Дзяржсакратар ЗША: Міграцыйны крызіс у Беларусі і ціск Расеі на Украіну звязаныя


«Калі Расея будзе займацца неабдуманымі агрэсіўнымі дзеяннямі, мы будзем супрацьстаяць ім», – такую пазіцыю прэзідэнта Злучаных Штатаў пацвердзіў Блінкен.

Энтані Блінкен, дзяржсакратар ЗША.
Фота: state.gov

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен узяў удзел у глабальнай віртуальнай канферэнцыі «Reuters NEXT». Вялікая частка размовы была звязаная з Расеяй і яе магчымай атакай на Украіну.

Блінкен сказаў, што спадзяецца на тое, што Расея не стане ладзіць уварванне ва Украіну, але ЗША падзяляе занепакоенасць з саюзнікамі і партнёрамі аб магчымым аднаўленні Расейскай агрэсіі супраць Украіны. Тое, што бачылі ў апошнія тыдні, «вельмі-вельмі непакоіць», але ёсць рашучасць паказаць, што калі агрэсія адновіцца, «будуць вельмі сур’ёзныя наступствы».

Блінкен расказаў, што меў доўгую гутарку з расейскім міністрам замежных справаў – «вельмі-вельмі спадзяецца», што Расея яго пачула і абярэ дыпламатычны шлях, а не шлях канфрантацыі і агрэсіі. Найважней, каб Расея адвяла войскі ад украінскіх межаў, бо весці дыпламатыю, калі «пісталет прыстаўлены да чыёйсьці галавы», вельмі складана.

Адно з пытанняў было аб тым, ці ёсць «геапалітычная стратэгія» ў пагрозах Уладзіміра Пуціна вайной з Украінай, мігрантах на межах Беларусі і Еўразвязу, а таксама трубапровадам «Паўночны паток-2». Блінкен пагадзіўся: імаверна, ёсць.

«Тое, што мы бачым у Беларусі на межах трох краінаў, гэта сапраўды абуральнае выкарыстанне мігрантаў у якасці палітычнай зброі – гэта можа пасеяць хаос і нестабільнасць. І адначасова ўзмацненне ціску на Украіну, і так, энергетыка таксама , асабліва ў зімовы перыяд. Я думаю, што гэтыя рэчы звязаныя», – разважаў Блінкен.

Ён дадаў: важна тое, што ён чуў ад еўрапейскіх калегаў на самітах NATO і АБСЕ не толькі занепакоенасць адносна Расеі, але і рашучасць процістаяць ёй.

«Канфрантацыя не будзе ні ў чыіх інтарэсах, – падкрэсліў Блінкен. – Але прэзідэнт Байдэн асабліва ясна казаў прэзідэнту Пуціну, што мы хочам больш стабільных і прадказальных адносінаў, але таксама ён вельмі ясна сказаў, што калі Расея будзе ўдзельнічаць у неабдуманых, агрэсіўных дзеяннях, мы будзем супрацьстаяць ім».

Блінкен таксама згадаў, што за апошнія гады ўсё, што зрабіў Пуцін, «выклікала менавіта тое, што ён казаў, што хоча перадухіліць».

ВІДЭА
Ці пойдзе беларускае войска паміраць за Аляксандра Лукашэнку?
2021.12.03 17:01

АА belsat.eu

Стужка навінаў