Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву этапавалі ў Гомель

Палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву этапавалі з СІЗА №3 у папраўчую калонію на вуліцы Антошкіна ў Гомлі. Пра гэта ў Facebook паведаміў ейны муж Ігар Ільяш.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

У гэтай калоніі Кацярына ўжо знаходзілася з траўня 2021 года па люты 2022-га, калі КДБ распачаў супраць яе новую крымінальную справу.

Цяпер лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць на адрас: Папраўчая калонія №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярына Андрэеўна Бахвалава.

«Як будзе цяпер даходзіць карэспандэнцыя – пытанне адкрытае. Пакуль Каця знаходзілася ў СІЗА, да яе прапускалі лісты выключна ад сваякоў. Але і ў такіх умовах атрымлівалася часам перадаваць ёй словы падтрымкі і салідарнасці ад сяброў, калегаў і проста неабыякавых людзей», – піша Ігар Ільяш.

Ён таксама адзначыў, што Кацярына «прасіла ўсім перадаць, што шчыра ўдзячная кожнаму, хто не забывае палітвязняў. Дзякуючы гэтаму, яна адчувае, што ўсё дакладна было недарэмна».

«Каця сказала, што ўсіх моцна абдымае і дасылае праменьчык усмешкі з-за кратаў», – паведаміў муж палітзняволенай.

Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў пакаранне для Кацярыны Андрэевай

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Разам з журналісткаю Дар’яй Чульцовай яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Сёлета Кацярыне выставілі новае абвінавачанне – у «здрадзе дзяржаве». 13 ліпеня Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму паводле сфабрыкаванага абвінавачання.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзеяў паўстала гэтая справа, дасюль невядома. У судзе заявілі, што Кацярыну прызналі віннай «у выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны