«Праграма-мінімум». Выклік беларускага дыпламата ў МЗС Польшчы паспрыяе вызваленню Слаўнікавай?


Міністэрства замежных справаў Польшчы 4 жніўня выклікала на сустрэчу часовага паверанага Беларусі ў Варшаве Аляксандра Часноўскага, каб выказаць пратэст у звязку з судовым выракам, агучаным дзень раней у Беларусі журналістцы Польскага тэлебачання (TVP) Ірыне Слаўнікавай – 5 гадоў зняволення. «Белсат» паспрабаваў узяць каментар у беларускага дыпламата на выхадзе з польскага МЗС. Вось што з гэтага атрымалася.

Лукаш Ясіна: Не чакаем ад сустрэчы шмат

Раніцаю да журналістаў, якія чакалі прыезду ў МЗС часовага паверанага Беларусі Аляксандра Часноўскага, выйшаў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна. Ён паведаміў, што з беларускім дыпламатам будзе весціся размова не толькі пра жорсткі прысуд у дачыненні журналісткі Ірыны Слаўнікавай, але і пра пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі, пра знішчэнне ў краіне польскіх вайсковых могілак, прапагандысцкія атакі беларускага боку.

Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Фота: PAP / Radek Pietruszka

Адзначыў таксама, што чарговы раз будзе ўзнятае пытанне пра палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута.

«Які атрымаем адказ, невядома. Але звычайна адказ беларускага часовага паверанага палягае ў тым, што, маўляў, агучанае «будзе прынятае да ведама». Ці ў аспрэчванні агучанага, як у выпадку разбурэння польскіх вайсковых могілак у Беларусі.

Мы не чакаем ад гэтай сустрэчы шмат. Але для міністра замежных справаў важна ўжыць усе даступныя дыпламатычныя сродкі, якія маем», – сказаў журналістам Лукаш Ясіна.

Прэс-сакратар МЗС Польшчы падкрэсліў: міністэрства разумее, што адбываецца ў Беларусі, і лічыць, што сітуацыя павінна выглядаць зусім інакш. А таму Польшча працягне выказваць на міжнароднай арэне свой пратэст у звязку з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

«Набліжаецца другая гадавіна сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. І мы будзем гучна і шматкроць паўтараць, што два гады таму ў Беларусі быў патаптаны закон, а лідар беларускага грамадства – Святлана Ціханоўская», – зазначыў прэс-сакратар польскага МЗС.

Часноўскі: без каментароў

Часовы павераны Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі пад’ехаў да будынку МЗС каля 11:00. Хутка прайшоў паўз журналістаў, кінуўшы «пакуль без каментароў».

Часовы павераны Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі ідзе ў МЗС Польшчы.
Фота: Белсат

Сустрэча ў МЗС Польшчы трывала каля 20 хвілінаў. Часноўскі выйшаў у суправаджэнні яшчэ аднаго чалавека і нават не павярнуў галавы ў бок журналістаў. Хуценька заскочыў у аўтамабіль і зʼехаў. Без каментароў.

Каб даведацца падрабязнасці сустрэчы ў польскім МЗС, паспрабавалі званіць у амбасаду Беларусі ў Польшчы – безвынікова.

Эксперт: У нотах пратэсту – больш сімвалізму

Былы часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч патлумачыў журналісту «Белсату», што падобныя выклікі дыпламатаў у МЗС і ноты пратэсту, якія ім уручаюць, могуць набываць нейкую дзейсную сілу толькі ў выпадку, калі абодва бакі зацікаўленыя ў развязанні праблемы.

Павел Мацукевіч.
Фота: Павел Мацукевич / Facebook

«Нота пратэсту, у існасці, – гэта такі дыпламатычны спосаб, каб аднаму боку давесці да другога, што ён з чымсьці не згодны, мякка кажучы. І ступень гэтай мяккасці можа быць рознай. Але галоўнае – «не згодны», «не задаволены», – кажа Павел Мацукевіч.

На ягоную думку, Польшча, выклікаючы ў міністэрства Часноўскага, хоча найперш прадэманстраваць, што яна клапоціцца і прымае дыпламатычныя крокі, каб развязаць пытанне з асуджанай у Беларусі журналісткаю:

«Але звычайна ўва ўсіх гэтых нотах пратэсту больш сімвалізму. Аднак паўтаруся: заўсёды ўсё залежыць ад двух бакоў – ці зацікаўленыя яны нешта рабіць.

Трэба разумець, што нота пратэсту – гэта не канец свету, не скасаванне дыпламатычных стасункаў ці абвяшчэнне вайны. Гэта найперш форма выказвання нязгоды. Дыпламатычны інструмент, каб яе выказаць. Але я не ўпэўнены што ў польскага боку, калі ён выклікаў беларускага дыпламата ў МЗС, была ўпэўненасць, што такім чынам яны развяжуць праблему. Аднак павінны былі гэта зрабіць. Гэта як праграма-мінімум».

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку TVP і намесніцу старшыні БАЖ Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Каб ноты пратэсту выконвалі не толькі функцыі «дэманстрацыі незадаволенасці і заклапочанасці», краіна, якая выказвае нязгоду, павінна мець і іншыя інструменты ўплыву ды ціску для развязання сітуацыі. «І пытанне ў тым, ці ёсць яны», – падсумоўвае эксперт.

  • Гомельскі абласны суд 3 жніўня вынес вырак журналістцы Польскага тэлебачання (TVP) Ірыне Слаўнікавай. Журналістку прызналі вінаватай у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання ды прысудзілі ёй да 5 гадоў калоніі. Нязгоду з такім прысудам выказала кіраўніцтва каналу TVP.
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала адмяніць прысуд Ірыне Слаўнікавай.
  • На вырак журналістцы адрэагаваў прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі, які назваў прысуд Ірыне Слаўнікавай непрымальным і паабяцаў, што ён сустрэне «неадкладную, рашучую рэакцыю Польшчы на ​​міжнародным узроўні».
Меркаванні
Ірына Слаўнікава. 5 гадоў зняволення за прафесійную і людскую годнасць
2022.08.03 22:43

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў