ГУБАЗіК назваў Марфу Рабкову адной з кіраўніц міжнароднай злачыннай анархісцкай арганізацыі


ГУБАЗіК вінаваціць Марфу Рабкову ў кіраўніцтве міжнароднаю злачыннай арганізацыяй, а Следчы камітэт – у падпале будынку падатковай інспекцыі Гомельскага раёну ў 2017 годзе.

Марфа Рабкова.
Фота: Марфа Рабкова/Facebook

ГУБАЗіК на сваім афіцыйным тэлеграм-канале паведамляе, што ўпраўленне Следчага камітэту па Менску распачало крымінальную справу па факце стварэння міжнароднай злачыннай анархісцкай арганізацыі (ч. 1 і 2 арт. 285 КК РБ), якая складаецца з шэрагу экстрэмісцкіх фармаванняў, забароненых у Беларусі. Адною з кіраўніц гэтай арганізацыі, паводле ГУБАЗіКу, ёсць праваабаронца і валанцёрка «Вясны» Марфа Рабкова.

Далей у пасце ГУБАЗіКу ідзе спасылка на сайт Следчага камітэту, дзе распавядаецца пра раскрыццё справы пра падпал будынку падатковай інспекцыі Гомельскага раёну ў 2017 годзе. Ідзецца пра тое, што следства ўстанавіла датычных да падпалу асобаў. Імёнаў не называюць, гаворка толькі пра 26-гадовую дзяўчыну і 31-гадовага мужчыну. Яны нібыта і ёсць арганізатарамі падпалу, дзеля здзяйснення якога знайшлі выканальніка і далі ім канкрэтныя ўказанні. Выканальнікі зафіксавалі свае дзеянні на відэазапісу, які адправілі ў якасці справаздачы арганізатарам.

Таксама нібыта ўстаноўлена, што гэтыя 26-гадовая дзяўчына і 31-гадовы мужчына адміністравалі шэраг інтэрнэт-рэсурсаў і тэлеграм-каналаў анархісцкага кірунку, якія прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Яшчэ два фігуранты – мужчыны 21 і 25 гадоў – былі актыўнымі ўдзельнікамі гэтых каналаў. Некаторыя з гэтых асобаў, паводле СК, былі актыўнымі кіраўнікамі экстрэмісцкіх фармаванняў – як «Революционное действие», «Народная самооборона» і «Революцiйна дiя».

Марфе Рабковай 26 гадоў, яна праваабаронца, каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Была затрыманая 17 верасня 2020 года. Больш за год утрымліваецца ў СІЗА № 1 у Менску. Прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітзняволенай.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў