Затрымалі цэлую сям’ю, асудзілі мёртвага, Аўтуховіч спыніў галадоўку. Рэпрэсіі 4 жніўня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 4 жніўня.

Сяргей Петрушэнка, асуджаны на 6,5 года зняволення за публікацыю асабовых звестак сілавікоў.
Фота: spring96.org

Сваякі зняволенага Мікалая Аўтуховіча даведаліся аб ягоным стане здароўя і аб спыненні сухой галадоўкі. Ён пачаў піць вадкасць 1 жніўня – то значыць, трымаў сухую галадоўку 22 дні. Стан здароўя моцна пагоршыўся, пачалі разбурацца ныркі. Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іхным жыццям і здароўю і перадалі спіс адказных за гэта сілавікоў.

За публікацыю асабовых звестак супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС і на 6 з паловай гадоў пазбаўлення волі асудзілі начальніка аддзелу кадастравага агенцтва Сяргею Петрушэнку, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Каментар
Што рабіць, калі палітвязні пачнуць масава выходзіць на волю? Спыталі псіхолага
2022.08.04 10:23

У Берасцейскім абласным судзе вынеслі прысуд 28-гадоваму жыхару Баранавічаў Дзмітрыю Шувалаву: 2 з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» – перадачу здымкаў расейскай вайсковай тэхнікі Telegram-каналу «Nexta».

Музыку гуртоў «Крамбамбуля» і «Pomidor/off» Уладзіслава Плюшчава асудзілі на 2 гады калоніі за «Паклёп», «Абразу прадстаўніка ўлады» і «Незаконнае збіранне або распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці».

Судзяць нават памерлых. У Рэчыцкім раёне прызналі вінаватым у набыцці наркотыкаў Дзмітрыя Усхопава, які памёр у Новы год пасля затрымання. Сваякі сцвярджаюць, што на целе памерлага былі сляды гвалту, але афіцыйная прычына смерці – атручванне алкаголем і марыхуанай (медыкі сумняваліся, што гэта сапраўдная прычына). Сілавікоў, пасля траплення ў рукі якіх памёр Усхопаў, не судзілі.

Тым часам байцы ГУБАЗіК пахваліліся, што затрымалі яшчэ сем чалавек, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, якіх «звязваюць роднасныя сувязі або месца працы». Гаворка, падобна, пра дырэктара вядомага праектнага бюро «ТДТИпроект», ягоную жонку, дачку і ейнага мужа, а таксама супрацоўнікаў «Белгідраўлікі» і «Трэвэл-груп».

Hавiны
У Латвіі беларуса абвінавацілі ў ваенным шпіянажы
2022.08.04 17:17

Таксама 4 жніўня стала вядома, што два дні таму ў Менску затрымалі экскурсавода і журналіста Ігара Хмару. Паводле звестак «Медыязоны», Хмара тады праводзіў бясплатную экскурсію па Серабранцы. Прычыны затрымання невядомыя.

Імаверна, у сілавікоў здараецца і «агонь па сваіх»: у Пінску адправілі на 10 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмізму» чалавека, які заяўляў, што з’яўляецца «пазаштатным супрацоўнікам КДБ», а каментары размяшчаў паводле задання ад «куратара з КДБ».

Праваабаронцы «Вясны» 4 жніўня правялі акцыю каля амбасады Беларусі ў Вільні з патрабаваннем вызваліць старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага і іншых зняволеных праваабаронцаў, а таксама іншых палітвязняў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў