Унутры Ігара Банцэра. Былы палітвязень – пра Бога, бой з КДБ, беларускую мову, каханне і секс...


Пра яго трэба пісаць без косак, бо космас Банцэра не мае знакаў прыпынку. Але ёсць прабелы – іх і запаўняем. Ігар Банцэр два тыдні як у Варшаве: чорныя акуляры, кепка, каталіцкі ружанец на запясці, спіць у скўоце, ходзіць на кастынг, каб зняцца ў серыяле ў ролі бандыта, атрымаў ведамку ад ГУБАЗіКу, шалёна закаханы, але заяўляе, што секс – для слабакоў, п’е каву без цукру і прызнаецца, што ёсць толькі адно месца, дзе яму некайфова. Там і сустрэліся…

Рок-музыка з Горадні Ігар Банцэр, лідар панк-гурта Mister X, былы палітзняволены. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Правільны загаловак

«Ага, чытаў. Загаловак: «Ігар Банцэр з’ехаў з Беларусі». А я дасюль кажу, што я выехаў з Беларусі, а не зʼехаў. Разумееш? Гэта не тое, што зʼехаў з канцамі.

Я пакуль не магу перабудавацца. Толькі другі тыдзень тут, а адчуванне, што ўжо паўгода. Вось такая перцэпцыя ў мяне, таму што я прызвычаены ў такім рытме жыць.

Але правільны загаловак такі: «Ігар Банцэр не ў Беларусі». Я б так сказаў».

І першае інтэрвʼю не ў Беларусі даў па-расейску

«Маю прынцыповую пазіцыю. У свой час быў нігілістам, а потым стаў касмапалітам. Доўгі час цураўся гэтага слова, бо мае троху негатыўную канатацыю. Цяпер кажу, што я касмапаліт – не маю якой-небудзь прывязкі да нацыяў, бо гэта ўсё роўна заканчваецца блага…

Кажуць, маўляў, беларуская мова – частка беларускай ідэнтычнасці. Няма пытанняў, стаўлюся абсалютна пазітыўна. Толькі ты ж не змусіш чалавека, калі ён не ўжывае беларускай мовы штодзень, каб казаў на ёй. Так?

Возьмем 2020 год. Класна! «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» Яшчэ да пратэстаў 9 жніўня затрымлівалі Статкевіча, Севярынца, Ціханоўскага. Аж не верылася, што такое можа быць бязмежжа (прыгожае слова, так?). Потым пайшлі гэтыя кадры з Акрэсціна. І што адбылося ў беларускім грамадстве? Мы змагаліся за даўжыню БЧБ-сцяга! У Горадні – 300 метраў, у Менску – 500. Але ж вялося не пра эстэтыку!.. Пастаялі на стэле. Як сказалі ўлады, 200 тысячаў. Як сказаў чалавек, які там быў, тысячаў 500–600. Хтосьці пісаў, што аж два мільёны. А дзе вынік? Файная карцінка, увесь інтэрнэт у лайках – і ўсё!..

Урэшце мы цяпер гэтую размову на прыгожай беларускай мове дзе вядзем? У цэнтры Варшавы! Калі ласка. І калі казаць пра нацыяналістычны наратыў, то палякі – адныя з тых, хто беларусаў трымаў у ярме, як кажуць. Таму беларуская мова тут цяпер для мяне больш прынцыповая, чым у Беларусі.

І мне незразумелы канцэпт, калі ўкраінцы, якія маюць ваенную траўму і пры гэтым збольшага па-расейску размаўляюць… Усім зручней на расейскай. Ну дык я не гатовы адмаўляцца ад нейкіх рацыянальных фактараў. Гэта зручна, мы прызвычаіліся да гэтага, мы жывем у гэтым (правільна?). Едзеш у таксоўцы з грузінам – таксама па-расейску разумее. 

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І я не лічу, што чалавек ёсць меншым беларусам, калі ён не размаўляе па-беларуску. Разумееце? А то выходзіць, што, калі я не жыву ў Беларусі, то маю быць меншым беларусам? Ну як гэта? Я не гатовы такія меркі прымяраць…»

Анархіст, панк ці касмапаліт?

«Псіх, стары ідыёт, хайпажор, дэбіл, як напісаў мне ўжо ГУБАЗіК. Дэбіл, разумееш?..

Я заўжды кажу, мне падабаецца, калі найперш мяне характарызуюць як чалавека з вялікай літарай Ч. А ўжо далей я магу быць агрэсіўным белым цысгендарным мужыком, радыкальным скінхэдам-антыфашыстам, добрым бацькам, мужам, які здраджваў жонцы з маладою каханкаю, чалавекам, які плюецца ў людзей на вуліцы ці які дапамагае бабулі перайсці дарогу, магу апошнія грошы аддаць жабраку, а магу сам хадзіць і прасіць, як цябе сёння, каб праставіў мне каву на веганскім какосавым малацэ, разумееш? Я на вайбе!

Самае галоўнае, і я ўсім заўжды гэта паўтараю, каб у цябе рахунак сумлення заўжды згаджаўся. Калі ты ўвечары, цвярозы (трэба быць цвярозым!) кладзешся спаць, засынаеш і, напрыклад, прачынаецца нешта ўнутры, ува што я не веру, але нібыта яно ёсць, то бок сумленне, і нешта выскоквае, выстрэльвае, то, халера, ты нешта сёння ўчудзіў. І трэба думаць, што не так.

Дык вось: я сплю проста выдатна. На Акрэсціна хацеў пакутаваць – і не мог. Бо засынаю і думаю: ну дзе і што я зрабіў не так у жыцці? І нічога не выскоквае. Каля мяне бамжы, мільянеры – поўны спектр: рэстаратары, праграмісты, банкіры, святары, артысты, музыкі… Цудоўнае месца, і я там думаю, што павінен пакутаваць, а не магу.

Пуху накінуць, як кажуць, можа кожны. Начапіць фанабэрыстыя цацкі, татуяванні, але трэба заставацца чалавекам.

Многія не бачаць гэтага ўва мне, улічваючы мой бэкграўнд, мае інтэрв’юхі экспрэсіўныя, мае песні агрэсіўныя і радыкальную пазіцыю. Але я, урэшце, таксама чалавек і маю эмоцыі. І думаю, што трэба заставацца чалавекам у кожнай сітуацыі. А потым ужо нас Бог – ці хто там – ацэніць. Галоўнае, каб не беларускае правасуддзе. Лепш Бог. Разумееш? Калі ўжо выбіраць.

Таму я кажу: Банцэр у першую чаргу чалавек. У другую – чалавек свету. А потым – усё астатняе. Гэта да пытання, што мне ўсюды кайфова: і на Акрэсціна, і ў скўоце, і ў гатэлі 5-зоркавым».

Ці ёсць месца, дзе Банцэру некайфова

«Мне?.. Кажу гэта ўсім людзям, якія бачаць мяне ўпершыню, і людзям, якія ведаюць мяне па нейкіх плётках, і людзям, якія на мяне вельмі алергічна рэагуюць. Даражэнькія мае людзікі, вы кажаце, што вам непрыемна і няёмка праз тое, што тут прыйшоў Банцэр і патрабуе нейкі актывізм, канцэрты, варушнякі, нейкія справы. Вам гэта цісне на мозг. А вы падумалі, што мне насамрэч цяжэй за ўсіх з Банцэрам, бо 42 гады ўжо з ім жыву?

Таму кажу: адзінае месца, дзе мне нязручна і некайфова, – гэта ўнутры маёй галавы. Ну, прабач…

Таму і хочацца засынаць у самых жудасных варунках, бесчалавечных, якіх нікому не пажадаю, нават ворагу. Але і там я не бачу за сабою нейкага смяротнага граху. Гэта класна, але гэта вельмі цяжка. 

…Зрэшты, як спявае мой улюбёны гурт «Mister X», «дзейнічаць трэба чотка і хутка, патрэбная не рэфлексія, а рэфлексы». Вось і ўсё».

Пра што молішся на ружанцу?

«Занадта інтымнае пытанне… Я не малюся.

Я сядзеў з айцом Багамольнікавым. Камера на 4 чалавекі, а нас там 18 ці 19. Я сяджу, і ён сядзіць, і ў нас з ім размовы. Ён – з пункту гледжання дактрыны рэлігійнай, а я – агнастыцызму. І мы размаўляем пра тое, што ёсць жыццё. Разумееш? У камеры на Акрэсціна ў верасні 2022 года. 

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І я цяпер пра гэта расказваю, а мяне аж целяпае. Мурашкі па целе.

Сэнс у чым? У тым, што ў мяне няма рэлігійнасці ў фармаце інстытуцыйным – крыжам ляжаць, чалом біцца, самабічавацца. Мой фармат такі, што я веру ў найвышэйшы розум, найвышэйшыя істоты, рэптылоіды там ці зялёныя чалавечкі, знак нейкі на небе ці антрапаморфнага сівога мужыка, якога на іконах малююць, ды няважна, ува што…

Перад ад’ездам я пачаў перапісвацца з футбольным фанатам «МТЗ-РІПО», якога пасадзілі на 10 гадоў у 2015-м, калі рабілі зачыстку. Так, Ілля Валавік. А чаму пачаў? Сустрэўся да гэтага з адным знаёмым, таксама засвечаным у каляфутбольнай тэме, і ён мне кажа: ты ведаеш, Валавік там у рэлігію ўжо ўдарыўся! Чалавек, які на волі, у Менску, у якога ўсё класна ў гэтай рэчаіснасці, смяецца з Валавіка, які 7 гадоў у турме і якога пасадзілі ні за што! І я пачаў з ім перапісвацца на рэлігійныя тэмы…

Таму з гэтым няма праблемаў. Калі чалавек бачыць для сябе нават не ратаванне, – давайце без рэлігіі! – а гэты арыенцір, каб у тым змроку і цемрашальстве, у гэтым блявоцці штодзённага жыцця не захлынуцца, і для яго гэта – святло, Бог, рэлігія, то чаму не.

Я таксама сядзеў. І першае, пра што папрасіў жонку, – перадай мне ружанец. У 2020 годзе. І калі хтосьці з маіх знаёмых атэістаў – ну, ведаеце, левая сцэна – пытаўся, ты што там, з ружанцам ужо, дык я кажу: не, я на ранейшай тэме, але павінна быць нешта, за што зачапіцца, каб цябе не панесла, каб не паехаць галавою…

А сядзеў я ў гарадзенскай цэнтралі і бачыў сітуацыі, як людзям дах рвала. І таму слухайце, маё стаўленне да рэлігіі не змяняецца. Раней спакойна хадзіў у касцёл, жонка ў мяне рэлігійная, і дзяцей я хрысціў, і шлюб касцельны браў, але ў пэўным моманце адчуў, што гэтай інстытуцыі я непатрэбны.

У мяне была іконка ад маёй добрай знаёмай, і ў мяне хтосьці яе скраў на «хіміі», мой ружанец з турмы не памятаю дзе, каму аддаў. А гэты ружанец ад жонкі, ёй з Бэтлеему хтосьці прывёз. І цяпер з ім лётаю. 

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І не забывайце, што гэта частка нейкага эпатажу. Але галоўнае, я кажу, – ведаць, хто ты ўнутры…»

Адчуваеш сябе немцам унутры? Банцэр – нямецкае прозвішча

«Добрае пытанне на Дзяды. Калісьці ў свой час з гісторыкам Уладзімірам Арловым размаўляў на гэты конт. Ён сказаў: гэта неадназначна, што прозвішча нямецкае. Тут і габрэйскія канатацыі маюцца. Сказаў, што і татарскія могуць быць. Ну класна.

У кожным разе я казаў увесь час пра акрэсленне «тутэйшыя», якое хтосьці лічыць ганебным…

Дык вось, мае продкі – тутэйшыя. З тых месцаў, якія палякі называюць «крэсамі ўсходнімі», беларусы – Заходняю Беларуссю. Бацька – з-пад Ваўкавыску, а маці – з ваколіцаў Наваградку. Усе – тут, і дзяды, і прадзеды, да чацвёртага калена, глыбей не ведаю. Прадзед па маці быў гастарбайтарам, ездзіў у XIX стагоддзі на Урал зарабляць грошы. Ён цесляром быў, на ўсе рукі майстар, вельмі дужы хлопец – за пярэднія ногі каня мог падняць. Зарабіў шмат грошай, але цяжка было золата цягнуць назад, дык ушыў яго ў адзін пас, а астатнія «кацярынкамі» прывёз. Ну а потым – рэвалюцыйныя змены, дэвальвацыі, 1917-ы. Я памятаю, як мы, малыя, у 1980-я гралі царскімі грашыма ў фанцікі.

Даведка
Ігар Банцэр нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску (24 лютага!). Жыў у Горадні, вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, працаваў у журналістыцы («Пагоня», «Magazyn Polski», «Głos znad Niemna»). У 2002 вярнуўся ў Беларусь, дзе, як кажа, «быў адным са стваральнікаў левай сцэны». Узначальваў Гарадзенскі рок-клуб, лідар андэграўндавага панк-гурта «Mister X». З 2007 года рэгулярна затрымліваўся і трапляў на содні. Пасля выбараў 2020 года яго тройчы арыштоўвалі. У кастрычніку 2020-га зладзіў перад міліцэйскім аўтам перформанс «танец без штаноў». Быў затрыманы, прайшоў праз вар’ятні і СІЗА. У сакавіку 2021-га яго засудзілі на 1,5 года «хіміі». На судзе абвясціў сухое галадаванне, якое трымаў 17 дзён. Быў прызнаны палітычным вязнем. Выйшаў на волю ў снежні 2021 года. У жніўні 2022-га зноў быў затрыманы, правёў за кратамі 45 содняў адміністратыўнага арышту. Жанаты, трое дзяцей (старэйшы сын – з першага шлюбу). Называе сябе касмапалітам, ультрагуманістам і поліамаралам, лічыць сябе тутэйшым. Цяпер у Варшаве, дзе плануе цягам года «ўзняцца з глебы».

І гэта трагедыя. Бо калі б не сто рублёў, а 10 чырвонцаў залатых прывёз, то быў бы я цяпер каралём свету.

У маці было прозвішча Аляшкевіч, а па дзеду – Сарокі. Усё сваё, усё роднае. А Банцэр усплыў, калі бацька са сваіх Вялеек на Ваўкавышчыне прыехаў. Адкуль там Банцэр узяўся, я не ведаю, бацька – таксама. Мой баця такі ж летуценны, як і я…»

Ці сапраўды бацька служыў у МУС

«У яго былі ўсе гэтыя эксцэсы ў 1970-я: даўгія валасы, клёшы, быў такі ўвесь «контр». Ягоныя бацькі рана памерлі, была траўма, ён у 20 гадоў быў у Менску ўжо, самастойны. Як я разумею, таксама бунтаваў.

Вучыўся на інжынера, вайсковая кафедра там была, а потым быў выбар, і ён выбраў войска, працаваў інжынерам тылу. А потым, калі Беларусь стала незалежная, ягонае падраздзяленне перайшло да МУС. І ён перайшоў, але роля была чыста тэхнічная, як будаўніка-тылавіка.

У Горадні яго ведалі. У сярэдзіне 2000-х мяне перыядычна садзілі на содні. А потым з Анджэем Пачобутам у часопісе «Magazyn Polski», не памятаю які год быў, апублікавалі артыкул пра новы будынак РАУС з ізалятарам часовага ўтрымання. І было пра тое, што я сядзеў у ізалятары, які пабудаваў мой бацька…

Як бацька рэагаваў? Ну, у нас з ім вельмі цяжкія стасункі. Яму зараз 70 будзе. З 16 год увесь час нейкія праблемы. Калі сядзім і не размаўляем – усё класна, а калі пачынаем гаварыць – праз пяць хвілінаў – грамадзянская вайна.

І цяпер, перад тым як выязджаць, даслаў яму СМС, бо невядома ж, калі вярнуся, я ж не такі аптыміст, як іншыя. Пішу: слухай, давай сустрэнемся, паразмаўляем чыста па-мужчынску, без істэрык. А ён у адказ: «Я табе ўжо ўсё сказаў». А я ж хацеў чалавеку ў вочы паглядзець, бо не ведаю, калі вярнуся. Думаю, што гэта надоўга. Можа, назаўжды. Але зрабіў усё, што мог…»

А казаў: у Беларусі так файна, што буду сядзець і нікуды не з’еду…

«Я не казаў, што буду сядзець, я казаў, што гатовы. Адчуваеш розніцу?

Сэнс у чым? Даслоўна ўчора сустракаўся з файнаю дзяўчынаю, прозвішча пакуль не магу агучыць. Была валанцёркаю, пасылкі дасылала ўсім, яе пасадзілі спачатку на 10 содняў, выпусцілі пад падпіску, пад паруку і заклад 2 тысячы баксаў. 58 тамоў на яе нарылі, адвакат казаў – мінімум на 10 гадоў. І вось гэтая жанчына вагою 55 кг праз Нёман плыла ў Літву. І яна кажа мне, што не гатовая сядзець 10 гадоў у турме ў Беларусі, бо больш зробіць на чужыне. І я ёй кажу: я таксама.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У 2020 годзе я сапраўды ведаў, што гатовы сядзець. Быў гатовы, што дадуць тры гады. Ну, такі рамантык быў тады. Вось, думаў, з палітвязнем Міколам Дзядком «сшыюць» якую сетку агульнабеларускую і дадуць тры гады. Ну не пяць жа! І быў гатовы сядзець. І мне далі гэтыя паўтара няшчасныя года, каб я катаўся-марынаваўся.

Цяпер 2022-і, і мы размаўляем у Варшаве. Я думаў, што не выйду з ГУБАЗіКу на Рэвалюцыйнай 3. Бо палкоўнік ГУБАЗіКу цэнтральнага кажа мне: «Вы не турбуйцеся за гарадзенскую міліцыю – цяпер мы вамі займаемся». І гэта як бы…

І думаю, што, калі няма каго садзіць, а ёсць такія персанажы, як Дарʼя Лосік, Наста Лойка, Паша Мажэйка і я, дык цікава, што такое для мяне рыхтуе ГУБАЗіК, гэтыя сілавікі, хто я там буду.

А потым задаю сабе пытанне: ці мне цікава гэта правяраць? Можа, я змагу без гэтага неяк пражыць? Таму накруціў хвост і зваліў. І цяпер яны пішуць, што я дэбіл. Бо да апошняга не верылі, што я звалю.

Карацей, назавіце мяне слабаком, але я называю гэта рацыянальным выбарам. У мяне была такая гульня КДБ супраць Банцэра. Гэты раўнд, відавочна, выгуляў КДБ. Але вайна не скончаная. Галоўнае, што мы жывыя і, значыцца, яшчэ пазмагаемся».

Хто мае рэпрэзентаваць інтарэсы беларусаў і ў прыватнасці Банцэра

«Сур’ёзны момант… Зараз пазваню Чарлі, з ім мяне ўчора абшуквалі ў парку польскія паліцыянткі, і праз гэта мы спазніліся на Ноч паэтаў (сазвоньваецца, дамаўляецца пра сустрэчу). Чарлі быў у палку Каліноўскага, яго два разы кантузіла. І я не хачу, каб Чарлі вяртаўся туды…

Цяпер адказваю на пытанне. Полк імя Каліноўскага заявіў пра сваю палітычную сілу, хаця ёсць часткай ЗСУ – войскам іншай дзяржавы, як я разумею. І тады – гістарычны экскурс: то саветы нам перашкаджалі, то панская Польшча, то кайзераўская Нямеччына. Украінцы нам, канечне, браты, але калі збройнае падраздзяленне арміі іншай дзяржавы будзе рэпрэзентаваць беларускі народ – ну камон, я ж з Горадні, і мы памятаем, чым скончылася БНР…

Полк Каліноўскага – гэта класна, прадстаўнікі ў Літве былі, хай катаюцца, тусуюцца. А я скажу, і гэта мой беларускі палітычны тастамент: я буду галасаваць за Марыю Калеснікаву на прэзідэнцкіх выбарах. Астатняе мяне не цікавіць.

Я змагаюся за агульначалавечыя і трансцэндэнтныя вартасці ды каштоўнасці. Калеснікава – мой кандыдат, і пра гэта мне важна сказаць».

Чаму не здымаеш чорных акуляраў

«О-о-о!.. Карацей. Канцэпт такі: я лічу, што я занадта класны, і мой генафонд прападае. У мяне першы сын класны, яму 18 ужо. Я выхоўваў, але жонка ў мяне яго забрала. У мяне класныя дзеці з другога шлюбу, але мяне зноў адсеклі ад выхавання.

А потым у мяне, ведаеш, здарылася каханне…

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ну, я поліамарал… Ёсць такое паняцце поліаморыя. Гэта такі эўфемізм для бл…тва, ну, калі можаш з усімі налева-направа. Але насамрэч гэта трошкі іншае. І я ў 2020 годзе закахаўся, да мяне прыйшло свежае каханне.

Увесну яшчэ. Проста пабачыў чалавека ў «Несцерцы» гарадзенскай. Нейкія варушнякі, разборкі, іду, зараджаны, нейкія хіпстары вылазяць, я на людзей не гляджу, проста сканую – і бац, бачу вочы… Прайшоў міма, пофіг, а потым выходжу з гэтай «Несцеркі» і думаю: а што гэта было?..

А праз месяц думаю: сустрэнуся па бізнес-справах. А гэта дзяўчына, якую я ведаў, розныя тусовачкі там, але не ведаў, аказваецца. Штосьці напісаў, зайшоў у офіс… А супраць мяне ўжо пачаліся гэбэшныя правакацыі, адносіны з бацькамі, плюс жонка мая няшчасная. А тут я ўбачыў гэтыя вочы – і проста аджыў, і ўсё. Такое паліва было! Такое каханне…

І я пачаў насіць акуляры, каб людзі не бачылі, што я не магу сябе кантраляваць.

Яна казала: трэба ўцякаць. Я казаў – буду стаяць да канца або сядзець. І я паехаў сядзець, пісаў ёй, што ў турме разжанюся, а «ты прыедзеш і мы пабяромся». Будзе такая турэмная рамантыка. А потым выйду праз тры гады – і Горадня будзе сквірчэць. А яна мне ў адказ, што ёй не падабаецца такая рамантыка. Дачакалася, я выйшаў, пасля сухой галадоўкі з’ездзіў у шпіталь, адкачаўся троху і быў у яе. Яна зноў: трэба ехаць. А я не, пайду сядзець. І пайшоў сядзець, а яна зʼехала з краіны, бо яе таксама ўжо цкавалі. І я быў шчаслівы, што яна паехала. Потым, яшчэ да вайны, прыехала ў Варшаву. Я з ёй год не бачыўся, не хацеў чалавеку перашкаджаць…

А акуляры засталіся як частка іміджу і стыль. І цяпер я проста кажу, што мне не хочацца глядзець людзям у вочы, каб яны мяне ніяк не інтэрпрэтавалі. Чалавек у галаве мае сваю карцінку Банцэра, а калі будзе яшчэ ў вочы мне глядзець – разумееш, што пачнецца?

Не, з дзяўчынаю тут не сустракаемся. Бо гэта вельмі балюча. Для яе – напэўна, і для мяне. Я не магу нічога ёй даць. Пабачым, што далей будзе. Галоўнае, што я выжыў і я не ў турме. А яна – частка майго жыцця, і не магу цяпер нікуды ад гэтага адысці. І гэта жудасна. Так хачу яе бачыць, але камон, гэта толькі мая хацелка. І яна ведае пра гэта…»

І што з генафондам

«У нас сексу не было, каб ты разумеў. Усё было паводле Платона. Я проста ў шоку: такое каханне.

І калі я не зваліў у 2020 годзе з ёю, калі ў 2021-м сказаў, што пайду сядзець, у мяне было адчуванне, што я ёй здрадзіў, разумееш? Бо яна чакала, што возьмем заплечнікі, возьмемся за рукі і звалім з гэтай рэчаіснасці. Таму цяпер я тут, яна таксама недзе тут. І само разуменне таго, што ў яе ўсё класна і што я таксама не сяджу, мяне «качае». Бо ведаю, што промні пазітыўнай энергіі туды залятаюць, і гэта да мяне вяртаецца.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І так, я не люблю сексу. Я супраць сексу. Лічу, што секс – для слабакоў. У мяне секс – чыстая пракрэацыя [паланізм, «працяг роду». – Заўв. ЗМ]. Таму, калі ўбачыў яе, сказаў: «Хачу дваіх дзяцей ад цябе. У нас будуць класныя дзеці». І дзеці будуць у нас цудоўныя…»

Банцэра змяніла каханне?

«У нас зашмат нянавісці было. У 2020 годзе я пытаўся: як вы хочаце нянавісцю перамагаць? Яны, міліцыя і гэтак далей, б’юць людзей, цкуюць, садзяць, рэпрэсіі – дык трэба прапаноўваць ім пазітыўную павестку.

Я раней таксама быў агрэсіўным, мы рабілі шмат рэчаў непрыгожых. І цяпер агрэсіўным бываю. Але ў гэты час і ў гэтай прасторы, дзе я цяпер, бракуе любові, гэта адназначна. Я ўдзячны Лявону Вольскаму, які запрасіў мяне да ўдзелу ў кліпе з Маргарытаю Ляўчук, песня «Палон» класная. І гэта смешна выглядае: я шчарбаты, паламаны нос, татуяванні, мой бэкграўнд, але я кажу: толькі любоў уратуе нас.

Я быў малады, дурны, што ў гэта не верыў, але цяпер гэта адчуваю. Усіх люблю. І гэта, можа быць, дзіўна гучыць з маіх вуснаў, але праз гэта не робіцца менш праўдзівым.

Разумееш, усіх люблю, і толькі любоў мяне «качае», і толькі дзякуючы гэтаму я выжыў, бо інакш… Таму ўсіх заклікаю выдыхнуць і паглядзець на адно аднаго з любоўю. Па-братэрску і па-сястрынску, ужо не кажу там пра нейкія фізіялагічныя моманты. Гэта дзіўна гучыць з маіх вуснаў, абсалютна разумею…

У мяне была гісторыя з маці. Кажу пасля вызвалення: мама, чаму я выжыў? Бог ведае? Мама кажа: «Я ведаю». Разумееш? Яна ведае тое, што ведае толькі Бог. І таму мы тут размаўляем цяпер, і вельмі класна…

«Добра, што зноў да маці вярнуліся. Кропка?» – «Кропка».

Паведамленне наўздагон: канцэнтрацыя жанчын

«Змітру, нас ізноў паліцыянткі прыгожыя правяралі, яшчэ больш прыгожыя, чым учора. Вось толькі што. Такая канцэнтрацыя прыгожых жанчын у Варшаве, што я такога не бачыў ніколі ў сваім жыцці: беларускі, украінкі, полькі – самыя прыгожыя. Гэта да твайго пытання пра жанчын. Дзякуй, на сувязі!»

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў