Павышаная ўвага Крамля, пагражае да 12 гадоў зняволення. Што трэба ведаць пра «справу Мажэйкі»

4 кастрычніка мінула 72 гадзіны з часу затрымання журналіста газеты «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзя Мажэйкі – аўтара зацемкі пра Андрэя Зельцара. Ён застаецца пад вартай. Belsat.eu распавядае, што вядома пра «справу Мажэйкі» на цяперашні момант і чаму сітуацыя вакол «КП в Беларуси» выклікае павышаную ўвагу Крамля.

Хто такі Генадзь Мажэйка

Генадзь Мажэйка. Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Генадзь Мажэйка працуе ў «КП в Беларуси» з 2009 года, калегі характарызуюць яго як цудоўнага і вельмі вясёлага чалавека, які «на любой вечарыне быў душой кампаніі».

У газеце ён асвятляў аўтамабільную тэматыку, пісаў пра авіятранспарт, тэхналогіі і энергетыку, а таксама займаўся профільнымі расследаваннямі.

«Ён рабіў вельмі цікавыя, эксклюзіўныя матэрыялы. Напрыклад, падборкі аб элітных аўтамабілях Лукашэнкі, ягоных рэзідэнцыях. І гэтыя артыкулы вельмі добра разыходзіліся, добра цытаваліся. Гена быў сапраўдным спецыялістам у гэтай тэме», – распавядае belsat.eu калега Мажэйкі Ірына.

Рэдакцыя «КП» накіроўвала Мажэйку на афіцыйныя сустрэчы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, а таксама на паседжанні Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляванню сітуацыі на Данбасе.

Генадзь Мажэйка. Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

У жніўні 2020 года, падчас асвятлення масавых пратэстаў у Менску, Генадзь Мажэйка перажыў напад сілавікоў.

«Гену з фатографам сілавікі дасталі з машыны, пабілі, яму моцна дасталася. Тады яшчэ стаўленне да «Комсомолки» было іншым, рэдакцыя пісала скаргі. Але ніякіх праверак па факце гвалту сілавікоў не праводзілася», – распавядае Ірына.

Генадзь Мажэйка таксама вядомы як фатограф: у 2011 годзе ён заняў другое месца ў фотаконкурсе «Belarus Press Photo» са здымкам кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева падчас выбарчай кампаніі.

Што стала прычынай атакі на «Камсамолку»

Увечары 28 верасня стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Неўзабаве на сайце kp.by з’явілася кароткая зацемка, у якой аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася ўспамінамі пра забітага айцішніка. Тэкст за аўтарствам Генадзя Мажэйкі выйшаў пад загалоўкам «Андрэй быў заўсёды за праўду, мог пастаяць за сябе».

У тэксце не было ацэнак учынку Зельцара ні з боку аўтара, ні з боку суразмоўцы журналіста: аднакласніца казала толькі пра тое, што яна памятае Андрэя як чалавека добрага і смелага. Але такі станоўчы ўспамін супярэчыў падыходу дзяржаўнай прапаганды, якая цалкам дэгуманізавала Зельцара, стварала яму вобраз «пачвары» і «бчб-тэрарыста».

Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»

Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы імгненна пачалі інфармацыйную атаку супраць «КП»: газету і журналістаў аблівалі брудам, абражалі, а матэрыял называлі «одай забойцу».

Загаловак зацемкі амаль адразу быў зменены на больш нейтральны, але гэта не дапамагло: раніцай 29 верасня сайт kp.by усё роўна быў заблакаваны. У Міністэрстве інфармацыі спаслаліся на тое, што газета апублікавала тэкст, які «спрыяе фармаванню крыніцаў пагроз нацыянальнай бяспецы, якая палягае на штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай».

Чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі патлумачылі, чаму заблакавалі сайт «Комсомольской правды в Беларуси»

Праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі заклікаў распачаць крымінальную справу супраць журналіста «КП» за публікацыю зацемкі пра Зельцара. Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сяргеенка хоць і не агучыў назвы выдання, але паабяцаў пакараць нават уласнікаў крамаў, дзе прадаюцца «так званыя баявыя лісткі». Відавочна, што намякаў Сяргеенка менавіта на «КП», бо гэта адзіная недзяржаўная газета, якая дагэтуль працягвае распаўсюджвацца ў друкаваным выглядзе ў Беларусі.

«Папярэджваю вас, уласнікі крамаў, дзе, як вядома, прадаюцца так званыя баявыя лісткі, якія прапагандуюць экстрэмізм, гвалт і злачыннасць, злараднасць, якія называюць сябе журналістамі, і ўсе тыя, хто загуляўся ў «рэвалюцыю» тут і за мяжой: адкажаце перад законам», – сказаў ён.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, у сваю чаргу, паабяцаў пераследаваць «нягоднікаў» незалежна ад таго, дзе яны перабываюць: «На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або хтосьці есць пячэнькі за мяжой, усе будуць знойдзеныя».

У чым вінавацяць Мажэйку

Уначы з 1 на 2 кастрычніка маці Генадзя Мажэйкі патэлефанавалі і паведамілі, што ейны сын – на Акрэсціна. Раней у кватэры журналіста працаўнікі КДБ правялі ператрус на падставе крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») КК. Паводле гэтых артыкулаў Мажэйку можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Самога журналіста падчас ператрусу ў кватэры не было, ён знаходзіўся ў Маскве. «Гэта была не нейкая камандзіроўка або рэдакцыйнае даручэнне, ён зʼехаў у Маскву з асабістымі справамі. Там яго затрымалі», – заявіў 2 кастрычніка галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін. Паводле Сунгоркіна, з Масквы Мажэйку перавезлі ў Менск, дзе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

ІЧУ на Акрэсціна. Фота: Белсат

Усе выходныя ўлады Беларусі ніяк не каментавалі сітуацыю са знікненнем журналіста, яны нават не пацвярджалі сам факт затрымання. «Афіцыйнай інфармацыі няма… У нас знік чалавек, а мы не ведаем, дзе ён», – заявіў sputnik.by прадстаўнік «КП» Валянцін Алфімаў, якога маскоўская рэдакцыя 4 кастрычніка адмыслова накіравала ў Менск.

«Мы праінфармавалі ўлады Расеі. Далей будзем усё рабіць, што ў нашых сілах, каб вызваліць яго», – заявіў «Интерфаксу» галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін. Ён назваў атаку на выданне «самавольствам». «Справа не ў зацемцы – ёсць палітычнае рашэнне ўладаў Беларусі аб тым, што медыяполе павінна кантралявацца на 100 %, а «Комсомолка» іх не задавальняе», – падкрэсліў ён.

Штаб-кватэры выдавецкага дому «Комсомольской правды». Фота: komi.kp.ru

У панядзелак, 4 кастрычніка, да журналіста ў ізалятар быў дапушчаны адвакат. Як ён распавёў «КП», Мажэйка ў цэлым адчувае сябе добра, на здароўе скаргаў не мае. Цяпер у Генадзя статус падазраванага, вырашаецца пытанне аб ужыванні да яго меры стрымання.

Дзе затрымалі журналіста? Дзве версіі

Беларускія сілавікі ўпершыню афіцыйна пракаментавалі «справу Мажэйкі» толькі ў другой палове дня 4 кастрычніка. Прадстаўнік МУС Аляксей Бягун заявіў, што журналіст быў затрыманы 1 кастрычніка, але не ў Маскве, а на тэрыторыі Беларусі. Паводле ягоных словаў, Мажэйка сапраўды выехаў у РФ і нават хацеў адтуль вылецець у трэцюю краіну, але:

«З улікам прынятага раней расейскімі праваахоўнымі органамі рашэння аб непажаданасці знаходжання на тэрыторыі гэтай краіны яму было адмоўлена ў выездзе з тэрыторыі РФ і было прадпісана выбыць з тэрыторыі дадзенай дзяржавы».

Пасля гэтага, як сцвярджаць у МУС, Мажэйка нібыта вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

Афіцыйная версія выглядае вельмі дзіўна і выклікае шмат пытанняў. Па-першае, калі Мажэйку прызналі «непажаданай асобай» у РФ, то чаму расейскія сілавікі не дазволілі яму выехаць у трэцюю краіну, а абавязалі вярнуцца менавіта ў Беларусь? Чорныя спісы не прадугледжваюць забароны на вылет у трэція краіны – галоўнае, каб чалавек не быў на тэрыторыі, дзе яго лічаць «непажаданай асобай».

Па-другое, незразумела, з якой прычыны журналіста беларускага філіялу расейскага выдання раптам прызналі «непажаданай асобай» у РФ. А калі з нейкіх прычынаў усё ж прызналі і абавязалі вярнуцца ў Беларусь, то чаму нават у Крамлі не ведаюць, быў Мажэйка затрыманы ў Маскве ці не. Расейскія праваахоўныя органы дагэтуль сітуацыі ніяк не пракаментавалі.

Між тым расейскае выданне «Readovka» са спасылкай на свае крыніцы са смаленскай мытні сцвярджае, што Мажэйку на тэрыторыі Расеі затрымлівалі беларускія кадэбэшнікі, яны вывезлі яго ў Беларусь праз пункт пропуску «Красная Горка».

Галоўная рэдактарка расейскага прапагандысцкага медыя «Russia Today» Маргарыта Сіманьян адзначыла, што калі Мажэйку сапраўды выкралі ў Маскве, то гэта ўжо «зусім іншая гісторыя». «Мы чакаем тлумачэння і вызвалення калегі», – заявіла яна.

Любімая газета Пуціна

Расейскія ўлады раскрытыкавалі атаку на «КП в Беларуси». Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў яшчэ да затрымання Мажэйкі заявіў, што абмежаванне доступу да інфармацыі сайту выдання пярэчыць прынцыпу свабоды СМІ.

«Мы катэгарычна не згодныя з гэтым. Мы лічым, што, безумоўна, гэта парушае прынцып свабоды СМІ», – сказаў прадстаўнік Крамля.

Дзмітрый Пяскоў. Фота – kremlin.ru

4 кастрычніка Пяскоў заявіў, што Крэмль чакае спынення блакавання kp.by, але «пакуль няма адчування, што ў Менску чуюць нашу пазіцыю». Ён падкрэсліў, што ў дайджэст для Уладзіміра Пуціна ўключылі інфармацыю пра сітуацыю вакол выдання і пра затрыманне Генадзя Мажэйкі. Пяскоў адзначыў, што такія дзеянні супраць прэсы нельга ўхваляць, але паколькі гаворка ідзе пра грамадзяніна Беларусі, Масква дэ-юрэ не можа абараняць ягоных інтарэсаў.

З заклікам вызваліць Генадзя Мажэйку выступіла Рада правоў чалавека пры прэзідэнце РФ, якая назвала дзеянні ўладаў Беларусі «мэтанакіраваным ціскам на расейскія медыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы». «Прафесійная дзейнасць журналіста не можа быць падставай для пераследу», – падкрэслілі ў РПЧ. Таксама заклікалі вызваліць карэспандэнта «КП» у Саюзе журналістаў Расеі.

Гэта хіба што адзіны выпадак з пачатку беларускага палітычнага крызісу, калі Крэмль адназначна асудзіў рэпрэсіўную акцыю рэжыму Лукашэнкі – нават пераслед расейскіх грамадзянаў не выклікаў такой рэакцыі. Гэта не выпадкова. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў сцвярджае, што «Комсомольская правда» – любімая папяровая газета Пуціна, ён рэгулярна чытае гэтае выданне.

Пуцін падчас перамоваў з Лукашэнкам 9 верасня. Фота: Kremlin.ru

Вядома, што газета «Комсомольская правда» непасрэдна звязаная з атачэннем Пуціна. Найбуйнейшы бенефіцыяр выдавецкага дому «Комсомольская правда» – Сяргей Рудноў, сын сябра Пуціна Алега Руднова. Рудноў-старэйшы вёў бізнес з людзьмі, што ўваходзяць у найбліжэйшае кола расейскага лідара, ён набыў «КП» яшчэ ў 2007 годзе. Пасля ягонай смерці ў 2015 годзе выдавецкі дом перайшоў пад кантроль ягонага сына Сяргея. Сяргей Рудноў, сярод іншага, застаецца намінальным уласнікам вілы пад Выбаргам, якую СМІ называюць неафіцыйнай рэзідэнцыяй Уладзіміра Пуціна.

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны