На запіс аўдыякнігі зняволенага філосафа Мацкевіча пачалі збор грошай


Для выдання трэба сабраць € 3500. Тым, хто падтрымае праект, у снежні абяцаюць прыслаць першыя запісаныя часткі аўдыякнігі.

Кніга Уладзіміра Мацкевіча «Свабода і мысленне». Графіка: Белсат

На платформе «Kickstarter» распачаўся збор грошай на зборнік «Свабода і мысленне: эсэ аб грамадзянскай супольнасці» зняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Агулам трэба сабраць € 3500, ахвяраваць можна любую суму ад 1 €. Кніга будзе распаўсюджвацца бясплатна, але тым, хто ахвяруе грошы, часткі кнігі прышлюць раней, чым выйдзе цэлая кніга.

Кніга расказвае пра тое, што такое грамадзянская супольнасць і як яна ўплывае на падзеі ў краіне, ці могуць беларусы аб’яднацца дзеля агульнай справы і якія якасці патрэбныя для процістаяння сучасным пагрозам.

«Хоць кніга складаецца з тэкстаў, апублікаваных у Facebook-блогу філосафа да рэвалюцыйных падзеяў 2020 года, яна дапаможа глыбей асэнсаваць і тое, што адбылося за апошнія два гады, і цяперашнюю сітуацыю», – пішуць стваральнікі праекту.

Голасам кнігі мае стаць былы актор Купалаўскага тэатру Алег Гарбуз. Прадзюсар і гукарэжысёр – Жэня Дзячак. Рэдактар кнігі – культурны аналітык Максім Жбанкоў. Тэхнічную рэалізацыю збіраецца ўзяць на сябе платформа «Нацыя лідараў».

Адначасова з гэтым праектам запусціўся іншы, прысвечаны Мацкевічу: сайт Matskevich.org, на якім сабраныя ягоныя кнігі, курсы, падкасты, лекцыі і выступы, а таксама ягоная біяграфія і навіны пра зняволенага.

Артыкулы
Філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму
2022.07.20 11:22

Сябра каманды збору і выпускніца «Лятучага ўніверсітэту» Анастасія Дарафеева расказвае «Белсату»: ідэя нарадзілася ў адным з чатаў актывістаў, якія ўдзельнічалі ў інфармацыйнай кампаніі падчас галадоўкі Мацкевіча. Абмяркоўвалі, хто што чытаў з работаў Мацкевіча – і падумалі, што «Свабода і мысленне» добра тлумачыць некаторыя рэчы, якія цяпер адбываюцца, і што такую было б добра зрабіць у фармаце аўдыякнігі, каб людзі маглі слухаць яе, напрыклад, у дарозе.

«Яна, па-першае, актуальная, а па-другое, даволі простая для ўспрымання ў параўнанні з іншымі кнігамі Мацкевіча, і яна структуруецца на часткі, таму яе можна слухаць не цалкам за раз, – тлумачыць Дарафеева. – Але простая – не значыць для школьнікаў.

Я б сказала, аўдыторыя, на якую разлічаная гэтая кніга, гэта актыўныя людзі, грамадзянскія актывісты і тыя, хто хоча разабрацца, мае жаданне дзейнічаць. А каб дзейнічаць, трэба будаваць стратэгію, а каб будаваць стратэгію, трэба разабрацца ў тым, што адбываецца. Гэта тыя, хто хацелі б сваю карціну свету трошкі сістэматызаваць: не са спецыяльнай адукацыяй ці падрыхтоўкай, а з жаданнем разабрацца».

На такую кнігу, мяркуе яна, цяпер вялікі запыт супольнасці людзей, якія «прачнуліся» ў 2020 годзе. Запыт ёсць і на палітычную адукацыю – а пры тым шмат у каго брак часу на тое, каб сядзець і чытаць.

Уладзімір Мацкевіч. Скрыншот з праграмы «Размова». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Праект запусцілі ў гадавіну затрымання Мацкевіча: з 4 жніўня 2021 года філосаф у зняволенні. Праз два дні яго прызналі палітычным зняволеным. Яго падазраюць у «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «Абразе прэзідэнта» і «Стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім».

Мацкевіч абвясціў галадоўку 3 лютага – патрабаваў змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і нарэшце прызначыць дату суду. 15 лютага ён перайшоў на сухую галадоўку, але 16-га спыніў галадаванне пасля моцнага пагаршэння здароўя і наступнай сустрэчы са следчым.

Суд над ім пачаўся 9 чэрвеня, а 23 чэрвеня ў Менскім абласным судзе абвясцілі прысуд – 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Працэс над ім праходзіў у закрытым рэжыме.

Hавiны
Святлана Мацкевіч: Мне б паплакаць, але Уладзімір заклікаў не маўчаць
2022.06.23 23:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў