Вуліца, прытулак, пераезд за мяжу: які лёс чакае хатніх гадаванцаў мабілізаваных і тых, хто ўцякае з Расеі


Ахвярамі мабілізацыі ў Расеі сталіся не толькі людзі, але і жывёліны. Шукаць месца, куды ўладкаваць гадаванца і дзе яго будуць глядзець, даводзіцца і тым, хто ўжо атрымаў позву, і тым, хто ўцякае з краіны ды з нейкіх прычынаў не можа забраць жывёліну з сабою. Зоаабарончыя арганізацыі кажуць пра перапоўненыя прытулкі і зоагатэлі, а таксама, што неўзабаве можа стаць больш бадзяжнай жывёлы на вуліцах, бо не ўсе людзі настолькі адказныя, каб тэрмінова шукаць гадаванцам новы дом. «Белсат» паглядзеў, як гаспадары, валанцёры ды зоаабаронцы спрабуюць ратаваць ад наступстваў мабілізацыі ў Расеі хатніх гадаванцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сотні абвестак пра пошук добрых рук, перапоўненыя зоагатэлі

Пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі ў Расеі на інтэрнэт-пляцоўках кшталту avito.ru, у сацсетках і тэлеграм-каналах з’явілася процьма абвестак пра бескаштоўную перадачу жывёлінаў у добрыя рукі. Часам аўтары такіх абвестак адкрыта пішуць, што гадаванца трэба прыстроіць на час мабілізацыі.

«Ёсць неабходнасць уладкаваць сабаку, 4 гады, дварняк. Аддаць няма каму, я адзін: ні сваякоў, ні сяброў. Спадзяюся знайсці для сабакі добрых людзей на час мабілізацыі», – так выглядае тэкст адной з аб’яваў, і падобных да яе шмат.

Пакуль адныя шукаюць, куды ўладкаваць гадаванца, іншыя бачаць у гэтым шанец зарабіць грошай. Стала больш прапановаў паслуг выгулу і кармлення жывёлы падчас адсутнасці гаспадароў. Некаторыя патрабуюць пацвердзіць факт мабілізацыі.

Абвестка пра паслугу часовага ўтрымання. Скрыншот з сайту pikabu.ru

На пэўны час гадаванца можна аддаць у зоагатэль, але ў буйных гарадах яны ўжо перапоўненыя, пішуць мясцовыя медыі. Паводле гаспадароў такіх установаў, колькасць заявак на тое, каб уладкаваць жывёлінаў, значна вырасла ў верасні. Прычым пакідаюць на больш працяглы тэрмін. Калі раней сярэдні тэрмін быў каля тыдня, то цяпер часцей маюць патрэбу пакінуць на тры тыдні, месяц.

Расейцы, якія з’язджаюць з краіны, часта не могуць узяць з сабою гадаванцаў, бо не гатовыя дакументы аб вакцынацыі, няма чыпа, а за адзін дзень іх таксама не зрабіць. Бываюць выпадкі, калі дакументы гатовыя, але ўсё роўна няма магчымасці везці з сабою гадаванца.

«Сёння жанчына прывезла нам дзвюх котак. У яе спантанна выйшла: раніцай яна патэлефанавала, а ўжо праз гадзіну прыехала з жывёлінамі. Сказала, што тэрмінова з’язджае з сям’ёй у Фінляндыю», – распавядае гаспадыня аднаго з зоагатэляў.

Жывёлінаў падкідваюць да дзвярэй прытулкаў

У Расеі распаўсюджаныя міні-гатэлі для жывёлы, імі займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Попыт вырас.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Ёсць адзін малады бізнесовец, які апошнія 5–6 гадоў пастаянна карыстаецца паслугамі майго міні-гатэлю. Раней ён заўсёды пакідаў сабаку на 9–10 дзён, а тут раптам прыйшоў і папрасіў прытуліць Рэкса аж на два месяцы. Нават заплаціў з запасам яшчэ за тыдзень – як гасцінец пакінуў. Але я ж разумею, што ён можа і ўвогуле не вярнуцца», – распавяла гаспадыня міні-гатэлю Ніна.

Гатэлі і міні-гатэлі прымаюць жывёлінаў толькі з ветэрынарнымі пашпартамі. Гаспадары гадаванцаў, у якіх няма дакументаў, шукаюць індывідуальнае ўтрыманне ці чалавека, які будзе карміць і даглядаць гадаванца ў доме гаспадара. Часам такая паслуга можа быць з пражываннем пэтсітэра ў кватэры.

Яшчэ адзін варыянт – аддаць жывёліну ў прытулак. А некаторыя проста падкідваюць гадаванцаў да дзвярэй прытулку ці перакідваюць іх праз плот.

«Днямі мы знайшлі на тэрыторыі двух пародзістых катоў. Спачатку здзіўляліся, як яны чераз плот пералезлі. А потым злавілі аднаго таварыша, пагутарылі. Ён і прызнаўся, што тэрмінова з’язджае ў Грузію. Выкінуць Мурку не змог, нам прынёс», – распавяла гаспадыня прытулку ў Падмаскоўі Алена.

На сайтах некаторых прытулкаў ужо з’яўляюцца абвесткі, што жывёлінаў яны не прымаюць, бо перапоўненыя.

«Бяздомных катоў і сабакаў будзе больш. Мы не можам уявіць маштабу катастрофы, якая нас чакае»

Найбольш сур’ёзныя праблемы ўзнікаюць з пошукам утрымання экзатычных жывёлінаў: яшчараў, змеяў, павукоў, багамолаў, чарапах і г. д. Адно з нешматлікіх месцаў, дзе іх прымаюць, – калінінградскі цэнтр рэабілітацыі «Біясфера Балтыкі». Туды можна аддаць птушак, трусоў, грызуноў, рэптыліяў, амфібіяў, акварыумы з рыбкамі, казурак. Па асобнай дамоўленасці – курэй, гусей, коз ці авечак.

Расейскія зоаабаронцы звяртаюць увагу, што ў прытулкаў і валанцёраў ужо канчаюцца сродкі і рукі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Пішуць мужчыны. Яны не разумеюць, што іх чакае, і не ведаюць, што рабіць з жывёлінамі. Асабліва калі сваякі не побач ці ў іх няма магчымасці даглядаць гадаванцаў. У каго ёсць фінансы, просяць падказаць варыянты камерцыйных утрыманняў, – прыводзіць «Dobro. Журнал» словы зоаабаронцы Вольгі Ерамеевай. – Часцей шукаюць бясплатныя варыянты. Даводзіцца адказваць, што шанцы невялікія. Бясплатнае ўтрыманне – адзінкавыя ініцыятывы фондаў і валанцёраў, а агулам у расейскіх прытулках і так не стае сродкаў і рук».

Паводле зоаабаронцы, немагчыма ацаніць колькасці жывёлінаў, якіх цяпер выкідаюць:

«Адсотку выкінутых гадаванцаў ніколі не даведаемся. Толькі будзем бачыць усё больш бяздомных катоў і сабакаў. Мы не можам сабе ўявіць маштабу катастрофы, якая нас чакае».

Некаторыя праграмы дапамагаюць найперш тым, у каго на руках ёсць позва

Для апекі над жывёлінамі мабілізаваных у Расеі фонд дапамогі бяздомным жывёлінам «Я вольны» запусціў праграму «Будзь як удома, Мурзік». На старонцы можна як папрасіць дапамогу ў доглядзе гадаванца, так і прапанаваць свой дом для ўтрымання.

«З пачатку абвяшчэння ў Расеі частковай мабілізацыі ў наш фонд з прытулкаў сталі паступаць паведамленні пра рэзкі скачок колькасці выкінутых хатніх жывёлінаў, – кажа дырэктарка фонду «Я вольны» Вольга Ватамская. – На жаль, рэсурсы кожнага цэнтру ў нашай краіне і так абмежаваныя, і такога наплыву гадаванцаў яны папросту не вытрываюць. Менавіта таму мы пастанавілі актываваць сілы асобных зоаваланцёраў, гатовых прыняць на часовае ўтрыманне гадаванцаў тых, хто вымушаны часова пакінуць родны дом».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дырэктарка фонду запэўнівае: прымаючы гадаванцаў, яны не просяць гаспадароў паказаць позвы, бо фонду важны найперш «дабрабыт жывёлы».

Яшчэ адна ініцыятыва, якая так і называецца, «Дапамога жывёлінам мабілізаваных», з’явілася ў Telegram. Гэтая пляцоўка міжрэгіянальная і працуе па ўсёй Расеі, да яе далучыліся ўжо больш за 6 тысячаў чалавек. Да ініцыятывы можна звяртацца як з просьбаю прытуліць гадаванца, так і з прапановаю сваёй дапамогі.

Пры гэтым ініцыятыва найперш разглядае заяўкі ад прызыўнікоў з пацверджанаю позвай, у другую чаргу – заяўкі клінік і прытулкаў ды ад гаспадароў, якія плануюць пераезд.

Дэпутат Дзяржаўнай думы: Утрымліваць гадаванцаў мабілізаваных трэба за кошт рэгіянальных бюджэтаў

У Іркуцкім пітомніку «К-9» можна праз відэасувязь паглядзець на свайго гадаванца.

«Не ведаю, наколькі гэта дапаможа тым, хто з’ездзе ў зону баявых дзеянняў, але ў нас ёсць відэаназіранне. Можна будзе паглядзець на гадаванца», – распавёў кіраўнік «К-9» Вячаслаў Славін.

Дэпутат Дзяржаўнай думы, першы намеснік старшыні Камітэту экалогіі, прыродных рэсурсаў і наваколля Уладзімір Бурматаў прапанаваў утрымліваць хатніх гадаванцаў расейцаў, прызваных у межах частковай мабілізацыі, за кошт рэгіянальных бюджэтаў, паведамляе Vostok.Today.

Паводле чыноўніка, рэгіёны павінныя арганізаваць адмысловыя зоагатэлі для такіх жывёлінаў. Ён таксама зазначыў, што колькасць пакінутых гадаванцаў  вырасла, і выказаў думку, што, калі «ў справу ўступіць дзяржава, то мабілізаваныя не будуць непакоіцца пра сваіх гадаванцаў, якія засталіся ўдома». Дэпутат лічыць, што затраты на ўтрыманне жывёлінаў будуць не самыя вялікія і цалкам пасільныя рэгіянальным бюджэтам.

З чым сутыкаюцца расейцы, якія забіраюць жывёлінаў з сабою за мяжу

У няпростай сітуацыі і тыя, хто, з’язджаючы, забірае гадаванцаў з сабой. У адмысловых тэлеграм-чатах – сотні допісаў з пытаннямі пра тое, як перавезці жывёліну праз мяжу, просьбы распавесці пра асабісты досвед. Людзі шукаюць магчымасць хутка ці нават прамінулым днём зрабіць дакументы аб вакцынацыі, ветэрынарны пашпарт.

Скрыншот з тэлеграм-чату «Верхний Ларс»

Пры гэтым пішуць, што на расейска-грузінскай мяжы, як з боку Расеі, так і Грузіі ў самы крытычны час, калі працягласць корку была да 30 кіламетраў, памежнікі нават не пыталіся пра дакументы на жывёлінаў і прапускалі далей.

Скрыншот з тэлеграм-чату «Верхний Ларс»

Але калі з уездам у Грузію праблемаў не ўзнікла, то далей выехаць удавалася не ўсім гаспадарам жывёлы. У адным з тэлеграм-каналаў расейскамоўных жыхароў Батумі з’явілася абвестка з просьбаю дапамагчы: жанчына захрасла ў Батумі, бо Турцыя не ўпусціла яе з гадаванцамі – у яе было 12 катоў, а гэта больш за норму для аднаго чалавека пры перавозе ў Турцыю.

«Мы ехалі ў Турцыю, там нам ёсць дзе жыць. Вядома, усе жывёліны з’ехалі з намі, з усімі неабходнымі дакументамі, – пісала жанчына. – Нас пусцілі ў Грузію. Але не пусцілі ў Турцыю – праз жывёлінаў. Мы на дварэ ў Батумі! Нам патрэбная дапамога людзьмі. На чалавека павінна быць два каты, каб можна было іх правезці. <…> Каб нас прапусцілі праз мяжу, трэба, каб 4 чалавекі далучыліся да нас <…>. Мы на дварэ. Мы спалі ў машынах 6 ночай. <…> Мы выехалі 21 верасня, 9 дзён таму. Мы змучаныя, жывёлны таксама. Калі ласка, дапамажыце нам трапіць дамоў».

Яшчэ адна праблема, якая чакае тых, хто з’ехаў за мяжу з жывёлінамі, – знайсці разам з імі кватэру. Пра гэта нават у чатах тых, хто выязджае, папярэджвалі: «Людзі, не едзьце са сваймі жывёлінамі. Аддавайце родным і знаёмым. У вас будуць праблемы з жытлом».

Сапраўды, найчасцей жытло здаюць асобам без гадаванцаў.

Скрыншот з тэлеграм-чату «Верхний Ларс»
Скрыншот з тэлеграм-чату «Верхний Ларс»

Здараюцца таксама выпадкі, што жывёліны губляюцца па дарозе. Такая гісторыя, напрыклад, здарылася на памежным пераходзе «Верхні Ларс» на расейска-грузінскай мяжы – згубіўся руды кот Ліс. Гаспадары далі абвестку ў чаце «Верхні Ларс». Ката шукала чарга, за ягоны лёс перажывалі ўдзельнікі чатаў. Ці знайшоўся гадаванец, на жаль, так і засталося невядомым.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў