Паліўны крызіс у Брытаніі. Праявы, прычыны і шляхі развязання


У Вялікай Брытаніі ўжо тыдзень назіраюць маштабны паліўны крызіс. На бензастанцыях – дэфіцыт паліва, што правакуе чэргі і бойкі сярод кіроўцаў. Разбіраемся ў прычынах і шляхах пераадолення паліўнага крызісу ў Злучаным Каралеўстве.

Пачатак паліўнага крызісу

Паліўны крызіс у Вялікай Брытаніі пачаўся яшчэ 23 верасня, калі нафтагазавая кампанія «British Petroleum» прыпыніла дзейнасць некалькіх дзясяткаў сваіх АЗС, патлумачыўшы такое рашэнне нястачаю кіроўцаў бензавозаў. У адказ на гэта звычайныя кіроўцы тэрмінова паехалі запраўляць аўты і набываць бензін у запас. Як вынік – на бензастанцыях утварыліся вялізныя чэргі. Нягледзячы на заклікі ўладаў, сярод кіроўцаў пачалася паніка, якая часам прыводзіла да канфліктаў і боек за месца ў чарзе на станцыях.

Кіроўцы стаяць у чарзе па паліва. Кембрыдж, Вялікая Брытанія. 26 верасня 2021 года.
Фота: Terry Harris / News Licensing / Forum

Ужо на наступны дзень шмат якія АЗС краіны аказаліся без паліва, а частка ўвяла абмежаванні на продаж бензіну. Паведамлялі, што ў мінулыя выходныя з 5,5 тысячы заправак Вялікай Брытаніі пустымі аказаліся больш за 75 %.

Цягам наступнага тыдня сітуацыя на бензастанцыях Вялікай Брытаніі пачала паляпшацца. Паведамлялі, што сярэдні ўзровень паліва на АЗС стабілізаваўся на ўзроўні 20 %, у той час як у выходныя ён падаў да 10 % (нормай у краіне лічыцца ўзровень 43 %).

Больш як напалову скарацілася і колькасць станцыяў, на якіх адсутнічае адзін з відаў паліва: з 1700 у выходныя да 800 у сярэдзіне гэтага тыдня.

З афіцыйнаю заяваю выступіў і прэм’ер-міністр Борыс Джонсан, які звярнуў увагу, што сітуацыя з палівам у краіне стабілізуецца, а таксама заклікаў грамадзянаў не панікаваць і не скупляць бензіну ў запас.

Прычыны паліўнага крызісу

Асацыяцыя раздробных прадаўцоў бензіну Вялікай Брытаніі сцвярджае, што самога бензіну ў краіне дастаткова і цяперашні крызіс разгарэўся найперш праз дзеянні звычайных кіроўцаў, якія пачалі панічна скупляць паліва. У той жа час асацыяцыя падкрэслівае, што першапрычыны паліўнага крызісу варта шукаць у дзеяннях ураду краіны, які не спяшаецца развязваць пытанне з колькасцю кіроўцаў грузавых аўтамабіляў на месцах.

Работнік станцыі накіроўвае аўтамабілі ў чарзе да калонак. Лондан, Вялікая Брытанія. 30 верасня 2021 года.
Фота: HANNAH MCKAY / Reuters / Forum

Са студзеня гэтага года, калі Вялікая Брытанія завяршыла апошні этап брэкзіту, працадаўцы не могуць вольна наймаць еўрапейскіх работнікаў. Вынікам гэтага сталася нястача кіроўцаў цяжкавікоў, у тым ліку і бензавозаў, ладную частку якіх раней складалі грамадзяне краінаў Усходняй Еўропы. Яшчэ ў канцы ліпеня Асацыяцыя аўтаперавознікаў папярэджвала ўлады, што ў краіне бракуе 100 тысяч кіроўцаў цяжкавікоў.

Сітуацыя з кіроўцамі пагоршылася і на фоне пандэміі каронавіруса. Локдаўн у Злучаным Каралеўстве не дазволіў тысячам будучых кіроўцаў здаць тэсты на правы.

Развязанне паліўнага крызісу

У справе пераадолення паліўнага крызісу ў Вялікай Брытаніі зноўку прыйшлі да сітуацыі з брэкзітам, які ў свой час прывёў да маштабных міграцыйных абмежаванняў у краіне. Яшчэ 26 верасня прэм’ер-міністр Борыс Джонсан пайшоў на саступкі бізнесу і санкцыянаваў выдачу 5000 дазволаў на працу ў краіне для кіроўцаў бензавозаў і цяжкавікоў. Аднак гэтыя дазволы будуць дзеяць толькі цягам трох месяцаў – да Калядаў.

Таксама для развязання паліўнага крызісу пастанавілі прыцягнуць і вайскоўцаў. У панядзелак Міністэрства абароны атрымала запыт у межах праграмы «Дапамога войскаў грамадзянскаму насельніцтву», які ў аўторак атрымаў адабрэнне. Паводле запыту, брытанскія вайскоўцы ўжо на гэтым тыдні пачнуць дастаўляць бензавозы на АЗС, але перад гэтым іх падрыхтуюць да кіравання бензавозамі. Аднак для дастаўкі паліва на станцыі плануюць выкарыстаць усяго каля 150 вайскоўцаў.

Вайсковыя адмыслоўцы будуць выкарыстаныя і ў якасці экзаменатараў, што паскорыць атрыманне правоў на кіраванне грузавікамі звычайнымі брытанцамі.

Чарга на заправачнай станцыі ў Стэфардшыры, Вялікая Брытанія. 29 верасня 2021 года.
Фота: CARL RECINE / Reuters / Forum

Таксама Дэпартамент транспарту плануе даслаць мільён лістоў з заклікам да брытанскіх кіроўцаў цяжкавікоў, якія цяпер з нейкіх прычынаў не працуюць. Міністэрства адукацыі ў сваю чаргу інвестуе да 10 мільёнаў на рыхтаванне 3000 новых кіроўцаў. Яшчэ 1000 будучых кіроўцаў плануюць выпусціць на мясцовых курсах адукацыі для дарослых.

ВК, belsat.eu

 

Стужка навінаў