У Беларусі разбіўся аўтобус Варшава – Менск. 15 пацярпелых


Раніцаю 4 кастрычніка паблізу Фаніпалю ў Дзяржынскім раёне пасажырскі аўтобус Варшава – Менск сутыкнуўся з мотакарам і легкавым аўтамабілем. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце.

Аварыя каля Фаніпалю.
Фота: Onliner / Telegram

У аўтобусе былі два кіроўцы і 61 пасажыр – як грамадзяне Беларусі, так і замежнікі. У выніку ДТЗ пацярпелі 15 чалавек, сямёра з іх застаюцца ў шпіталі. Астатнім медычную дапамогу надавалі на месцы.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 КК («Парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула праз неасцярожнасць прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»).

Аварыя каля Фаніпалю.
Фота: Onliner / Telegram

Паводле Міністэрства аховы здароўя, з сямёх шпіталізаваных шасцёра застаюцца ў цяжкім і сярэднім цяжкім стане са спалучанымі траўмамі. На месцы аварыі працуюць сем брыгадаў хуткай дапамогі, у тым ліку дзве рэанімацыйныя.

У выніку аварыі пасажырскі аўтобус і мотакар перакуліліся.

Аварыя каля Фаніпалю.
Фота: Onliner / Telegram
Каментар
Праз тры тыдні пасля аварыі беларускага аўтобуса ў Польшчы. Як справы ў пасажыраў
2022.09.28 20:22

Гэта ўжо не першы выпадак аварыі за апошні час з пасажырскімі аўтобусамі, што курсуюць паміж Беларуссю і Польшчаю. Гэтак, раніцаю 6 верасня ў польскай вёсцы Пётравіна за 70 кіламетраў ад Варшавы беларускі аўтобус вылецеў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. У ім ехалі 45 пасажыраў і 2 кіроўцы. Кіроўца страціў кантроль над кіраваннем, у выніку чаго аўтобус перакуліўся. З месца ДТЗ  39 чалавек адвезлі ў найбліжэйшыя польскія шпіталі. Адну з пасажырак, 17-гадовую дзяўчыну, пасля здарэння транспартавалі верталётам у Варшаву, бо было падазрэнне на зламанне сківіцы.

Таксама раніцаю 13 жніўня каля вёскі Хромна Мазавецкага ваяводства Польшчы перакуліўся рэйсавы аўтобус з Беларусі. Аўтобус з 47 пасажырамі з’ехаў з дарогі і зваліўся ў кювет, потым перакуліўся. Аўтобус ехаў у Познань праз Варшаву.

Hавiны
Беларускі рэйсавы аўтобус трапіў у аварыю ў Польшчы
2022.08.13 11:36

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў