Чым NATO адкажа Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну?


Уладзімір Пуцін прапанаваў пачаць перамовы аб гарантыях непашырэння NATO на ўсход. У NATO ж сцвярджаюць: гэта павінна вырашацца без удзелу Масквы. Усё гэта адбываецца на фоне працягу міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і ЕЗ, а таксама абвастрэння сітуацыі вакол Украіны. Ці зможа NATO абараніць сваіх партнёраў і свой усходні фланг і чым адкажа на дзеянні Лукашэнкі і Пуціна?

Падчас форуму «Расея кліча!», паралельна з тым, як у Рызе стартавала сустрэча кіраўнікоў МЗС краін NATO, Уладзімір Пуцін зрабіў заяву:

«У нас была амаль ідылічная карціна ўзаемаадносін, асабліва ў сярэдзіне 90-х. Мы былі амаль саюзнікамі».

Калі сцісла, то на думку Пуціна, NATO не чуе папярэджання з боку Крамля і ўшчыльную падыходзіць да расейскіх межаў. Чырвонай жа лініяй у адносінах з альянсам Пуцін назваў размяшчэнне вайсковай інфраструктуры ва Украіне.

Свае тэзісы Пуцін паўтарыў 1 снежня:

«У дыялогу са Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі будзем настойваць на выпрацоўцы канкрэтных дамоўленасцяў, якія выключаюць любы далейшы рух NATO на усход і размяшчэнне сістэм зброі ў непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Прапануем пачаць на гэты конт прадметныя перамовы – асабліва адзначу, нам патрэбныя менавіта прававыя, юрыдычныя гарантыі, паколькі заходнія калегі не выканалі ўзятыя на сябе адпаведныя вусныя абавязацельствы».

Паралельна генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заяўляе: Расея не будзе ствараць свае сферы ўплыву:

«І наш мэсэдж ёсць у тым, што толькі Украіна і 30 саюзнікаў па NATO вырашаюць, калі Украіна будзе гатовая ўступіць у NATO. У Расеі няма вета. У Расеі няма права голасу. І Расея не мае права ствараць сферу ўплыву, спрабуючы кантраляваць сваіх суседзяў».

Але вернемся да моманту ідыліі, калі такі быў, і паспрабуем зразумець, што пайшло не так.

Каментуе Павел Фельгенгаўэр, вайсковы эксперт, Масква:

«Найвышэйшы пік дружбы з NATO і Захадам быў не ў сярэдзіне 90-х, а напачатку 2000-х – ужо пры Пуціне. Найвышэйшай кропкі яны дасягнулі ў 2001, 2002, 2003 – пасля 9/11 мы збіраліся разам змагацца з тэрарызмам. Я ў снежні 2002 за чаркай віскі размаўляў з кіраўніком Генштаба Юрыем Балуеўскім, і ён мне тлумачыў, што вось вырашана, што мы будзем саюзнікамі Амерыкі. Але ў Расеі быў шэраг патрабаванняў. І ў прыватнасці нам павінны былі вылучыць нашу долю – нашу сферу ўплыву – Украіну, Грузію і іншую постсавецкую прастору амерыканцы аддаюць нам».

Вось аб гэтых дамоўленасцях і кажа Пуцін. Але далей была Аранжавая рэвалюцыя, калі Пуцін некалькі разоў віншаваў з перамогай у прэзідэнцкіх выбарах Януковіча, але перамог Юшчанка.

Сваю ролю адыграў і прыход да ўлады Саакашвілі ў Грузіі. Для Крамля ўсё, што адбывалася – выразны замах на ўласныя сферы ўплыву, і гэтага Пуцін Захаду не дараваў – успомніць хаця б вядомую прамову ў Мюнхене, пасля якой і загаварылі аб халоднай вайне. У наступныя гады градус павышаўся – анэксія Крыма, рэвалюцыя годнасці ва Украіне, вайна ў Данбасе – у адказ на размяшчэнне сістэмы супрацьракетнай абароны NATO ў Польшчы і Румыніі і ўмацаванне усходняга флангу. Ды і сам факт, што суверэнныя дзяржавы, такія як Украіна ці Грузія павінны быць сферай уплыву Расеі, відавочна не задавальняў Кіеў і Тбілісі.

Дмітро Кулэба, міністр замежных спраў Украіны:

«Расея хоча, каб Украіна заставалася слабай, таму дапамога Украіне ва ўмацаванні яе абароназдольнасці азначае таксама стрымліванне Расеі. Мы не плануем наступу. Мы адданыя палітычнаму ўрэгуляванні канфлікту. Але чым мы мацнейшыя, тым менш панадліва для Расеі рухацца наперад».

За апошні год расейскія войскі да ўкраінскіх межаў маштабна падыходзілі двойчы – вясной, перад самітам NATO і цяпер – калі Украіна ўсё больш актыўна пачала заяўляць пра жаданні паглыбляць супрацоўніцтва з альянсам. Расея працягвае пераконваць, маўляў, мы паводзім сябе мірна, а Украіна нас правакуе.

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных справаў Расеі, заявіў:

«Кіеў становіцца ўсё больш і больш нахабным, я б сказаў, у сваёй агрэсіўнасці ў адносінах да менскіх дамоўленасцяў, у адносінах да Расейскай Федэрацыі і ў сваіх спробах справакаваць Захад на падтрымку ваяўнічых памкненняў».

І Масква працягвае дзейнічаць, захоўваючы адносна прыхаваны характар перакідкі падраздзяленняў да межаў Украіны. Называючы ўсё, што адбываецца «ўнутранай справай» альбо «вайсковымі вучэннямі».

Павел Фельгенгаўэр, вайсковы эксперт, Масква:

«Сітуацыя вельмі сумная. Гэта ўжо мова ідзе не аб халоднай, а аб гарачай вайне. У нас наогул перадваенная сітуацыя. Адзін за адным ўзнікаюць небяспечныя ачагі – Украіна, Беларусь – усюды можа шугануць полымя. У прынцыпе гэта ўсё было спланавана.

Таму што з праграмнымі заявамі начальнік генштаба Герасімаў выступіў яшчэ ў лютым 2013 года. Ён там выступіў 14 лютага ў Маскве на навукова-практычнай канферэнцыі, дзе патлумачыў, што будзе абвастрэнне. Верагоднасць вайны ўзрастае, і больш істотнай яна будзе ў 2020-я гады. Вось яны надышлі, і вось у нас вайна.

Падрыхтоўка сапраўдная да вайны. І былых партнёраў, і саюзнікаў перайменавалі цяпер у верагодных праціўнікаў, як у савецкі час, так што мы на парозе вайны. Не факт, што яна дакладна будзе, але ваенная трывога, ваенная небяспека ёсць. І вайна будзе глабальнай».

Паралельна з эскалацыяй на лініі Кіеў-Масква Аляксандр Лукашэнка заяўляе: Расею падтрымаем, ядзерную зброю папросім, у міграцыйным крызісе не вінаватыя і Крым прызнаем расейскім.

Hавiны
Навошта Лукашэнка прызнаў Крым расейскім? Што пішуць у Беларусі, Украіне і Расеі
2021.12.02 01:59

Габрыэлюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы:

«Гэта дакладна не супадзенне, што цяпер Еўропа сутыкнулася з адным з самых маштабных міграцыйных крызісаў у сучаснай гісторыі, які быў арганізаваны спадаром Лукашэнкам. І тут жа мы бачым мілітарызацыю ля межаў Украіны. Я думаю, што спадар Пуцін стварае тое, што мы называем зонай стратэгічных магчымасцяў для сябе, што азначае, што ў яго ёсць магчымасць рабіць крокі ў бок Украіны і дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне і дамагчыся таго, каб спыніць спробы Украіны інтэгравацца структуры ЕЗ і NATO».

З іншага боку, ён шукае далейшыя магчымасці для глыбокай вайсковай інтэграцыі, якая ў выніку можа прывесці да анэксіі Беларусі.

У гэтым супрацьстаянні роля Беларусі – ці то элемента, які адцягвае ўвагу і раздражняе, ці то дадатковага флангу, які дзейнічае ў інтарэсах Крамля. Хоць вайсковы эксперт Павел Фельгенгаўэр пераконвае, што ў Лукашэнкі ёсць і свой інтарэс:

«Лукашэнку ваяваць няма чым. Узброеныя сілы вельмі слабыя і разлічаныя толькі на мабілізацыю. А мабілізоўваць яму зараз цяжка, таму што даваць у рукі зброю некалькім сотням тысяч беларускіх мужчын – яшчэ невядома, куды яны яе павернуць. А вайсковы бюджэт у яго маленькі – у два з паловай разы меншы, чым у Эстоніі. Расейскія войскі на сваёй тэрыторыі ён таксама не хоча. Расеі ён не давярае і ў Расеі яго не любяць. Ён хоча вярнуцца ў старую пазіцыю, каб балансаваць паміж Усходам і Захадам, каб атрымліваць ад тых і ад другіх. Каб адмяніць санкцыі, але іншага шляху, акрамя вялікіх правакацый, падобна, у яго няма. Таму гэта стварае агмеь магчымых канфліктаў».

На тое, што адбываецца, NATO гатовае адказаць падтрымкай сваіх партнёраў, якімі з’яўляюцца Грузія і Украіна і ўмацаваннем сваіх межаў, да прыкладу, Енс Столтэнберг заявіў, што альянс можа перакінуць у Латвію да 40 тысяч дадатковага кантынгенту ў выпадку неабходнасці. Але краіны ўсходняга флангу NATO – тыя, хто ў выпадку канфлікту з Расеяй апынуцца практычна на перадавой, лічаць, што альянс недастаткова энергічна рэагуе на манеўры Расеі вакол Украіны.

Як адзначыў міністр замежных справаў Латвіі, NATO нават блізка не падыйшло да таго, што можна было б лічыць «моцным адказам».

Святлана Аўчарова для праграмы «ПраСвет».

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum; INTS KALNINS / Reuters / Forum

 

Стужка навінаў