Падрыхтоўка да рэферэндума і інсайды пра візіт Макея ў Стакгольм


«Белсат» пераказвае апошнія падзеі вакол новых санкцыяў, які былі прынятыя на гэтым тыдні, а таксама план падрыхтоўкі да рэферэндуму і візіт Макея на саміт АБСЕ.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў у эфіру «Белсата», што згодна са звесткамі, якія паступаюць у НАУ і ініцыятыву «Честные люди» людзі ўжо рыхтуюцца да рэферэндума і звязваюцца з дэмакратычнымі сіламі.

«Мы бачым супрацьдзеянні ўлады тым акцыям, якія мы хочам правесці. Але важна адзначыць, што ўжо больш за 100 чалавек – будучых сяброў выбарчай камісіі, звярнуліся да нас для таго, каб пасля расказаць беларускаму грамадству пра тыя факты фальсіфікацыі, парушэнні якіх ажыццяўляе рэжым».

Па словах Латушкі, людзі расказваюць што раней удзельнічалі ва ўчастковых камісіях, але зараз адмаўляюцца ад таго, каб уваходзіць у іх. Таксама паведамляецца, што за ўдзел у камісіі ім абяцаюць узнагароду і наўпрост кажуць «мы вас не пакрыўдзім». Нават калі людзі адмаўляюцца ад удзелу, іх усё роўна спрабуюць пераканаць.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Фота: Афіцыйны канал Паўла Латушкі / Telegram

Таксама паведамляецца, што ўсе гутаркі з будучымі сябрамі выбарчай камісіі праходзяць адзін на адзін, каб выкарыстаць аргументы негатыўнага плана і прымусіць людзей увайсці ў склад камісіі.

«Улады баяцца таго, што беларусы прыйдуць на рэферэндум. Яны зацікаўлены ў тым, каб як мага менш людзей прыйшло, каб яны ў цішыні і спакоі закідалі тую колькасць галасоў, якая неабходная дыктатару, і падаць для грамадства гэтыя вынікі».

Агульная пазіцыя дэмакратычных сіл у тым, што тыя сябры ўчастковых камісій, якія гатовы супрацоўнічаць – вельмі важныя. Яны менавіта тыя, хто будзе перашкаджаць фальсіфікацыям ці хаця б змогуць паведамляць інфармацыю пра тое, як гэта ўсё будзе адбывацца.

На думку Латушкі на працягу таго, як будзе набліжацца дата рэферэндуму і калі яна стане вядома, колькасць назіральнікаў у выбарчых камісіях, якія выкажуць жаданні супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі, будзе павялічвацца.

«Што датычыцца ўведзеных санкцыяў – гэта кансалідаваная пазіцыя. І важна адзначыць, што гэта санкцыі не толькі з-за міграцыйнага крызісу, які ўтварыў рэжым, але і за тыя масавая рэпрэсіі, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі», – распавёў Латушка.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры распавёў інсайды з саміту АБСЕ, на якім прысутнічаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Франак Вячорка распавёў, што на саміт АБСЕ запрашаюць фармальна ўсіх, а Макей лічыцца прадстаўніком Беларусі. Але гэта не значыць, што яго прызнаюць. Падчас візіту Макей дабіваўся сустрэч з міністрамі замежных спраў АБСЕ, але фактычна яму ўсе адмовілі. Адмовіць яму не змаглі кіраўнікі парламенцкай асамблеі і ўласна АБСЕ, але правялі гэтыя сустрэчы канфідэнцыйна, тым самым прадэманстраваўшы стаўленне да Макея. «Цяпер ён не рукапаціскальны».

Франак Вячорка, дарадца і кіраўнік аддзелу знешняй палітыкі ў штабе Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Па словах Вячоркі, наратыў Макея падчас саміту быў такі, што калі вы будзеце на нас ціснуць, не будзеце прызнаваць Лукашэнку, мы здадзім незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

«Гэта такая спроба падымаць стаўкі, спроба шантажу і ціску. Але есць і пэўная пагроза, бо мы бачым што Расея зацікаўлена ў тым, каб карыстацца слабасцю рэжыма», – кажа Вячорка.

Таксама дарадца Ціханоўскай распавёў, што падчас саміту беларуская дэлегацыя зладзіла дэмарш, калі выступалі міністры замежных спраў і дзяржсакратар ЗША, яны дэманстратыўны выйшлі з залі, тым самым праявіўшы непавагу і парушылі этыкет такіх мерапрыемстваў. Але пра тое, што санкцыі трэба ўзмацняць і рабіць іх неабходнымі, – аб гэтым гаварылі ўсе.

Аднак зусім іншае стаўленне было да Святланы Ціханоўскай, якая ў той жа самы час знаходзілася ў Стакгольме і сустракалася з новым прэм’ер-міністрам Швецыі.

«Сустрэча працягвалася каля 20 хвілін, на якой абмяркоўвалі прыярытэты знешней палітыкі Швецыі. Ціханоўская казала пра тое, каб перанакіраваць тыя сувязі з дзяржаўнымі органамі Беларусі на грамадзянскую супольнасць. Таму што цяпер фонды культурнай, спартовай, медыцынскай салідарнасці – гэта протадзяржаўныя інстытуты, і тыя людзі, якія працуюць у іх, потым будуць працаваць у міністэрствах і пасля пераменаў будуць будаваць новую Беларусь».

У адказ на гэта новы прэм’ер-міністр Швецыі паабяцала прыняць новую стратэгію дапамогі Беларусі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў