Расейскі холдынг VK «фактычна стаў дзяржаўным»


Колішняя «Mail.ru Group», якая кантралюе найбуйнейшыя расейскія сацсеткі, цяпер пад кантролем «Газпоамбанку» і сябра Пуціна.

Фота: mail.ru / Russian Look / Forum

Холдынг USM расейскага алігарха Алішэра Усманава 2 снежня абвясціў аб продажы сваёй долі ў 45 % кампаніі «МФ Технологии», якая валодае 53,7 % холдынгу VK (былы «Mail.ru Group»). Акцыі купіла страхавая кампанія «Согаз».

«The Bell» тлумачыць, што яшчэ 45 % акцыяў «МФ Технологии» кантралюе «Газпромбанк»: ужо выкупіў у лістападзе 36 % у банка «Сбер», а яшчэ 9 % акцыяў, якімі валодае USM, «знаходзяцца ва ўгодзе» з «Газпрамбанкам» (значэнне гэтай фразы не тлумачыцца). Яшчэ 10 % акцыяў «МФ Технологии» мае «дачка» дзяржаўнага «Ростеху».

«Согаз» звязаны з «Газпрамам», найбуйнейшы акцыянер – кампанія «Аквила», якая належыць саўладальніку барку «Россия» Юрыю Кавальчуку, які таксама звязаны і з «Газпромбанком». Кавальчука называюць сябрам Уладзіміра Пуціна.

Яшчэ чвэрць звычайных акцыяў і восьмую частку галасуючых акцыяў мае кангламерат «Prosus» – падраздзяленне паўднёваафрыканскага «Naspers». Кітайская «Alibaba Group» мае 9,5 % і 4,5 %, кітайская «Tencent» – 7 % і 3,3 %. Астатнія акцыі ў вольным абароце. Такім чынам, асноўны кантроль цяпер у расейскіх дзяржаўных і калядзяржаўных кампаніяў.

Шэраг расейскіх медыяў называе будучым генеральным дырэктарам VK Уладзіміра Кірыенкусына першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Пуціна, цяперашняга віцэ-прэзідэнта «Ростелекома».

Партал «TJournal» піша, што холдынг VK «фактычна стаў дзяржаўным». Партал заўважае, што Уладзіміра Кірыенку сталі шмат хваліць публічныя асобы, у тым ліку былая кандыдатка ў прэзідэнты Расеі Ксенія Сабчак. У каментарах на партале заўважылі «атаку ботаў», якія нахвальвалі меркаванага будучага кіраўніка VK.

Гісторыі
«Вконтакте» споўнілася 15 гадоў. 10 фактаў пра сацсетку
2021.10.10 13:25

«Mail.ru Group» абвясціла аб змене назвы і рэбрэндынгу 12 кастрычніка. Новая назва VK адсылае да самага папулярнага сэрвісу кампаніі. У актывах групы VK – сацыяльныя сеткі «УКантакце» і «Аднакласнікі», мэсэнджар ICQ, паштовы сэрвіс Mail.ru, студыі распрацоўкі відэагульняў і долі ў сэрвісах дастаўкі ежы.

«УКантакце» была створаная не «Mail.ru», а братамі Паўлам і Мікалаем Дуравымі. Павел Дураў заяўляў пра палітычны ціск, калі прадаваў сваю долю ў сацсетцы. Цяпер Дуравы развіваюць мэсэнджар Telegram, які ў 2018-2020 гадах беспаспяхова спрабавалі заблакаваць у Расеі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў