Нацбанк бунтуе? Калаур сказаў, што банкі больш не вынесуць рызыкаў неплатаздольных прадпрыемстваў


Цытата пра гэта чамусьці знікла з сайта дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Праблема не знікла.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Павел Калаур. Кадр з відэа: БелТА / Youtube

Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Павел Калаур заявіў 4 жніўня на паседжанні Берасцейскага аблвыканкаму, што існуе праблема з платаздольнасцю прадпрыемстваў, якія набралі крэдытаў:

«Банкі ўжо, можна сказаць, вычарпалі ліміт прыняцця на сябе рызыкаў па неплатаздольных прадпрыемствах. Таму тут застаюцца толькі дзве ўмовы: альбо гарантыі ўраду, альбо гарантыі аблвыканкаму».

Гэтую заяву шэраг медыяў распаўсюдзіў са спасылкай на дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Але на сайце БелТА такой цытаты ўжо няма. Ды гэтыя словы са спасылкай на БелТА публікуе, напрыклад, дзяржаўная газета «Звязда» (архіўная копія на выпадак выдалення цытаты).

Калаур таксама казаў, што ў Беларусі няма праблемаў з рэсурсамі на крэдытаванне, каля 30 % крэдытаў выдаюцца на льготнай аснове пад стаўку 6 %.

На 2022 год урад запланаваў аб’ёмы дырэктыўнага (прымусовага) крэдытавання ў памеры 589,64 млн рублёў. Акрамя таго, «Банк развіцця» мае выдаць яшчэ 907,6 млн рублёў на дзяржаўныя праграмы.

Праблема прымусовага крэдытавання стратных і неплатаздольных прадпрыемстваў даўняя. Напрыклад, «Эканамічная газета» яшчэ ў 2019 годзе пісала, што неплатаздольнасць і стратнасць дзяржаўных прадпрыемстваў настолькі сур’ёзная, што пагражае дэфолтам (у 2022 годзе дэфолт адбыўся, але праз санкцыі). У 2021 годзе аб’ём запазычанасці дзяржаўных прадпрыемстваў, якія «маюць абмежаваныя магчымасці самастойнага абслугоўвання доўгу», ацэньвалі ў 14 % валавага ўнутранага прадукту.

Аналітыка
Дэфіцыт бюджэту за два месяцы вырас амаль удвая. Наколькі гэта небяспечна для эканомікі краіны?
2022.08.02 15:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў