«Няшмат людзей пакуль з такімі пашпартамі падарожнічаюць». Распавядаем пра біяметрычныя дакументы


31 траўня 2021 года ўрад Беларусі прыняў Указ аб формах бланкаў біяметрычных дакументаў і іх апісанні. А 1 верасня ў Беларусі пачалі выдаваць біяметрычныя пашпарты. Паводле ўказу № 107, грамадзянам краіны выдаюць два дакументы: пластыкавую ID-карту як дакумент для выкарыстання ў краіне і пашпарт для замежных паездак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У тэорыі атрымаць дакументы мае быць проста, але пакуль тыя, хто звяртаюцца па біяметрычныя дакументы, могуць сутыкнуцца з некаторымі акалічнасцямі. Як нам распавяла Юлія Лісіца, пытанні ўзніклі нават пры зняцці адбіткаў пальцаў.

«Пачала з таго, што пагугліла, якая ёсць інфармацыя пра новыя дакументы. Было напісана, што можна прыйсці ў міграцыйную службу любога раёну, і там мусяць даць магчымасць атрымаць дакументы не паводле месца прапіскі, а паводле месца пражывання. Насамрэч аказалася, што дакументы выдаюць толькі паводле месца прапіскі», – падзялілася Юлія.

Жанчына адзначыла, што падала заяву без чаргі, бо прымалі ў адмысловым кабінеце:

«Падаецца, асаблівым попытам такія дакументы не карыстаюцца. Я прыходзіла ў Савецкім і ў Маскоўскім раёнах у службу міграцыі, і натоўпу там не было. А вось выдачы доўга чакала, бо біяметрычныя дакументы выдаюць разам з усімі астатнімі. Там былі іракцы, якіх процьма, і іншыя, хто падаецца на від на жыхарства. Можна паўтары гадзіны прачакаць сваёй чаргі».

Але сістэма яшчэ не добра адладжаная.

«Па-першае, не зразумела, з чым трэба прыходзіць і куды канкрэтна звяртацца. Нібы варта проста прыйсці ў міграцыйную службу, і там з табою разбяруцца, але насамрэч гэта трошку іначай. Варта шукаць гэты кабінет, тлумачыць, што табе трэба, не заўжды тлумачаць розніцу паміж ID-картай і замежным пашпартам. Няма такога, каб ты на сцяне недзе там гэта прачытаў. Інфраструктура яшчэ не суперадпрацаваная», – адзначае нашая суразмоўца.

Каб атрымаць дакументы, не трэба прыносіць пасведчання пра шлюб, даведкі пра нараджэнне дзіцяці: гэта ўжо ёсць у базе, і такая інфармацыя больш не змяшчаецца нідзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка/ Reuters / Forum

«Калі твайму мужчыну трэба будзе праверыць, ці ёсць у цябе муж, то праз пашпарт ён ужо гэтага не зробіць», – кажа Юлія.

На месцы здаецца стары пашпарт, замест яго даюць часовы дакумент, там жа робяць фота і бяруць адбіткі пальцаў.

«Там новае абсталяванне, якое ў верасні паставілі. Мы спрабавалі ўзяць мае адбіткі, можа, восем ці дзесяць разоў. Работніца нават прапаноўвала мне зняць адбітак з іншага пальца, бо адзін з іх не спрацоўваў. Але не ўдалося. І ў выніку мы яшчэ некалькі разоў здымалі адзінец», – распавядае Юлія.

Новыя дакументы – ID-карту і біяметрычны пашпарт – робяць 15 дзён за Br 101,5. Калі даплаціць, то можна атрымаць праз 10 дзён у паскораным парадку ці праз 5 тэрмінова. Увага! Калі вы спачатку заплацілі за звычайны пашпарт, а потым надумалі займець біяметрычны, проста так вам ваш плацеж не перавядуць на атрыманне іншага віду дакументаў.

«Два месяцы таму я аплаціла праз АРІП звычайны пашпарт, недзе 80 рублёў. А потым прыходжу на атрыманне біяметрычных дакументаў і пытаю, ці можна мне тыя грошы залічыць, каб я два разы не плаціла. Аказалася, такой сістэмы няма. Трэба ісці ў падатковую пісаць заяву на адзін дакумент, потым на другі, і праз 30 дзён ты невядома адкуль зможаш гэтыя грошы забраць. Вось гэта сапраўдная IT-краіна: вы нам заплаціце праз АРІП за адну хвілінку, але грошы мы вам вернем толькі праз месяц у найлепшым выпадку», – абураецца жанчына.

Агулам Юлія задаволеная новымі дакументамі і тым, што іх цяпер два замест аднаго:

«Я шмат лятаю, таму мне зручна атрымаць адзін замежны пашпарт, куды мне ставяць візы. І ID-карту з максімальным тэрмінам дзеяння, якая можа быць прывязаная да якіх-небудзь банкаў ці іншых справаў у краіне. Праўда, памежнікі вельмі пільна спраўджваюць мае дакументы, па некалькі разоў правяраюць, ці падобная я да сябе, пытаюць нейкую інфармацыю з дакументаў. Так, я трачу дадатковы час на мяжы, але гэта не крытычна. Напэўна, няшмат людзей пакуль з такімі пашпартамі падарожнічаюць».

Артыкулы
«Гэта супярэчыць Канстытуцыі». Офіс Ціханоўскай аб прапанове ГУБАЗіКу пазбаўляць беларусаў грамадзянства
2021.10.19 17:53

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў