«Дзеці проста не ядуць». Прэм’ер Галоўчанка назваў школьныя абеды ў Беларусі нясмачнымі і нездаровымі. А як мае быць?


Улады Беларусі чарговы раз за год узяліся за харчаванне ў школьных сталоўках. Паводле чыноўнікаў, ежа надалей застаецца нясмачнай, а кухары працягваюць выносіць «у сям’ю» харчы. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, што са школьнымі абедамі ў суседніх краінах і чаму не варта спадзявацца выключна на школы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа на вуліцы Фабрычнай. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

1 лістапада прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка зладзіў адмысловую нараду наконт харчавання школьнікаў і прыраўняў гэтую тэму да пытанняў нацыянальнай бяспекі, бо ад рацыёну падлеткаў залежыць іхны стан здароўя. Пры гэтым прызнаў: праблемы дасюль не развязаныя.

Галоўчанка таксама адзначыў: харчаванне школьнікаў не стала «сапраўды смачным, здаровым, разнастайным» і ўвогуле не ўлічвае пажаданняў дзяцей. Наадварот, ім «нярэдка прапануюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы».

«Дзеці іх проста не ядуць. Адсюль і вялікая колькасць адходаў пасля школьных сняданкаў і абедаў», – звярнуў увагу прэм’ер-міністр.

Пры гэтым яшчэ ў пачатку 2022 года былі змененыя натуральныя нормы харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі: сярод іншага зменшылі нормы цукру, солі, кандытарскіх вырабаў, соку, малака і кісламалочных прадуктаў, рыбы, але дадалі макароны, крупаў, гародніны, садавіны, тварагу і яек. Асобныя метадычныя рэкамендацыі для арганізацыі харчавання былі абноўленыя і ў жніўні. Ёсць на Нацыянальным адукацыйным партале нават рэцэпты школьных страваў, напрыклад, аладак з печані.

Аб’ектыў
Ці чакаць рэформаў школьнай талеркі?
2022.11.03 21:42

Пра дадатковыя новаўвядзенні распавяла ў жніўні Надзея Лукашэвіч – дырэктарка Камбінату школьнага харчавання Менску. У школьнае меню залучылі шмат розных страваў, для большага смаку пачалі ўжываць папрыку, але школьнікі ўсё адно не хочуць гэтага есці.

Заявіў Галоўчанка і пра тое, што кантралёры надалей выяўляюць факты недакладання прадуктаў, парушэння тэхналогіі прыгатавання страваў, выкарыстання непрыдатных прадуктаў. Ці не з гэтым звязанае, напрыклад, паведамленне пра масавае атручванне ў адной са школаў Берасця ў канцы кастрычніка?

Што цікава, пра аналагічныя праблемы чыноўнікі кажуць гадамі. Яшчэ ў 2017-м невыкананнем нормаў і выкарыстаннем пратэрмінаваных (часам – месяцамі) прадуктаў абураўся цяпер ужо былы старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў. Навіны 2022 года пацвярджаюць, што сітуацыя калі і палепшылася, то не цалкам. Напрыклад, у Барысаве працаўніцу сталоўкі затрымалі, калі яна выносіла са школы каля 30 кілаграмаў мяса і рыбы.

Пра нясмачную ежу распавядаюць і чытачы «Белсату».

«Ежа ў школе нясмачная і халодная. Порцыі маленькія, а кошт – 4 рублі. Я за гэтыя грошы ў сталоўцы і суп, і гарнір з катлетай, і кампот бяру», – распавяла нам жанчына, чыё дзіця вучыцца ў адной са школаў Партызанскага раёну Менску.

Як у суседзяў?

Тым не менш пытанні школьнага харчавання хвалююць не толькі ўлады Беларусі. У суседніх краінах таксама ёсць свае праблемы з гэтым. У 2019 годзе Дзяржаўная санітарная інспекцыя Польшчы выявіла, што ў масавым харчаванні дзяцей і падлеткаў мала малака ці малочных прадуктаў, гародніны і садавіны. Рыбу падавалі зарэдка, а смажаныя стравы зачаста. Надта вялікую долю ў меню мела і бульба.

Больш за тое, да 1 верасня 2022 года пачатковыя школы Польшчы не былі абавязаныя забяспечваць школьнікаў аднаразовым гарачым харчаваннем і магчымасцю ім харчавацца. Праўда, і цяпер школы не абавязаны мець сваю кухню: можна скарыстацца паслугамі кейтэрынгу або заключыць дамову з іншаю школаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Што цікава, польскія школы на сваіх сайтах нават публікуюць меню на кожны дзень. Напрыклад, у школе № 109 Варшавы 4 лістапада на сняданак былі булка, масла, гомагенізаваны сыр, садавіна і гарбата з цытрынаю, а на абед – таматавы суп з пасты, рыбныя палачкі, бульба, салат з капусты і сок.

Калі ў Беларусі цэны школьных абедаў з верасня складаюць Br 2,82–4,12 за дзень, то ў школах Польшчы абеды каштуюць 3–15 злотых за дзве стравы, або Br 1,56–7,8.

Рэформа харчавання ва Украіне

Сваю рэформу школьнага харчавання сёлета перад вайною пачалі і ў суседняй Украіне. З 1 студзеня мясцовыя школы і дзіцячыя сады перайшлі на абноўленае меню, якое распрацоўваў папулярны шэф-кухар Яўген Клапатэнка. Куратарам праекту, што ладзіцца ў межах мемарандуму з ЮНІСЭФ і амбасадаю Швейцарыі, была жонка прэзідэнта Алена Зяленская. Раней у краіне дзеялі нарматыўныя дакументы 1956 года.

Новае меню памяншала колькасць хлебабулачных вырабаў, прадугледжвала паступовую адмову ад цукру і солі, а таксама павелічэнне спажывання гародніны і мяса. З рацыёну школьнікаў выключылі сасіскі, каўбасы, рыбныя кансервы, прыбралі з буфетаў непастэрызаваныя сокі, газаваныя напоі і каву, прадукты з крэмам, харчовыя канцэнтраты. Абноўленае меню змяшчае 160 страваў, сярод якіх – пастухоў пірог, булачкі з цынамонам (сінабон), бефстроганаў, лобіё, фрытата, нагетсы, нёкі і традыцыйныя ўкраінскія рэцэпты.

«Ідэя такая: дзеці ядуць здаровую ежу ў садку, потым у школе, а потым і самі будуць гатаваць здаровую ежу сабе, а потым сваім дзецям, а далей унукам», – заяўляў Клапатэнка.

Але абноўленая сістэма харчавання спадабалася не ўсім. Некаторыя бацькі абураліся тым, што дзецям давалі ежу і напоі без смаку, памер порцыяў паменшыўся, а цана павялічылася.

Як і ў Польшчы, ва ўкраінскіх школах няма цэнтралізаванага цэнаўтварэння на школьныя абеды, як у Беларусі.  Актуальных сярэдніх коштаў на школьнае харчаванне па Украіне знайсці не ўдалося.

Якія маюць быць школьныя абеды

У каментары «Белсату» ўкраінская дыет-коўч Алёна Юдзіна адзначыла, што «зарганізаваць збалансаванае харчавання дзяцей у школе лёгка, калі асоба, якая займае адпаведную пасаду, любіць сваю працу, а не толькі грошы, якія атрымлівае за яе».

«Калі асоба не любіць сваёй працы, то ёй будзе начхаць, што там дзеці ядуць. Нават калі будзе прытрымлівацца прапісаных нормаў, не будзе гаворкі пра тое, каб ежа мела эстэтычны выгляд, а страва была смачная», – заявіла суразмоўца.

Паводле Юдзінай, часта кухарам замест таго, каб зрабіць смачную страву, у якой было б шмат вугляводаў, бялку і вітамінаў, прасцей «зварыць макарону з хляблетай [катлета, дзе хлебу больш за мяса. – Заўвага рэд. Belsat.eu] і незразумелым салатам».

Алёна Юдзіна адзначыла: ежа мусіць складацца з балансу бялкоў, тлушчоў і вугляводаў цягам дня. Абед жа павінен быць найбольш сытным, «каб дзіця паела, і яму таго хапіла амаль да вечара». Школьныя абеды павінны месціць кашу, «якая мусіць даваць сілы рабіць урокі, каб мозг добра працаваў, яны не засыналі на занятках». Таксама мусіць быць бялковая страва (мяса або рыба ў рознай інтэрпрэтацыі) і гародніна. І ў кашы, і ў гародніне павінна быць масла.

«Бялок – будаўнічы матэрыял нашага арганізму. Дзеці растуць, і ім трэба шмат бялку. Тлушчы выконваюць гарманальную і энергетычную функцыю, даюць пачуццё насычэння», – адзначыла суразмоўца.

Таксама на абед можа быць суп, хоць ён і не насыцяць дзіцяці, бо «гэта вада і гародніна», але прынамсі больш напоўняць страўнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Сняданак у школе, асабліва з улікам таго, што шмат якія дзеці не снедаюць удома, таксама можа ўлучаць кашу з маслам, амлет або гатаванае ці смажанае яйка і салат (квашаную капусту або гатаваную моркву). Можа быць і сыр з хлебам, адзначыла Алёна Юдзіна.

Не толькі школа

Дыет-коўч падкрэсліла, што найлепш, каб збалансаванае харчаванне ў дзяцей было не толькі ў школе, але і ўдома. Але дзеці харчовыя паводзіны бяруць з сям’і ды ядуць тое, што ядуць іхныя бацькі. Калі ж бацькі сапраўды жадаюць, каб дзіця было здаровае і харчавалася нармальна, яго трэба збалансавана гадаваць, падкрэсліла суразмоўца.

У прыватнасці бацькі павінны не перакладаць сваёй адказнасць на школу, а мусяць «зранку, калі дзіця прачынаецца, рабіць паўнавартасны сняданак». Можна зварыць малочную кашу, нават манную, але не са звычайных манных крупаў, а з сэмаліны або з цэльнага зерня, у якіх нашмат больш карысных рэчываў. Каша можа быць на малацэ і з маслам. Можна даць хлеб з сырам, гарбату ці іншы напой. Замест кашы можа быць амлет або грэчка з маслам, яйка. Калі дзіця есць гародніну, варта дадаць і яе.

«Раніцай я не рэкамендую есці рыбы або мяса, бо дзіця толькі прачынаецца, і страўнік не вельмі працуе. Можна зрабіць сырную запяканку з бананам, у якіх шмат бялку і вугляводаў. Яйка – таксама бялок і тлушчы», – адзначыла дыет-коўч.

Таксама на сняданак могуць быць сырнікі або бліны, але найлепш з цэльназерневай або кукурузнай мукі.

На абед, «калі мы не разлічваем на збалансаваны абед у школе», бацькі таксама павінны паклапаціцца і зрабіць тое, што павінна быць у школе, адзначыла Алёна Юдзіна. Гэтак, можна зрабіць кашу з маслам з мясам або рыбай і салатам. Можна есці і бульбу або макарону, але іх не трэба запраўляць маянэзам ці дадаваць у пюрэ шмат малака, калі тое ўжо было раніцаю.

На падвячорак можна з’есці лусцень або выпечку з карыснай мукі, садавіну або ягады.

Калі раніцаю не было кашы, яе можна зрабіць на вячэру. Можна прыгатаваць і бульбу, але найлепш яе запячы ў духоўцы – так яна карысная.

Кашу можна замяніць макаронаю з цвёрдых гатункаў – сэмаліны або дурум.

«На вячэру можна да кашы або рыбку, або мяска. Няшмат дзіцяці трэба, можа, 50 грамаў максімум. Або таксама можа быць запяканка, калі быў вельмі насычаны абед. Ці сырнікі або вінегрэт, у якім шмат вугляводаў», – раіць суразмоўца.

Але, падкрэсліла Юдзіна, трэба жаданне бацькоў усё гэта гатаваць. Калі яго няма, то нічога карыснага не будзе.

  • Тым часам, паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, у Еўрапейскім рэгіёне САЗ 29 % хлопчыкаў і 27 % дзяўчатак у веку ад шасці да дзевяці гадоў маюць залішнюю вагу, а 13 % хлопчыкаў і 9 % дзяўчатак – атлусценне. Пры гэтым шкодная ежа ёсць адным з чатырох фактараў, што прыводзяць да 80 % неінфекцыйных хваробаў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў