Дні супраць гвалту. Ці дапаможа інфармаванне спыніць катаванні ў Беларусі?


Міжнародная кампанія «16 актыўных дзён супраць гендарнага гвалту» накіраваная на тое, каб звярнуць увагу грамадства на праблему гвалту над жанчынамі. Але сёння Беларусь уся прасякнутая гвалтам. Мы пагутарылі з фемактывісткай, прадстаўніцай фемгрупы Каардынацыйнай рады Юліяй Міцкевіч пра тое, што можна зрабіць сёння, каб хоць неяк паўплываць на праблему ўнутры краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jorge Silva / Reuters / Forum

«Праблема гвалту нікуды не знікае, а ў часе нейкіх крызісаў толькі пагаршаюцца. Для Беларусі гэта суперактуальна, бо мы бачым, як гвалт стаў часткай дзяржаўнай сістэмы. Я лічу, што хатні гвалт проста выйшаў з хат на вуліцы і стаў гвалтам дзяржаўнага ўзроўню. У прыватнасці, гэта звязана з тым, што не быў прыняты Закон супраць хатняга гвалту, не падпісаная Стамбульская канвенцыя* і агулам заканадаўства аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі няма, і мы – адзіная краіна ў Еўропе, акрамя Расеі, дзе нічога такога няма», – кажа Юлія Міцкевіч.

Даведка

*Рада Еўропы, усведамляючы маштабы і складанасць праблемы бытавога гвалту, у 2011 прыняла і адкрыла для падпісання Канвенцыю для перадухілення і барацьбы з гвалтам у дачыненні жанчын і з гвалтам у сям’і (Стамбульская канвенцыя). Канвенцыя стала наватарскім крокам у стварэнні прававой асновы для запабягання ўсіх формаў гвалту ў адносінах жанчын (з асаблівым акцэнтам на бытавы гвалт), што павінна прывесці да судовага пераследу вінаватых і ліквідацыі гэтай зʼявы.

Хатні гвалт на вуліцы

Над законам аб супрацьдзеянні хатняму гвалту працавалі гендарныя ўстановы яшчэ з 1990-х гадоў, напрыканцы 2010-х у работу ўключыўся МУС Беларусі. Але Лукашэнка заявіў, што не бачыць неабходнасці ў законе, таму прыняцце яго пакуль немагчымае.

«Так, за адзін дзень была пахавана шматгадовая праца над вельмі патрэбным дакументам. Але на той час заставаліся розныя гендарныя ўстановы, якія займаліся абаронай ахвяраў гвалту. Вядома, у асноўным ад сямейнага гвалту цярпяць жанчыны, але гэта таксама могуць быць і дзеці, і людзі састарэлага ўзросту. Цяпер абсалютна ўсе ўстановы, якія працавалі ў галіне абароны правоў, зліквідаваныя. Сітуацыя будзе, на жаль, толькі пагаршацца, бо гвалт нікуды не дзеўся, але жанчынам увогуле няма куды звярнуцца», – разважае экспертка.

На яе меркаванне, сёння жанчына можа проста не бачыць сэнсу выклікаць міліцыю:

«Участковы можа прыйсці, магчыма, прыме заяву аб гвалце, імаверна, забярэ мужчыну на содні ў пастарунак, але на гэтым усё. Потым будзе выпісаны штраф, а гвалтаўнік вернецца да ахвяры. Я ведаю, што шмат хто з жанчын не тэлефануе ў міліцыю, бо ведае ўсю гэтую практыку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

Супярэчнасці паміж тым, што МУС браў удзел у распрацоўванні Закону супраць гвалту і потым браў актыўны ўдзел у гвалтоўным здушэнні пратэстаў у Беларусі, Міцкевіч не бачыць:

«ЕЗ выдаткоўвала грошы на распрацоўванне закону, якія ішлі ў МУС. Аднак яны выконваюць загады: быў карт-бланш на ўжыванне сілы, яны ім і скарысталіся. Але гэта таксама вялікае пытанне: калі табе далі дазвол на гвалт, ці будзеш ты яго ўжываць або проста затрымліваць і арыштоўваць? Гэта ўжо асабісты выбар кожнага. У нас няма даследаванняў, наколькі высокі ўзровень гвалту ў сем’ях сілавікоў, але я мяркую, што ён ёсць, што гэтыя людзі праяўлялі жорсткасць і раней у сваім звычайным жыцці. Таму я і кажу, што хатні гвалт стаў дзяржаўным. Бо людзі, якія практыкавалі беспакарана гвалт дома, сталі ўжываць яго і на вуліцах у дачыненні незнаёмых людзей.

Таму я бачу тут не супярэчнасць, а заканамернасць: гвалт быў беспакараны, і яго стала больш у розных формах. І гэта ўласціва ўсім гвалтаўнікам: калі ў яго ёсць моц і ўлада, ён можа беспакарана чыніць гвалт, то ён будзе яго чыніць. І мы застаемся абсалютна неабароненымі».

Што можна зрабіць інфармаваннем?

Калі чалавек ведае, што ён чыніць гвалт, ведае, што гэта кепска, але ён робіць гэта беспакарана, то адным інфармаваннем сітуацыю не выправіць, перакананая Юлія Міцкевіч. Але яна звяртае ўвагу на тое, што менавіта інфармаванне можа змяніць само грамадства:

«Безумоўна, павінна змяніцца палітычная сітуацыя і павінны быць пакараныя тыя, хто гэты гвалт чыніў і чыніць. Я гэта разумею абсалютна выразна. Для нас інфармаванне істотнае, каб падтрымаць беларускіх жанчын і нагадаць, што гэта праблема сур’ёзная. Гэта не зменіць нічога за некалькі дзён. Швецыя таксама не стала адразу краінай з фемінісцкім урадам і фемінісцкім парадкам дня нават у замежных справах, усё гэта адбывалася паступова. Я ведаю досвед феміністак ва Украіне, Малдове, Грузіі ды іншых постсавецкіх краінах. А калі тэма пастаянна ў топе, то гэта павялічвае сацыяльны ціск на ўрад. Інфармаванне і адвакацыя – гэта інструменты змены грамадскай свядомасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Joris van Gennip / Laif / Forum

Так і з’яўляюцца людзі ў кіраўніцтве краіны, якія пачынаюць разумець істотнасць гэтага пытання, гэтай праблемы, пачынаюць прасоўваць рашэнні ў палітыцы. А яны заўжды знаходзяцца».

Простыя крокі цяпер, калі гвалт беспакараны і паўсюль

Прадстаўніца фемгрупы Каардынацыйнай рады адзначыла, што інфармаванне не дапаможа пераканаць людзей, якія даўно ўсё для сябе вырашылі, аднак можа паўплываць на тых, хто ў стане разглядаць новую для сябе інфармацыю.

«Інфармацыйная кампанія першым чынам накіраваная на саміх жанчын, а таксама на тое, каб увогуле было больш адукаванасці. Каб чалавек, які ніколі не задумваўся пра гэта, раптам задумаўся. Так фармуецца грамадская свядомасць, а яна ўплывае на ўрад».

Таму пачаць Юлія Міцкевіч раіць з таго, каб хаця б пагугліць, што такое гвалт, які ён бывае і як яго выявіць.

«Самаадукацыя дазволіць развіваць уласную адчувальнасць і оптыку, калі чалавек заўважае гвалт і не праходзіць міма. Тут чалавек мусіць самастойна прыкладаць высілкі, бо ў дзяржаўных СМІ пра гвалт не пішуць. Можна пагугліць «віды гвалту», «як дапамагчы ахвярам гвалту», каб мець нейкі алгарытм дзеяння», – раіць экспертка.

А калі ў чалавека ёсць разуменне, што гвалт – істотная праблема, то ён ці яна могуць прыдумаць самыя розныя варыянты, як дапамагчы ахвярам ці перадухіліць супрацьпраўнае дзеянне. Яна адзначыла, што адна з такіх добрых новых ідэй – вядомы з «Тык-Току» жэст, які можа паказаць ахвяра гвалту ў выпадку, калі не можа сказаць пра свой стан.

«Яшчэ я ўзгадала такі прыклад. Мы былі ў нейкім бары ў Кіеве, і там у жаночай прыбіральні была такая памяткі, што калі жанчына адчувае небяспеку, то яна мае замовіць пэўны кактэйль – і гэта стане знакам бармену ці афіцыянту, а ён ужо выклікае паліцыю ці ахову. Гэта адначасова і вельмі проста і так добра! Бар звычайны, не фемінісцкі, але тамтэйшыя супрацоўнікі паклапаціліся пра жанчын, якія патэнцыйна могуць трапіць у бяду. Тым больш што ў алкагольным ап’яненні мужчыны могуць паводзіць сябе больш агрэсіўна. Гэты прыклад крэатыву мне вельмі спадабаўся».

Падобныя памяткі можна сустрэць у розных месцах розных краін. Так пра жанчын клапоцяцца ў ізраільскіх паліклініках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Даша Каткоўская

Таксама Юлія Міцкевіч прапаноўвае сачыць за каналамі, якія прасоўваюць жаночы парадак дня:

«У нашым канале фемгрупы мы публікуем шмат інфармацыі на гендарную тэматыку. Ёсць фонды, такія, як «Байсол», што пішуць пра жанчын, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў і якім можна дапамагчы».

Юлія перакананая, што калі на побытавым узроўні перадухіліць гвалт, гэта будзе пачатак да вялікіх пераменаў.

«Калі вы можаце дапамагчы ў складанай сітуацыі жанчыне хаця б тым, што не прамаўчыце, – гэта ўжо істотна. Прапанаваць дапамогу, маральную, фінансавую, любую – гэта і ёсць той самы актыўны крок супраць гвалту.

Тут галоўнае – не заставацца абыякавым. Менавіта цяпер, калі наўкол так шмат гвалту і рэпрэсій, часам хочацца закрыцца ў сваёй шкарлупіне, бо вельмі балюча. Але не закрывацца і пакінуць расплюшчанымі вочы – аграменны крок, каб мы заставаліся салідарнымі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстрацыя супраць забойства жанчын у Амстэрдаме.
Фота: Joris van Gennip / Laif / Forum

І самы просты спосаб, што прапанавала Юлія, – самім распаўсюджваць інфармацыю:

«Нават узяць і перапосціць на ўласную старонку інфармацыю пра Дні супраць гвалту – гэта таксама крута. Бо калі хаця б палова беларусаў гэта зробіць, гэта будзе заўважна».

Чытайце таксама:

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў