Страты будуць адчувальныя. Чым пагражаюць уладам Беларусі новыя рэпрэсіі супраць «Экадому»


Лагатып аб’яднання «Экадом». Выява: ecohome-ngo.by

Краіны – удзельніцы Оргускай канвенцыі ў кастрычніку выставілі беспрэцэдэнтныя ўмовы ўладам Беларусі, патрабуючы ад іх спыніць ціск на экалагічную арганізацыю «Экадом». У адказ тыя толькі прыдумалі новыя рэпрэсіі.

Іх «адказ Чэймбэрлену»?

Hавiны
«Экадом» ліквідавалі і абавязалі вярнуць 87 рублёў
2021.08.31 20:33

21 кастрычніка ў Жэневе краіны – удзельніцы Оргускай канвенцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН прынялі пастанову аб Беларусі, якое прызнала ліквідацыю 31 жніўня экалагічнай арганізацыі «Экадом» выпадкам пераследу і прыгнёту НДА. Таксама было вырашана прыпыніць для краіны правы ды прывілеі паводле канвенцыі, калі яна не зробіць крокаў у аднаўленні рэгістрацыі «Экадому» да 1 снежня 2021 года. Прыпыненне ўступіць у моц 1 лютага 2022 года.

Гэта першы выпадак у гісторыі канвенцыі, калі ўсе спробы дасягнуць кансэнсусу былі вычарпаныя і бакі звярнуліся да прыняцця пастановы галасаваннем. 34 з 39 краінаў падтрымалі гэтае рашэнне ды заклікалі Беларусь адмяніць пастанову аб ліквідацыі ГА «Экадом». Упершыню ў гісторыі канвенцыі аднаго з камунікатаў з Камітэтам выканання зліквідавалі.

Hавiны
Краіны – удзельніцы Оргускай канвенцыі прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне аб Беларусі
2021.10.22 09:49

Аднак эфект ад такога рашэння аказаўся адваротным. Прадстаўнікі цяпер ужо зліквідаванага «Экадому» 3 лістапада атрымалі ліст ад Міністэрства інфармацыі пра блакаванне сайту арганізацыі. У лісце з ведамства, які ёсць у распараджэнні «Белсату», адзначаюць: прычынаю блакавання стала «парушэнне заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі, распаўсюд якой забаронены». А калі казаць больш канкрэтна, то сайт «Экадому» афіцыйна заблакавалі за спасылку на наш сайт.

«Выглядае, што тут мы маем сітуацыю, як у вядомай байцы, калі на скаргі грамадзяніна, як яму дрэнна жывецца, мясцовы лідар параіў набыць казу. А калі той заенчыў, што з казой наагул ніякага жыцця няма, даў чарговую параду – пазбыцца жывёліны. І, вядома ж, грамадзянін уздыхнуў з палёгкаю ды быў удзячны за каштоўныя парады і дапамогу. Цяпер мы на стадыі «набывання чарговай казы», то бок умовы пагаршаюцца, каб потым у нечым саступіць і падаць гэта як вялікае дасягненне. Усім вядома, што ў Беларусі фактычна рашэнні ў такога кшталту пытаннях не прымаюць адказныя за адпаведныя сферы органы, то бок не Міністэрства інфармацыі вырашае, які сайт блакаваць, і не Міністэрства юстыцыі вырашае, каго пазбаўляць рэгістрацыі. Я цалкам згодны з міністрам Худыкам: пытанне ліквідацыі «Экадому», як і іншыя захады, ёсць справаю палітычнаю, таму ад палітычнай волі залежыць, як падзеі будуць развівацца далей», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці прадстаўнік зліквідаванага ўладамі «Экадому».

Hавiны
Мінінфарм заблакаваў сайты экалагічнага аб’яднання «Экадом» і іншых грамадскіх арганізацыяў
2021.11.04 08:51

Што страціць афіцыйны Менск

Што датычыць наступстваў, з якімі мае сутыкнуцца Беларусь за рэпрэсіі супраць «Экадому», то яны не будуць наўпроставымі, кажа суразмоўца.

«Напрыклад, не працягнуць нейкага кантракту на набыццё прадукцыі беларускай вытворчасці. Не падтрымаюць пэўных праектаў міжнароднай дапамогі. Гэта як у супольнасці, дзе нехта не выконвае сваіх абавязкаў: напрыклад, пазычыў грошай і не аддаў своечасова – не абавязкова яго будзе хтосьці біць або ўшчуваць. Проста наступны раз ніхто не пазычыць, да ўдзелу ў супольным гешэфце не запросяць: нібыта і санкцыяў ніякіх не было, а страты адчувальныя», – адзначыў прадстаўнік «Экадому».

А вось рэальныя механізмы ўздзеяння на Менск, паводле яго, – «у палітычнай плашчыні». У адваротным выпадку, мяркуе суразмоўца, проста «ступень заклапочанасці можа значна ўзрасці і будзе выказваная нашмат часцей, чым было да гэтага».

Інтэрв’ю
Яраслаў Бекіш: Удар «Зялёнага лебедзя» для Беларусі будзе мацнейшы за санкцыі
2021.11.03 10:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў