ПЦ «Вясна»: у жніўні па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя 387 чалавек


Улады Беларусь працягваюць актыўна ўжываць крымінальны і адміністратыўны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за жнівень 2022 году, якую падрыхтаваў Праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Крымінальны пераслед апанентаў улады, удзельнікаў пратэсных выступаў і іншадумцаў па-ранейшаму застаецца запатрабаванай уладамі формай рэпрэсій.

Масавы і паўсюдны характар адвольнага пазбаўлення свабоды, непрыкрытая палітычная матывацыя, уцягванне ў гэты працэс следчых, пракурораў і суддзяў вызначае характар цяперашніх падзей і дазваляе ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці», – падкрэслівае ПЦ «Вясна». 

Аўтары дакладу канстатуюць, што колькасць палітвязняў у Беларусі працягвае павялічвацца. За жнівень праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі яшчэ 92 чалавекі.

Артыкулы
За жнівень у «пратэсных» крымінальных справах асуджана як мінімум 98 чалавек
2022.09.02 13:02

Паводле праваабаронцаў, за жнівень па палітычных матывах былі затрыманыя не менш за 387 чалавек. ПЦ «Вясна» вядома пра 162 судовыя працэсы паводле адміністратыўных артыкулаў і пра рашэнні суддзяў па 76 з іх (былі прызначаны 43 арышты і 33 штрафы).

«Праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірных сходах.

Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нялюдскія ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні», – падкрэсліваецца ў справаздачы.

Аналітыка
Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?
2021.10.21 08:30
  • З лета 2020 года ў Беларусі адбываюцца самыя масавыя рэпрэсіі ў найноўшай гісторыі. За гэты час ва ўсёй краіне следчыя органы распачалі больш за 11 000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі і іншадумствам. На дзень 4 верасня 2022 года праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 1322 асобы.
  • З лета 2020 года тысячы беларусаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз палітычна матываваныя адміністратыўныя затрыманні. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў