Па Данецку нанеслі загадкавы ўдар. «ДНР» вінаваціць Украіну, украінцы заўважаюць: «труп» рухаецца


Украінскі бок кажа, што ў такіх ударах няма сэнсу. Украінскія медыі лічаць, што відэа ўдару пастановачныя.

Наступствы выбуху ў цэнтры Данецку, Украіна. 4 жніўня 2022 года. Кадр з відэа: Київ оперативний / Telegram

Ранкам 4 жніўня ў цэнтры Данецку быў выбух – меркавана, ракетны ўдар. На відэа расейскіх прапагандыстаў бачны пашкоджаны будынак гатэлю «Донбас Палас».  Паводле заяваў сілаў абароны самаабвешчанай «ДНР», загінулі шэсць чалавек, параненыя яшчэ сем.

Удар адбыўся перад запланаванай у тэатры паблізу цырымоніяй развітання з загінулай камандзіркай аднаго з фармаванняў «ДНР» Вольгай Качурай (пасмяротна ўзнагароджанай Уладзімірам Пуціным званнем «Героя Расеі»).

Расейскія медыі і сілы «ДНР» вінавацяць у абстрэле Украіну і адзначаюць, што такіх удараў па гэтым раёне не было за ўсе восем гадоў узброенага канфлікту. РИА «Новости» сцвярджае, што на месцы ўдару знайшлі аскепкі «натаўскіх» боепрыпасаў калібру 155 мм.

Украінскі бок абвяргае сваю датычнасць. Так, дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што «па Данецку б’юць толькі самі расейцы або карпусы народнай міліцыі непрызнаных крымінальных рэспублік». Ён патлумачыў, што наносіць такія ўдары бессэнсоўна, бо Украіне неабходна разбураць толькі склады паліва, склады зброі і аператыўна-тактычныя штабы.

Тым часам украінскія медыі звяртаюць увагу на відэа расейскіх прапагандыстаў: адна з нібыта загінулых рухае галавой. Украінскія медыі лічаць, што відэа пастановачныя.

Гэта не адзіны дзіўны абстрэл на Данбасе за сёння. Сілы «ДНР» таксама заявілі аб удары Збройных сілаў Украіны некалькіх іншых раёнах Данецку і па папраўчай калоніі – у выніку апошняга ўдару нібыта загінуў 42-гадовы зняволены, пацярпелі два чалавекі. «ДНР» заяўляе, што ў той калоніі не ўтрымлівалі ўкраінскіх палонных.

Украінскі бок жа заяўляе, што днём 4 жніўня расейцы нанеслі ўдар па аўтобусным прыпынку ў Тарэцку, што ў Данецкай вобласці: кажуць пра прынамсі восем загінулых, з якіх тры – дзеці. Расейскі бок вінаваціць ва ўдары ЗСУ.

Hавiны
На Данбасе абстралялі турму. ЗСУ заяўляе аб спробе Расеі схаваць расстрэлы ўкраінскіх палонных
2022.07.29 14:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў