Працаўнік рытуальнай агенцыі: За апошні месяц колькасць памерлых вырасла ў тры разы

Улады Беларусі працягваюць патрабаваць ад уласнікаў гандлёвых цэнтраў здымаць інфармацыю пра масачны рэжым. Пачалося гэтае змаганне з сталічных гіпермаркетаў, а цяпер перакінулася і на абласныя гандлёвыя цэнтры. І гэта на фоне таго, што рытуальныя агенцыі проста перагружаныя працай. Працаўнікі гэтай сферы кажуць, што колькасць памерлых у параўнанні з мінулагодняй хваляй каронавірусу вырасла больш чым у тры разы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Чацвёртая хваля каронавіруса стала непрадказальнай і нашмат больш складанай, чым папярэднія. Медыкі сцвярджаюць, што захворванне на COVID-19 працякае непрадказальна. Інфікаваныя адчуваюць пагаршэнне стану здароўя літаральна на працягу дня. Пры гэтым вірус забірае жыцці людзей да 40 гадоў, прычым паміраюць пацыенты, якія не маюць спадарожных захворванняў і не ўваходзяць у так званую групу рызыкі.

Працаўнікі рытуальных агенцыяў кажуць, што і летась была хваля каронавірусу і адчулі павелічэнне колькасці памерлых. Але сёлета пахаванняў стала ў тры разы болей.

«На працягу апошняга месяцу сітуацыя проста выйшла з пад кантролю. Працаўнікі рытуальных агенцыяў перагружаныя, не хапае трунаў, катафалкаў, капальнікаў магіл. Наш гарадскі морг проста перапоўнены. Калі раней штодня паступала ад 5 да 15 памерлых, то цяпер ад 100 да 200. Колькасць памерлых вырасла амаль у тры разы. За содні цяпер ладзяць 70-80 крэмацыяў, а звычайна ў нармальных умовах было ад 10 да 25. Нам тэлефануюць без перапынку, але мы вымушаныя нават адмаўляць, пераносіць пахаванне. Кошт пахавання цяпер складае каля 2000 рублёў», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці працаўнік рытуальнай агенцыі.

Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў

Шпіталі перапоўненыя, лекаў не хапае

Шпіталі ў краіне надалей перапоўненыя. Рапарты чыноўнікаў пра тое, што сітуацыя стабілізавалася і пачынаюцца ізноў перапрафілёўваць больніцы, не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. У больніцах не хапае лекаў, кіслароду, не хапае месцаў для новых хворых.

«Згодна з планам, Менскі гарадскі анкалагічны цэнтр (МГКАЦ) павінен быў размыць свой пяты корпус для прыёму анкапацыентаў, аднак, гэта зроблена не было, паколькі ў цэнтр тэрмінова паведамілі пра вялікае паступленне пацыентаў – 40 асобаў павінныя былі прывезці ў МГКАЦ, таму планы на размыццё цэнтру не рэалізаваліся. З чым звязана такое вялікае паступленне – не вядома», – паведамляе Telegram-канал belhalat_by.

Чытачы «Белсату» пра сітуацыю з COVID-19: «Загадалі медыкам, каб нідзе не было чаргі»

Самыя пацыенты кажуць, што практычна ўсе лекары цяпер занятыя кавіднымі пацыентамі. Патрапіць да лекара на агляд немагчыма. Такая сітуацыя не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Чытачы «Белсату» паведамляюць, што нават у дзіцячых шпіталях немагчыма знайсці месца для лячэння.

«Жонка з 6-месячным дзіцем заразіліся ў дзіцячай хірургіі кавідам. У дзіцяці паднялася тэмпература да 38,4 – выклікалі хуткую. Па хуткай павезлі ў інфекцыйку. Нягледзячы на ​​просьбы лекара з хуткай, там адмовіліся прымаць. І гэта 6-месячнае дзіця! Пасля павезлі ў дзіцячы шпіталь на Астроўскага. Там аказалася, што іх прымуць з сімптомамі ў белае аддзяленне», – піша чытач «Белсату» з Горадні.

Жыхар гораду над Нёмнам таксама дадае, што некаторыя медыкі дзяжураць па некалькі начэй запар. Лекары працуюць адразу на дзве зоны, пры выхадзе з чырвонай проста здымаюць сродкі індывідуальнай абароны.

Улады «змагаюцца» з масачным рэжымам

Але нягледзячы на гэтаю сітуацыю, улады працягваюць змагацца ў інфармацыяй пра масачны рэжым. Раней у сталіцы чыноўнікі загадалі ўладальнікам гандлёвых цэнтраў паздымаць шыльды і налепкі пра выкананне масачнага рэжыму. Цяпер гэтая хваля патрабаванняў дакацілася і да абласных цэнтраў. 4 лістапада ў Віцебскім гандлёвым цэнтры «GREEN» таксама пачалі здымаць інфармацыю пра выкананне масачнага рэжыму і сацыяльнай дыстанцыі.

Патрабаванні зняць інфармацыю для арандатараў. Фота: чытачы / Белсат

Мала таго, паводле інфармацыі Telegram-канала belhalat_by, улады працягваюць звальняць «неблаганадзейных» лекараў. Паводле інфармацыі лекараў, у ведамстве звольнілі 300 лекараў. І гэтая палітыка адбываецца на фоне таго, што нават паводле афіцыйных звестак цяпер у Беларусі востра не хапае медыкаў. На пачатак 2020 года ў нашай краіне бракавала каля 3000 медпрацаўнікоў, а ў сярэдзіне 2021 года – каля 10 тысячаў. З гэтай лічбы амаль палова – кваліфікаваных лекараў.

І сярод ахвяраў каронавірусу таксама ёсць і лекары. «Белые халаты» паведамляюць, што на працягу бягучага тыдня ў Гомлі на ШВЛ памёр УГ-дыягност Мікалай Каркоўскі. У Менску не стала лекара хуткай меддапамогі Алега Лашкова і Раісы Мяцельскай, медсястры 5 гарадской дзіцячай паліклінікі.

Рэальная статыстыка ковід: «У моргу целы ляжаць у мяхах на сталах і падлозе»

Здымак вкладкі: Андрэй Золатаў / Vot Tak TV / Белсат

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны