Кінулі камень у вакно пракурора – сталі тэрарыстамі


Улады працягваюць пераслед беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю.

Палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук больш за паў гады за кратамі. Сёння стала вядома, што крымінальную справу супраць яе суд Заводскага раёну Менску пачне разглядаць 16 снежня. Вольгу вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

А стваральнік крамы Symbal.by Павел Белавус пасля 15 содняў арышту ня выйшаў на волю. Як паведамляе тэлеграм-канал @symbalby, у Паўла новы артыкул за «хуліганства». Чарговы суд мае адбыцца ў панядзелак. Сёння стала вядома аб затрыманні ўдзельніка пратэстаў, праграміста Глеба Скуратава, які быў падпісаны на тэлеграм-каналы «Тут.by» і «Чай с малиновым вареньем».

Барацьбу з грамадствам улады вядуць ня толькі ў рэальнай, але і ў віртуальнай прасторы. Інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода – Беларусь», яе аналагі ў сацыяльных сетках і на YouTube прызналі экстрэмісцкімі. Цяпер у экстрэмісцкім спісе звыш 300 тэлеграм-каналаў. Сярод іх усе незалежныя медыі, у тым ліку «Белсат».

Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк перакананы, што ўсіх падпісантаў каналаў, а гэта некалькі мільёнаў чалавек, улады не пасадзяць:

«Сапраўдная мэта гэта – застрашыць, таму што прымяніць рэпрэсіі да ўсяго насельніцтва краіны, якое супраць Лукашэнкі, гэта немагчыма, таму што зараз гэта большая частка насельніцтва Беларусі».

Супраць вядоўцы гомельскага радыё Аляксея Каверына завялі крымінальную справу за заклікі ў тэлеграм-каналах да ўдзелу ў мірных пратэстах. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу змусілі яго да публічнага пакаяння.

Вольга Такарчук.
Фота: spring96.org

Следчы камітэт і ГУБАзіК затрымалі трох менчукоў. Мужчынаў вінавацяць, што ў красавіку яны кінулі камень у вакно супрацоўніка пракуратуры, персанальныя дадзеныя якога напярэдадни апублікавалі ў тэлеграм-каналах.

«Устаноўлена, што арганізатарамі злачынства з’яўляюцца адміністратары экстрэміскага тэлеграм-каналу «Буслы ляцяць», які ўваходзіць у тэрарыстычную арганізацыю «Супраціў». Яны пазіцыянавалі гэта як акцыя скіраванага дзеяння», – заявіў начальнік аддзелу ГУБАЗіК Сяргей Ванагель.

Пакуль сілавікі ўрываюцца ў кватэры і ставяць мірных грамадзянаў на калені, кіберпартызаны выклалі на чорную мапу асабістыя дадзеныя 114 супрацоўнікаў СОБР. Гэта ня спыніць тэрор, бо ў ім задзейнічаная цэлая дзяржаўная сістэма, перакананы Павел Усаў:

«Магчыма ў перспектыве, калі адбудуцца змены, гэтыя людзі патрапяць пад судовы пераслед. Таксама, на маю думку, на гэтыя злівы павінны рэагаваць еўрапейскія краіны, уносіць гэтых людзей у санкцыйныя спісы, але мы ведаем, што ў так званым санкцыйным чорным спісе не больш за 100 асобаў».

Каб пазбавіць рэпрэсаваных беларусаў фінансавай дапамогі, МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем «Фонд салідарносці BYSOL». Гэта не паўплывае на дзейнасць фонду, а беларусы надалей будуць атрымліваць дапамогу – запэўнівае кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак:

«Мы рэкамендуем, і вельмі настойліва рэкамендуем выкарыстоўваць шляхі для данатаў альбо расейскія, альбо еўрапейскія карты, альбо сістэму PayPal. Улічваючы, што беларуская ўлада абвесціла нас экстрэмістамі, то гэта больш бяспечныя шляхі пераводу грошай на карысць нашым бенефіцыярам».

Барацьба з тэлеграм-каналамі, арышты актывістаў – гэта не ўсе інструменты ўлады па запужванні грамадства. На дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах працягваюцца масавыя звальненні спецыялістаў.

Антон Каменскі «Белсат»

Стужка навінаў