Прызнанне «Белсату» і яго аўдыторыі «экстрэмісцкаю групоўкай» – гэта форма запалохвання

«Белсат» – першае выданне, гледачы і чытачы якога, аб’яднаныя праз інтэрнэт-сэрвісы, былі прызнаныя беларускім МУС экстрэмісцкаю групоўкаю, за што пагражае крымінальная адказнасць. Гэта той дручок, які ўлады Беларусі могуць выкарыстоўваць у любы час у дачыненні нашых журналістаў, гледачоў і чытачоў.

Такі статус раней атрымалі падпісанты блогера Nexta. Аднак, акрамя медыйнай, ён вядзе арганізацыйную і прапагандысцкую дзейнасць на баку беларускай апазіцыі. «Белсат» тым часам інфармуе, але таксама прапагандуе беларускую культуру і мову, папулярызуе гісторыю, забаўляе. Выпускае дакументальныя фільмы, у мінулым узнагароджаныя нават на афіцыйных беларускіх фестывалях. Такім чынам, гэта паўнавартаснае кросплатформавае медыя.

Артыкулы
МУС Беларусі прызнала «Белсат» экстрэмісцкім фармаваннем
2021.11.03 09:25

Прызнанне беларускім МУС каналу «экстрэмісцкаю групоўкаю» нам самім не зусім зразумелае. Аднак можна чакаць, што гэта дасць падставу Аляксандру Лукашэнку рэпрэсаваць не толькі журналістаў, але і падпісантаў нашых каналаў у сацыяльных сетках. І гэта вялікая колькасць людзей. Толькі на адзін цалкам беларускамоўны, а таму арыентаваны амаль выключна на беларусаў YouTube-канал «Белсат News» падпісаныя амаль паўмільёна асобаў.

Дасюль нашых падпісантаў маглі прыцягнуць да адказнасці за публікацыю «экстрэмісцкіх матэрыялаў», як класіфікавалі прадукцыю «Белсату». Аднак ім пагражала «толькі» адміністратыўнае пакаранне – штраф або арышт. Цяпер падпіска на канал або далучэнне да профіляў у сацсетках можа быць расцэненае як удзел у экстрэмісцкай групоўцы. І такім людзям цяпер паводле Крымінальнага кодэксу можа пагражаць пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

 

 

Гэта яшчэ адзін доказ таго, якое значэнне ўлады Беларусі надаюць «Белсату». Гэта не адзіная прыкмета гэткай цікавасці. Нядаўна «Комсомольская правда» – найбуйнейшы расейскі таблоід і, праўдападобна, любімая газета Пуціна – спрабавала ўзяць у мяне агрэсіўнае інтэрв’ю. У маргінальным польскім часопісе «Myśl Polska» («Польская думка») выйшаў артыкул у падобным тоне. У гэтым кантэксце прызнанне «Белсату» і яго гледачоў ды чытачоў у сацыяльных сетках экстрэмісцкаю групоўкаю здаецца невыпадковым супадзеннем.

Асноўная мэта дзеянняў рэжыму – запалохаць беларусаў так, каб яны нават баяліся чытаць нашыя матэрыялы, не кажучы ўжо пра падпіску, лайкі або рэпосты. Зрэшты, нашыя чытачы ў Беларусі ўжо некалькі разоў траплялі за гэта пад арышт нават на два тыдні. Улады Беларусі і без гэтага маглі пасадзіць пад варту або асудзіць любога чалавека на падставе сфабрыкаваных і зусім неверагодных абвінавачанняў.

Hавiны
«Хуліганка» за надпіс «Лукашэнку ў аўтазак!». «ByPol» распавёў, як Следчы камітэт фабрыкуе справы
2021.11.03 15:37

 

Да таго ж, беларускі закон аказваецца надзвычай расцягнутаю структураю. Фармулёўка беларускага МУС можа азначаць самыя сур’ёзныя санкцыі або нічога. Бо гэтую класіфікацыю суды могуць выкарыстаць, але не мусяць. Гэта зручны кастэт або прыдатны дручок для беларускага «правасуддзя».

Цяпер пад вартаю застаюцца журналістка «Белсату» Ірына Слаўнікава і ейны муж Аляксандр Лойка. Іх на два тыдні пазбавілі волі менавіта за публікацыю «экстрэмісцкіх матэрыялаў» нашага каналу. Застаецца спадзявацца, што Ірына ды Аляксандр выйдуць на волю пасля адбыцця пакарання і супраць іх не ўжывуць зваротнай моцы закону, каб абвінаваціць ва ўдзеле ў экстрэмісцкай групоўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя тэлеканалу «Белсат» у Варшаве, Польшча.
Фота: ЮШ / Белсат

Для «Белсату» гэта рэальнае абцяжарванне працы, бо з нашымі чытачамі мы жывём у сімбіёзе. Мы адданыя ім, а яны – нам. Але праз гэта мы не закрыем нашага каналу. Варта гэта разглядаць як чарговае выпрабаванне. І, гледзячы на гэта больш па-філасофску, задаюся пытаннем: за што беларускі народ павінен столькі пакутаваць? Бо вар’яцтва, якое запанавала ў Беларусі, неапісальнае. Але я спадзяюся, што дрэннае нарэшце скончыцца.

Зацікаўленасць да «Белсату» і яго аўдыторыі, якую праявіў МУС, мы лічым своеасаблівым доказам прызнання. Існаванне каналу для ўладаў Беларусі настолькі значнае і балючае, што ім даводзіцца звяртацца да гэткіх абсурдных крокаў.

Стужка навінаў