўсюджвацца і пры тым выклікаць менш цяжкія сімптомы хваробы.

Hавiны
Штам о-мікрон. Што трэба ведаць беларусам і што рабіць кожнаму
2021.12.02 17:52

Гэтая знаходка, кажа даследчык, падкрэслівае важнасць вакцынацыі ад COVID-19: вакцынавацца трэба, каб вірус не трапляў да людзей са слабым імунітэтам і не эвалюцыянаваў далей. Дарэчы, слабы імунітэт і нават вірус імунадэфіцыту чалавека не з’яўляецца супрацьказаннем да вакцынацыі.

Ды гэта не адзіная тэорыя аб паходжанні штаму о-мікрон. Да таго выказваліся здагадкі, што вірус мог атрымаць шмат «прасторы» для эвалюцыі ў арганізме чалавека з паслабленым імунітэтам (напрыклад, у хворага на СНІД – на поўдні Афрыкі з гэтым бяда). Яшчэ адна тэорыя – што «чалавечы» вірус мог эвалюцыянаваць у штам о-мікрон у арганізме жывёлы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў