Актывісту, які ўцёк з Беларусі ад пераследу, забаранілі ўезд ва Украіну


У аэрапорце «Кіеў» (Жуляны) 3 лістапада памежнікі не пусцілі ў краіну 30-гадовага беларуса Арцёма Маркіна, які з’ехаў з Беларусі ад палітычнага пераследу, піша Reform.by.

Арцём Маркін.
Фота: Reform.by

«Каля трапу сустракалі паліцыянты»

Для Арцёма Маркіна адмова ва ўездзе ва Украіну стала поўнаю нечаканасцю. Маладзён прыляцеў у Кіеў з Грузіі, дзе быў са жніўня.

«З дакументамі ў мяне ўсё было ў парадку – у плане ПЛР-тэсту і страхоўкі. На пашпартным кантролі ў Кіеве памежнік раптам запытаў, ці былі ў мяне праблемы на тэрыторыі Украіны. Праблемаў не было, ні да якой адказнасці я не прыцягваўся, так яму і сказаў, – распавёў Маркін. – Ён паклікаў калегу, яны забралі мой пашпарт і сказалі пачакаць. Потым мяне адвялі ў кабінет начальніцы змены. Яна выдала мне паперу, што мне забаронены ўезд ва Украіну. Прычыну мне не патлумачылі, мне здаецца, што начальніца была ў курсе, але агучваць мне не захацела».

Начальніца змены запрапанавала Арцёму ляцець назад у Батумі за кошт авіякампаніі, што яму і давялося зрабіць.

«Па прылёце ў Грузію каля трапу мяне сустрэлі паліцыянты, – распавядае далей Арцём. – Пашпарт адразу не аддалі. Адвялі таксама да начальніка змены, ён запытаў, чаму мяне не ўпусцілі ва Украіну, пацікавіўся, што мне пагражае ў Беларусі. Пасля гэтага мне ўручылі акт аб вяртанні пасажыра, аддалі пашпарт і адпусцілі без прэтэнзіяў».

У пастанове адмовіць у мінанні мяжы Украіны, якое выдалі Маркіну, пазначана, што «ў дачыненні асобы маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органу пра забарону ўезду ва Украіну». Што гэта за орган, калі і чаму ён выдаў забарону, на які тэрмін, у дакуменце не пазначана. Арцём Маркін мае намер звяртацца ў Службу бяспекі Украіны, каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні.

Увесну – «адміністратыўка», улетку – «крыміналка»

Пакуль што маладзён застанецца ў Грузіі.

З’ехаць з Беларусі Маркін быў змушаны праз пагрозу арышту. Рэч у тым, што Арцём – анархіст. У Менску ён быў актывістам ініцыятывы «Ежа заместа бомбаў» – раздаваў ежу бяздомным. У сакавіку сёлета ў кватэру, якую Маркін здымаў разам з сябрамі-анархістамі, прыйшоў з ператрусам ГУБАЗіК.

Арцёма і суседзяў затрымалі ды асудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне, маладзён атрымаў 15 содняў. А ў пачатку жніўня суседзяў Арцёма затрымалі ўжо паводле крымінальнага артыкулу за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія група парушаюць грамадскі парадак»). Пасля гэтага 4 жніўня Маркін з’ехаў з Беларусі. Праз шэсць дзён пасля ад’езду, калі маладзён ужо быў за мяжою, сілавікі прыйшлі з ператрусам і крымінальным артыкулам ужо супраць Арцёма.

Маркін не першы беларускі анархіст, якому забаранілі ўезд ва Украіну. У красавіку гэтага года СБУ забараніла ўезд у краіну актывістцы анархісцкага руху Алене Вітко, якая ў 2020 годзе ўцякла з Беларусі і з лістапада жыла ва Украіне. У красавіку яна ненадоўга выехала ў Польшчу, а калі вярталася ва Украіну, ёй уручылі забарону на ўезд на тры гады.

Таксама ў красавіку з Украіны спрабавалі выправадзіць беларускага анархіста Аляксея Балянкова, які з 2017 года жыве ў Кіеве. Балянкоў абскардзіў рашэнне і на гэты момант застаецца ва Украіне.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў