Лукашэнка не можа здаць суверэнітэт Беларусі. Гэта можам зрабіць толькі мы самі

Вялізная частка медыяпрасторы Беларусі запоўненая абмеркаваннем падпісання дарожных карт. Куды паехаў Лукашэнка? Аб чым яны дамовіліся з Пуціным? Telegram-каналы спаборнічаюць у публікацыях інсайдаў. Аналітыкі спрабуюць інтэрпрэтаваць пазіцыю ног перагаворных бакоў, нагадваючы старажытнарымскіх жрацоў, якія прадказвалі надвор’е, варожачы на вантробах птушак. Праз усе гэтыя паведамленні праходзіць фонам мэсідж пра тое, «што Лукашэнка прадасць Беларусь, калі і за колькі».

На жаль, многія беларусы ўцягваюцца ў абмеркаванне рэчаў, якія ў прыстойным грамадстве і абмяркоўваць-то не варта.

З якіх гэта часоў, мы, беларусы, пачалі лічыць крыніцай нашага суверэнітэту Лукашэнку?

З якіх часоў мы вырашылі, што ад яго залежыць, у якой краіне нам жыць?

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, 14 верасня 2020 года.
Фота: Russian Presidential Press and I / TASS / Forum

Тое, што даравальна абывацелю Сяргей Семёнычу з Фэйсбука, выглядае вельмі дзіўна і нават бянтэжна ад людзей, якія называюць сябе аналітыкамі і палітолагамі.

Калі вы адмаўляеце народу ў суб’ектнасці, калі вы не лічыце яго сілай, здольнай дзейнічаць на палітычнай сцэне, у мяне ёсць пытанні. Па-першае, да якасці вашай адукацыі. Па-другое, да пазіцыі на палітычным полі, якую вы займаеце.

Hавiны
«На дурніцу нічога не дадуць». Абмяркоўваем, як Крэмль прымушае Лукашэнку да «братняй інтэграцыі»
2021.09.03 13:16

Раз за разам, публікуючы артыкулы, даючы інтэрв’ю і запісваючы відэа, якія транслююць вывучаную бездапаможнасць, вы наўмысна альбо па дурасці спрыяеце толькі аднаму субʼекту беларускай палітыкі: таму, хто прайграўшы выбары, вырашыў адыграцца пры дапамозе катаванняў.

Хіба ўпершыню беларусам змагацца за свабоду? Няўжо ў 1514, 1794, 1863, 1918, 1991, 1996, 2010, 2020 нам было лягчэй?

Унікальная ўласцівасць забываць добрыя і падкрэсліваць дрэнныя якасці, распавядаць, што беларусам патрэбна толькі «чарка ды шкварка»… Для мяне зразумела, калі гэта кажуць прапагандысты Азаронак або Мукавозчык. Яны сапраўды хочуць дамагчыся, каб сярод беларусаў засталіся толькі такія (іншай катэгорыяй людзей іх правадыры кіраваць проста не ўмеюць). Але дзіўна такое чытаць ад людзей, якія называюць сябе «прыхільнікамі дэмакратыі».

Да гадавіны падзей пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі дыяспара правяла Марш салідарнасці ў Варшаве. Удзельнікі прайшлі маршам ад станцыі метро «Цэнтрум» да амбасады Беларусі. Па дарозе калона зрабіла прыпынку ля амбасадаў ЗША і Расейскай Федэрацыі. Траса марша расцягнулася амаль на 10 км, а дарога ад цэнтра польскай сталіцы да пасольства заняла прыкладна 3,5 гадзін. Да акцыі далучыўся Павел Латушка. Кіраўнік НАК пракаментаваў бягучую сітуацыю ў Беларусі і заклікаў удзельнікаў акцыі не здавацца. Варшава, Польшча. 8 жніўня 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

У педагогіцы даволі вядомы падыход – ставіцца да выхаванца не як да чалавека, якім ён з’яўляецца сёння, а як да чалавека, якім бы настаўнік хацеў, каб яго выхаванец стаў. Магчыма, гэта добрае правіла працуе не толькі з дзецьмі?

Можна пісаць артыкулы, здымаць відэа, запісваць падкасты пра тое, што беларусы баязлівыя апалітычныя хатаскрайшчыкі, здраднікі і канфармісты. І ў нейкім сэнсе гэта будзе праўдай! Так, сярод нас ёсць такія людзі і часам кожны з нас так сябе такім чынам праяўляе.

Караткевіч і Быкаў ўмелі дакладна заўважаць і крытыкаваць адштурхвае рысы нацыянальнага характару. Але яны ўмелі разгледзець сардэчнасць ахвярнасць, настойлівасць, здольнасць не здавацца пасля серыі няўдач, адкрытасць. Таму яны і сталі тымі, каго можна назваць беларускай элітай – бацькамі нацыі.

Артыкулы
«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»
2021.09.04 08:24

Міхаіл Кірылюк/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў