Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць


Беларускія кампаніі ў Польшчы прысутнічалі даўно, але апошнім часам іх колькасць расце імкліва. Гэтаму спрыяе палітычны і эканамічны крызіс у Беларусі, звязаны з палітычнымі рэпрэсіямі ўдзельнікаў пратэставага руху і вайною ва Украіне. Апроч таго, польскі бізнес-клімат, і без таго прывабны для беларусаў, апошнім часам робіцца яшчэ больш прыязны. У Польшчы ствараецца пэўная інфраструктура, скіраваная на беларускіх бізнесоўцаў, якія пасля пераезду атрымліваюць шанец працаваць не толькі на польскім, але і міжнародным рынку.

Карэспандэнт «Белсату» высвятляў, ці ўсё так гладка ў беларускіх бізнесаў, якія пераехалі ў Польшчу.

Колькі ў Польшчы беларускіх кампаніяў

Колькасць беларускіх кампаніяў на польскім рынку апошнім часам пачала павялічвацца даволі хутка. Калі ў 2018 годзе ў Польшчы з’явілася 313 новых кампаніяў з беларускім капіталам, то ў 2020 годзе ўжо 462, а ў 2021-м адразу 912, яшчэ 437 кампаніі дадаліся сёлета па выніках пяці месяцаў. За пяць апошніх гадоў агульная колькасць новых кампаніяў беларускага паходжання склала больш за 4000.

Дзмітрый Данільчук, кансультант Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве, размаўляе з журналістамі ў сядзібе польскага Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«2022 год яшчэ не скончыўся, і мы прагназуем, што сёлета ў Польшчу пераедуць каля адной тысячы кампаніяў з Беларусі, і на наступны год яшчэ не менш за тысячу. Гэты прагноз заснаваны на афіцыйных звестках Польскага цэнтру эканамічнай інфармацыі», – паведаміў «Белсату» каардынатар Беларускага бізнесовага цэнтру (BBC) у Варшаве Дзмітрый Данільчук.

Паводле той жа крыніцы, за пяць мінулых гадоў найбольшая колькасць беларускіх кампаніяў перабралася ў Варшаву (1785), у Беласток (405) і Белую Падляскую (199). У топе польскіх гарадоў, якія найбольш зацікавілі беларускіх прадпрымальнікаў, таксама Вроцлаў, Кракаў, Гданьск, Познань, Лодзь, Пясэчна і Люблін.

Што да галінаў эканомікі, то большасць беларускіх кампаніяў працуюць у будаўніцтве, лагістыцы і перавозках, гуртовым і раздробным гандлі, IT-сферы. Пры гэтым IT-кампаніі самыя багатыя і буйныя. Пакуль што не праводзілі даследавання, колькі рабочых месцаў стварылі беларускія прадпрымальнікі ў Польшчы, але дзеля прыблізнага ўяўлення пра маштаб можна колькасць кампаніяў памножыць мінімум на 10, а ў IT-сектары – нават на тысячы, гэта колькасць працоўных месцаў у кожнай.

Чаму Польшча? BBC дае просты адказ на гэтае пытанне. Суседняя з Беларуссю краіна мае ў 4 разы большую колькасць насельніцтва, у 10 разоў большую эканоміку, і праца на гэтым рынку дае выхад на еўрапейскі ды міжнародны рынкі. Пры гэтым кошт рэсурсаў і працоўнай сілы тут падобны да беларускіх паказнікаў, а эфектыўнасць вядзення бізнесу вышэйшая.

З чаго ўсё пачалося

«У 2020 годзе нашае бізнесовае асяроддзе выглядала па-іншаму, тут было шмат расейскіх кампаніяў. Цяпер жа наш ключавы акцэнт – прыцягваць малы і сярэдні бізнес, які месціцца ў Беларусі, каб яны маглі весці бізнес тут», –  кажа віцэ-прэзідэнт Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) Марцін Навацкі.

Навацкі – адзін з тых, хто даволі ўдала ініцыюе змяненні заканадаўства, каб беларускія прадпрымальнікі здабывалі падтрыманне польскай дзяржавы. Ён мае шчыльныя асабістыя сувязі ў Беларусі, шмат падарожнічаў па ёй апошнімі гадамі. У 2020-м ён асабіста пабачыў, у які цяжкі стан трапіў беларускі прыватны сектар, і, вярнуўшыся ў Польшчу, пачаў рабіць актыўныя захады, каб вядзенне бізнесу на польскім рынку зрабілася больш прывабным для беларускіх рэлакантаў.

Віцэ-прэзідэнт польскага Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Марцін Навацкі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Дзякуючы намаганням ZPP, якія знайшлі падтрыманне ў польскім урадзе, у Польшчы ствараецца экасістэма беларускага бізнесу, скіраваная на хуткую адаптацыю прадпрымальнікаў, якія пастанавілі перанесці бізнес у новую краіну, і на ўзаемную супрацу выхадцаў з Беларусі. У жніўні 2022 года ў Варшаве пачаў працаваць Беларускі бізнесовы цэнтр, які афіцыйна прэзентавалі 22 верасня.

Хто стварыў BBC у Варшаве

«Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы адыграў значную ролю ў стварэнні нашага бізнесовага цэнтру ў Варшаве. Яны нават тэрытарыяльна побач з намі. У ZPP убачылі складанасці, з якімі сутыкнуліся беларускія прадпрымальнікі ў сябе на радзіме, і вырашылі дапамагчы. Нават частку сваіх супрацоўнікаў – юрыстаў, бізнесовых кансультантаў – далі нам, каб мы маглі кансультаваць кампаніі ды бізнесоўцаў, якія вырашылі перанесці бізнес у Польшчу», – кажа Дзмітрый Данільчук.

ZPP выступіў асноўным фундатарам стварэння Беларускага бізнесовага цэнтру ў Варшаве. Але ў польскага аб’яднання прадпрымальнікаў знайшліся і міжнародныя паплечнікі. Фінансава і стратэгічна падтрымалі стварэнне варшаўскага BBC агенцтва USAiD і міжнародная сетка падтрымання прадпрымальнікаў «PYXERA Global». Дзеля дапамогі беларускім прадпрымальнікам яны рэалізуюць праект «INNOVATE». Паводле ацэнкі дырэктаркі USAіD для Беларусі Джэны Тэйчмэн, беларускае прадпрымальніцтва эфектыўна развівалася і ў Беларусі, аднак Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб развіццё спынілася.

«Цяпер такая магчымасць для беларускіх прадпрымальнікаў ёсць у сумежных з Беларуссю краінах і, у прыватнасці, у Польшчы. Мы працягваем падтрымліваць развіццё беларускага прыватнага прадпрымальніцтва», – заявіла Джэна Тэйчмэн падчас афіцыйнага адкрыцця BBC.

Яшчэ адзін удзельнік стварэння польскай экасістэмы для беларускіх прадпрымальнікаў – Беларуская супольнасць бізнесоўцаў (БСБ). Першапачаткова яе стварылі і зарэгістравалі беларусы ва Украіне, афіцыйнае адкрыццё адбылося 24 лютага, у дзень нападу Расеі на Украіну. Як паведаміла «Белсату» сустваральніца БСБ Наталля Красько, прадстаўнікі супольнасці працуюць цяпер у Кіеве, а таксама ў Варшаве і Вільні. У яе складзе больш за 150 беларускіх кампаніяў.

Наталля Красько сярод наведнікаў Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве падчас яго адкрыцця (справа).
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Красько лічыць надзвычай важным стварэнне бізнесовага цэнтру: «Калі мы кажам пра стварэнне экасістэмы беларускага бізнесу, то добра, што з’явіўся BBC. Павінна быць нейкая адзінае месца, куды мы прыходзім, знаходзім аднадумцаў і патэнцыйных партнёраў, дзе разам ствараем і рэалізуем праекты, атрымліваем кансультацыі, вучымся рабіць усё максімальна эфектыўна. Насамрэч адкрыць рахунак і юрыдычную асобу ў Польшчы даволі проста. Але ж гэта толькі пачатак. Задачы больш высокага ўзроўню – знайсці сваю ідэю для бізнесу, выйсці на сваіх кліентаў з добраю прапановаю, заслугоўваць давер, ствараць рэпутацыю. Дзеля гэтага мы, беларусы, абʼядналіся і супрацоўнічаем з польскімі калегамі і заходнімі партнёрамі».

Вядомы ў Беларусі прадпрымальнік і бізнесовы блогер Аляксандр Кныровіч таксама аптымістычны ў сваіх прагнозах: «Фізічная пляцоўка для таго, каб рэлакавацца і вырашаць свае пытанні, – гэта тое, што трэба. І выдатна, што ZPP ды іншыя структуры гэтую ідэю ініцыявалі і падтрымліваюць. У асяроддзі беларускіх прадпрымальнікаў тут пакуль ідзе пэўнае віраванне, шмат хто толькі пачынае працу на новым месцы. Але пазітыўны настрой ёсць. Цешыць, што беларускія прадпрымальнікі жадаюць яднацца, нешта рабіць разам і заставацца беларусамі».

На што здольная экасістэма для беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы

У Беларускім бізнесовым цэнтры ў польскай сталіцы прадпрымальнікі з Беларусі могуць атрымаць бясплатна кансультацыі для адкрыцця кампаніяў і вядзення бізнесу ў Польшчы ды цягам шасці тыдняў карыстацца двума працоўнымі месцамі ў добра абсталяваным каўоркінгу. BBC у Варшаве скіраваны на падтрыманне малога і сярэдняга бізнесу. Тут могуць паспрыяць кампаніям, што нацэльваюцца на працу ўва ўсіх сектарах польскай эканомікі. Дзеля гэтага дастаткова пакінуць запыт на сайце цэнтру.

У BBC, паводле каардынатара Дзмітрыя Данільчука, гатовыя кансультаваць і IT-кампаніі, стартапы. У верасні правялі імпрэзу з удзелам больш як 40 фаўндараў, і падобная праца працягнецца. Але ў IT-кампаніях, асабліва буйных, і так «усё вельмі няблага»: у іх ёсць свае адмыслоўцы, моцныя каманды менеджараў, аддзелы юрыстаў і нават проста грошы, каб хутка рэлакавацца ў Польшчу ды перавезці сюды сваіх працаўнікоў.

Адкрытая прастора для каўоркінгу ў будынку сядзібы польскага Звязу прадпрымальнікаў у цэнтры Варшавы, дзе размесціцца Беларускі бізнес-цэнтр.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Данільчук падкрэсліў, што найбольшую карысць BBC можа прынесці ўмоўным Пятру і Марыі, якія вялі дзейнасць у Беларусі, а цяпер жадаюць працаваць у Польшчы: «Ім спатрэбіцца прайсці вялікі і складаны шлях, і мы гатовыя дапамагчы на гэтым шляху, пачынаючы з адкрыцця юрыдычнай асобы. Вядома ж, мы не маем рэсурсу запоўніць дакументы ўсім тысячам кампаніяў, што сюды едуць, але мы ў стане падказаць і навучыць. Дзеля гэтага кансультуем індывідуальна і праводзім шматлікія канферэнцыі ды семінары ўва ўсіх аспектах бізнесу ў Польшчы і ЕЗ».

Канкурэнцыя, інвестыцыі ды іншыя выклікі для беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы

Паводле Наталлі Красько, першае, пра што думаюць беларускія прадпрымальнікі, пераязджаючы на новае месца, – як зарэгістраваць юрыдычную асобу, дзе тут падатковая інспекцыя, якія падаткі, як і калі плаціць: «Я ведаю пра гэтыя перажыванні са свайго досведу і з досведу калегаў. Але гэта тэхнічныя моманты, найперш трэба думаць, што ты можаш даць польскаму рынку і спажыўцам, трэба знайсці сваю нішу». Важны момант – для вядзення справаў у Польшчы трэба наймаць мясцовага бухгалтара, але звычайна такія паслугі тут прапаноўваюць праз аўтсорсінг, як і паслугі юрыстаў. Тут няма патрэбы «быць самому сабе юрыстам ці бухгалтарам, з гэтым нармальна даюць рады мясцовыя адмыслоўцы». Складаней знайсці фінансы, бо крэдытная гісторыя, маёмасць і іншыя рэсурсы часам засталіся там, у Беларусі. Шмат хто сутыкаецца з цяжкасцямі ў пошуку грошай, бо арыентуецца на ранейшы досвед, спрабуе ісці праверанымі беларускімі шляхамі.

Паводле Наталлі, прадпрымальнікі прыходзяць у суполку з пытаннямі, дзе ўзяць грошы, як знайсці інвестараў, партнёраў, хто яшчэ, апроч беларусаў, можа быць нашымі кліентамі: «Натуральна, беларусаў тут шмат, і многія гатовыя карыстацца паслугамі і таварамі суайчыннікаў. Спачатку і мы думалі гэтак сама, разлічваючы пазней разам вярнуцца дадому. Але ў адзін момант прыходзіць усведамленне, што польская эканоміка больш маштабная, што межаў з краінамі Еўропы няма, што ты можаш працаваць на рынку ўсяго Еўразвязу і нават усяго свету, без перашкодаў. І некага такое адкрыццё шакуе. Але гэта дадзенасць, правілы гульні на гэтым рынку ад пачатку. То бок трэба мысліць па-іншаму, гэта шанец увайсці ў польскае і еўрапейскае грамадства, зразумець, якімі патрэбамі яны жывуць. І прапаноўваць сваё рашэнне. Вось гэта сапраўдны выклік, а не тое, як плаціць падаткі».

Дзмітрый Данільчук паведаміў, што для адказаў на фінансавыя выклікі ў Польшчы і ЕЗ існуе вялікая колькасць дзяржаўных праграмаў падтрымання малога ды сярэдняга бізнесу. А банкаўскі фармат – сапраўды больш складаная рэч. Аднак некаторыя польскія банкі гатовыя працаваць з беларускімі бізнесоўцамі і без крэдытнай гісторыі ці кансультуюць, як яе пацвердзіць на грунце дзейнасці ў Беларусі. Нядаўна адной кампаніі эксперты BBC дапамагалі знайсці польскіх інвестараў, і ўсё атрымалася.

«Нельга сказаць, што банкі некага з парогу разварочваюць, – кажа Дзмітрый Данільчук. –  Тут больш ацэньваюць не столькі тое, як ты кіраваў раней кампаніяй, а тое, наколькі цікавую для рынку ідэю збіраешся рэалізаваць цяпер».

Данільчук лічыць, што створаная экасістэма дапаможа прадпрымальнікам знаходзіць «свае тэмы» праз нэтўоркінг, праз стасункі з іншымі прадпрымальнікамі, праз паглыбленне ведаў пра Польшчу і Еўразвяз ды іх эканомікі».

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пэўная колькасць беларускіх прадпрымальнікаў баіцца канкурэнцыі з боку польскіх калегаў. Але Аляксандр Кныровіч лічыць, што такія страхі беспадстаўныя: «Давайце не будзем сябе падманваць. Насельніцтвам і маштабамі эканомікі Польшча значна большая за Беларусь. Тыя беларускія прадпрыемствы, якія сюды пераязджаюць, – гэта кропля ў моры, і гэта ніякая не канкурэнцыя палякам. Тут няма жорсткага канкурэнтнага супрацьстаяння, прынамсі на цяперашнім нашым узроўні. Дапамагаюць і падтрымліваюць – і можа, менавіта таму, што нас тут не так ужо і шмат».

Больш значнымі асабістымі выклікамі для беларускіх рэлакантаў, як лічыць Кныровіч, апроч ужо згаданай «нулявой» крэдытнай гісторыі, застаецца моўны бар’ер, але і гэта вырашаецца з цягам часу:

«Натуральна ж, тут дзяржава падтрымлівае канкурэнтны асяродак, ужывае антыманапольнае заканадаўства. Але ж да манаполіі дарасці мы можам яшчэ толькі марыць. Я лічу, што польскі рынак спрыяльны для працы, гэта эканоміка, якая цяпер расце, і ў яе аграмадны патэнцыял».

Тым не менш кейсаў заўважнага поспеху сярод бізнесовых рэлаканатаў новай хвалі ў Польшчы пакуль няма. «Ёсць кампаніі, якія працуюць восем і больш гадоў, у іх ёсць поспех, – адзначае Кныровіч. – А людзі кшталту мяне, нягледзячы на ўвесь свой мінулы досвед і маштабы, пачынаюць з нуля, мы толькі на пачатковай стадыі. Але тое, што я тут бачу, дае падставы да аптымізму. Яшчэ трэба шмат папрацаваць. Але аптымізм ёсць, бо тут спрыяльная і бізнесовая культура, і культура стасункаў, і культура ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы».

Адзінае выключэнне – рэлакацыя IT-кампаніяў. Там поспех ёсць. «Яны ад пачатку працавалі на міжнародных рынках, і IT-кампаніям няма асаблівай розніцы, дзе працаваць – у Беларусі, Казахстане ці Польшчы. Абы было бяспечна і не цярпела рэпутацыя».

Беларускія бізнесоўцы перабіраюцца не толькі ў Польшчу

Паводле Офісу Святланы Ціханоўскай, за першую палову 2022 года ў Беларусі знікла каля 6000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, большасць з іх пакінула краіну. Найчасцей пераязджалі ў Польшчу, дзе для беларускага бізнесу – спрошчаны візавы рэжым і праграмы падтрымання накшталт «Poland Business Harbour». Офіс Ціханоўскай і ABBA падлічылі: са жніўня 2020 года да чэрвеня 2022-га беларусы зарэгістравалі ў Еўразвязе больш за 2000 кампаніяў, з якіх 1639 – у Польшчы, яшчэ каля 200 – у Літве. Таксама ў Еўразвязе за гэты перыяд з’явілася каля 2000 беларускіх прадпрымальнікаў і стартапаў.

Разам гэтыя 4000 адзінак – толькі 1 % ад колькасці фірмаў і прадпрымальнікаў Беларусі. Але страты відавочна большыя. Праз бюракратычныя працэдуры Беларусі фірмы могуць доўга заставацца на стадыі ліквідацыі або без фактычнай дзейнасці. Акрамя таго, беларусы ехалі і ў краіны па-за Еўразвязам: хтосьці – у Арменію ці Грузію, хтосьці застаўся ва Украіне, нягледзячы на вайну.

Рэпартаж
«Не трэба звышпадтрымкі, проста не дыскрымінуйце». Беларускія бізнесоўцы сабраліся на форум у Польшчы
2022.09.20 11:07

Адно з вострых пытанняў, якія часам задаюць і кіраўніцтву ZPP, і каардынатарам BBC: ці не выглядае падтрыманне прадпрымальнікаў з Беларусі падтрыманнем рэжыму Лукашэнкі? Некаторыя кампаніі ўжо маюць бізнес у Польшчы, але працягваюць працу і Беларусі. Дзмітрый Данільчук кажа, што «няма і не будзе такой умовы для адкрыцця бізнесу ў Польшчы, праз абавязковае закрыццё дзейнасці ў Беларусі».

«Гэта не справядліва – патрабаваць ад кампаніяў і прадпрымальнікаў махнуць рукой на ўсе высілкі, якія яны шмат гадоў прыкладалі, каб развіваць бізнес на беларускім рынку», – зазначыў Дзмітрый.

У пытанні падтрымання бізнесоўцаў і BBC, і ZPP, і польская дзяржава салідарныя, і яно будзе працягвацца, нават калі беларускія прадпрымальнікі вернуцца дадому пасля паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Але гэта будуць ужо прадпрымальнікі з новым досведам, здольныя працаваць на міжнародным рынку, людзі, якія мысляць шырэй за межы адной краіны.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў