Як расказаць пра парушэнне сваіх правоў Управе вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека


Управа вярхоўнага камісара Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у справе правоў чалавека збірае звесткі пра парушэнні і катаванні ў Беларусі, якія адбываліся з 1 траўня 2020 года. Да 15 снежня 2021 года Управе можна расказаць сваю гісторыю, для гэтага стварылі бяспечную электронную форму.

Марш герояў
Ілюстрацыйная выява. Затрыманне пратэстоўца. Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Увесну 2021 года Управы вярхоўнага камісара ААН, якая займаецца пытаннямі правоў чалавека, абвясціла аб стварэнні адмысловай місіі. У межах гэтай місіі будуць разглядаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Вывучэнне парушэнняў дазволіць больш эфектыўна задзеяць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і, спадзяюцца ва Управе, паспрыяць зніжэнню ці спыненню палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Хто і пра што можа расказаць

Запоўніць форму і расказаць пра парушэнні правоў могуць не толькі ахвяры злачынстваў, але і іншыя асобы і арганізацыі – трэба толькі пазначыць свае адносіны з ахвярай. Можна пазначыць, каб у публічным дакладзе гэтая інфармацыя не падавалася або падавалася ананімна (тады варта апісаць прычыны, з якіх інфармацыя не можа быць агучаная). Спампаваць інструкцыю можна вось тут.

Расказаць можна пра незаконныя забойствы, катаванні, напады і запалохванні, празмернае ўжыванне гвалту, незаконнае выгнанне з краіны, парушэнні правоў на мірныя сходы і на свабоднае выказванне думкі, парушэнні культурных правоў, у ліку якіх таксама адукацыя на беларускай мове… Некаторыя пункты ў спісе вымагаюць дадатковага тлумачэння:

  • Гвалтоўныя знікненні. Гэта ў тым ліку «законнае» затрыманне, арышт, выкраданне ці пазбаўленне волі прадстаўнікамі дзяржавы ў выпадку, калі факт пазбаўлення волі не прызнаюць, звесткі пра месцазнаходжанне і лёс зніклага ўтойваюць. Пункт 4 арт. 507 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі дае права паведаміць сваякам і блізкім родным аб затрыманні.
  • Незаконныя затрыманні. Фармальна затрыманне можа выглядаць «у межах закону», але не можа быць апраўданае нейкай прававой падставай. Таксама пад гэты пункт падпадае пазбаўленне волі ў сувязі з рэалізацыяй правоў і свабодаў, гарантаваных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, або пазбаўленне волі з дыскрымінацыяй паводле мовы, грамадзянства, паходжання, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў. Поўны спіс крытэраў незаконнага затрымання тут.
  • Парушэнне права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Да гэтага адносяцца катаванні, жорсткае або бесчалавечнае абыходжанне, незаконнае ўмяшанне ў асабістае ці сямейнае жыццё, незаконнае пасяганне на недатыкальнасць жытла або таямніцу карэспандэнцыі, пасяганне на рэпутацыю і годнасць.
  • Парушэнне права на свабоду асацыяцыяў. Гэта ў тым ліку парушэнне права стварыць прафсаюз або далучыцца да яго.
  • Вымушаны выезд з краіны жыцця. Гэта можна пазначыць як «іншыя парушэнні правоў чалавека». Пад вымушаным разумеюць у тым ліку выезд пад пагрозай незаконнага арышту, у выніку сачэння, псіхалагічнага ціску, страты працы або месца навучання, пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў – у выпадках, калі той, хто з’ехаў, лічыць, што не меў іншага выбару, акрамя як уцякаць з краіны.
  • Іншыя парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў. Сярод распаўсюджаных у Беларусі адзначаюць прымус да абавязковай працы кшталту суботнікаў, прымус да давання паказанняў супраць сябе або прызнанне сябе вінаватым, парушэнне права браць удзел у дзяржаўных справах наўпрост ці праз законных прадстаўнікоў, парушэнне права галасаваць і быць выбраным, паўторны прысуд за тое, за што чалавек ужо быў канчаткова асуджаны або апраўданы.

Як здабыць форму і куды яе высылаць

Для доступу да формы раяць карыстацца браўзерам з дадатковымі захадамі бяспекі: напрыклад, браўзерам «Opera», у якім можна ўключыць VPN у наладах (адпаведны пункт наладаў адкрыецца па гэтай спасылцы) і адкрыць новае вакно ў прыватным рэжыме (на «Windows» спрацуе камбінацыя клавішаў Ctrl + Shift + N).

З уключаным VPN і ў прыватным рэжыме трэба спампаваць форму па гэтай спасылцы. Запоўненую форму трэба запампаваць сюды (клікнуць на надпіс «Click to select files or use drag & drop to upload» і выбраць файл з запоўненай формай). Туды ж можна запампаваць дадатковыя матэрыялы, як то фота і відэа або дакументы аб парушэнні, але тады файлы трэба назваць так, каб было зразумела, што яны адносяцца да адной справы (напрыклад, zatrymannie-9-zniunia-ivanou.docx, zatrymannie-9-zniunia-ivanou.jpg і zatrymannie-9-zniunia-ivanou.avi).

У форме пустыя квадраты ў патрэбных пунктах трэба замяніць на нейкі знак – напрыклад, «+». Выява: Белсат

Калі спасылка на форму з нейкай прычыны не працуе, трэба зайсці на сайт Рады ААН у справе правоў чалавека па гэтай спасылцы (або, калі не працуе і гэта, зайсці на ohchr.org і праз пошук знайсці там «Belarus examination call», перайсці да пункту «Call for submissions»). Тэкст на гэтай старонцы будзе па-ангельску, але форма, якую можна запоўніць, ёсць на расейскай мове (трэба клікнуць на надпіс «русский»).

У выпадку іншых пытанняў можна пісаць на адрас OEB@ohchr.org (для гэтага рэкамендуюць завесці паштовую скрыню на бяспечных сэрвісах кшталту Tutanota, Hushmail ці Virtru.com).

Аб’ектыў
Беларускае пытанне на Генеральнай Асамблеі ААН і ў Хельсінскай камісіі
2021.09.22 22:32

На што звярнуць увагу ў апісанні парушэнняў

Ва Управе просяць дэталёва апісаць асобаў і арганізацыі, адказныя за парушэнні. Калі немагчыма вызначыць, прадстаўнік якой арганізацыі чыніў парушэнні, варта апісаць любыя апазнавальныя знакі, нават колер уніформы і знакаў адрознення.

Ілюстрацыйная выява. Калі ў парушэнні бралі ўдзел байцы без апазнавальных знакаў, варта апісаць іх форму, асаблівыя прыкметы і арсенал. Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Калі ў Беларусі ахвяра парушэння спрабавала шукаць справядлівасць праз звароты ў дзяржаўныя органы і суды, трэба пазначыць, якія то былі органы і якія былі вынікі зваротаў.

Пры апісанні інцыдэнту важна пазначыць дакладнае месца і дату, колькасць і тып ахвяраў, а таксама кантэкст здарэння, меркаваны матыў парушальнікаў. Таксама важна апісаць наступствы парушэнняў, звярнуць увагу на ўзроставы і гендарны складнік – напрыклад, на тое, як парушэнні па-рознаму паўплывалі на пажылых, дзяцей, жанчын.

АА belsat.eu

Стужка навінаў